Апошні вечар літургічнага года, так званыя “андрэйкі”, моладзь нашай парафіі традыцыйна праводзіць разам. Таму 28 лістапада маладыя людзі сабраліся са сваімі душпастырамі ў суседняй парафіі Маці Божай Будслаўскай.
Ксёндз канонік Францішак Рудзь і ксёндз Аўгуст Калясінскі гасцінна прынялі нас і стварылі цудоўную кампанію, далучыўшыся да ўдзелу. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі спусціліся ў дольны касцёл, дзе народнымі танцамі распачалася цікавая праграма. Яе асноўнай часткай у гэты раз стала інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?».
Змагаліся за перамогу чатыры каманды: тры моладзевыя і адна святарская. Першы тур складаўся з пытанняў на агульныя веды, логіку і шырыню кругагляду. У другім туры, які быў прысвечаны рэлігійнай тэматыцы, каманда святароў удзельнічала ў ролі кансультантаў.
Атрымаўшы благаслаўленне, моладзь разышлася па сваіх дамах з узнёслым настроем, каб яшчэ паспець зрабіць апошнія прыгатаванні перад Адвэнтам.































































