На выходных 21-22 лістапада адбыліся асеннія выезды скаўтаў нашай парафіі. Малодшыя – Ваўчаняты і Божыя кароўкі – мелі свой асеннік. Старэйшыя – скаўткі – кап’ё кап’явых (гэта збор з выездам на прыроду дзяўчат скаўтак, якія ўзначальваюць адзінкі скаўцкага руху — коп’і).

Раніцай у суботу ўсе сустрэліся на святой Імшы ў капліцы. «Будзьце як вечная лямпа, што гарыць у алтары, — пачулі прысутныя ад кс. Уладзіміра. — Святло гэтай лямпы кажа аб тым, што тут, у табэрнакулюм, ёсць Жывы Езус. Так і вы будзьце знакам прысутнасці Бога там, дзе вы ёсць. Для гэтага адважна ахвяруйце сваё жыццё Богу так, як гэта ўчыніла Марыя яшчэ ў пачатку свайго свядомага жыцця».

Пасля благаслаўлення кап’ё кап’явых, Ваўчаняты і Божыя кароўкі адправіліся ў свой шлях — хто ў Лагойск, хто ў Хацежына, хто ў лесапарк Дразды. Там і распачалася для іх восеньская прыгода.

Вось што распавялі самі ўдзельнікі.

«Цудоўны восеньскі дзень — добрая нагода для кап’я кап’явых 2-га Мінскага звяза св. Барбары, якое, дарэчы, адбылося на гэтых выходных. Цікавыя прыгоды скаўтак у лесе, а таксама песні, гульні і малітва. Усё гэта нязменныя часткі скаўтынгу. Мэты на наступны цыкл пастаўлены. Прыгода пачынаецца...», — апавядае нам Агата Новікава, кап’явая кап’я Ваўчыца.

«Восеньскі выезд гэтага году атрымаўся вельмі асаблівы, бо ў першы дзень у нас была восень, а прачнуўшыся на заўтра, мы сустрэлі сапраўдную зіму. Як пажартаваў стары воўк Алег: адным выездам залічылі і асеннік, і зімнік.

У гэтым годзе мы вырашылі правесці асеннік ў в. Хацежына, на ўчастку сям’і Рамановічаў, за што мы ўсе ім вельмі ўдзячныя. Дарэчы Раман, бацька гэтай сям’і, таксама з’яўляецца дапаможным шэфам зграі. Спадабалася, што недалёка ад Хацежына ёсць лес з векавымі елкамі, дзе Ваўчаняты вучыліся распальваць вогнішча ў экстрэмальных умовах. Таксама Ваўчаняты вучыліся на практыцы карыстацца азбукамі Семафор і Морзэ. Традыцыйны пошук скарба аказаўся ўрокам сапраўднага сяброўства і ўзаемадзеяння. Напрыканцы асенніка трое малодшых Ваўчанят — „далікатныя лапкі“, атрымаўшы благаслаўленне ад кс. Уладзіміра, злажылі свае Абяцанні і сталі паўнавартаснымі членамі зграі. “УРА! УРА! УРА!” у іх гонар было чутна па усёй ваколіцы», — дзеліцца ўражаннямі Валерый Шымак, Акела (шэф Ваўчанят).

«Гэта быў асеннік, які праходзіў адначасова і ў лесе, і ў Мінску, у лесапарку Дразды. Асеннік прайшоў актыўна, музыкальна і ў па-сяброўску клапатлівай і цёплай атмасферы, нягледзячы на зімовае надвор’е», — каментуе падзею шэф Божых каровак Наталля Тарасевіч.

Новы фармацыйны год працягваецца, нягледзячы на ўсе складанасці сённяшняга часу. Пажадаем дасягнення пастаўленых мэтаў, натхнення, цікавых прыгодаў і ўзрастання ў веры шэфам і ўсяму скаўцкаму руху.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.