З 13 па 15 лістапада ў Баранавічах праходзілі рэкалекцыі для сужэнскіх пар з Руху Equipes Notre-Dame (Суполкі Маці Божай), у якіх у тым ліку ўдзельнічалі пары з нашай парафіі. Тэмай рэкалекцый быў дыялог cужэнцаў у прысутнасці Бога. Гэта адно з шасці практыкаванняў, прапанаваных Рухам END, якое мае назву “Сядзем разам”.

Што гэта за практыкаванне і як адбываліся рэкалекцыі распавядаюць Алена і Валерый Шымак.

Муж і жонка кожны дзень разам пішуць гісторыю свайго сужэнства. Часам гэта атрымліваецца лёгка, як бы само сабой, а часам прыходзіць стомленасць, раздражненне, крыўда — тады пачынаюцца цяжкасці.

Айцец Анры Кафарэль, заснавальнік Руху END, знайшоў спосаб, дзякуючы якому сужэнскія пары могуць не толькі захаваць сваё каханне, але і памножыць яго. Гэта практыка сужэнскага дыялогу ў прысутнасці Бога — абавязак раз у месяц Сесці разам.

Аднойчы а. Кафарэль так адказаў сужэнцам, якія пыталіся парады аб тым, як ім духоўна развівацца: «І вы таксама пытаецеся ў мяне пра кнігу па медытацыі! Але навучыцеся ж спасцігаць тую, якую даў вам Бог: ваша сужэнства. (...) Зразумейце, нарэшце, што тое, чым вы жывяцё, напоўнена сэнсам. Не прыпадабняйцеся тым невукам, якія пры выглядзе спісанай старонкі нават не падазраюць, што тут нешта сказана, што гэта, магчыма, выдатная паэма. (...) Вы павінны будзеце расшыфраваць прыпавесць вашага сужэнства, зрабіць у ёй вашыя ўласныя адкрыцці. Але не забывайце, па прыкладзе апосталаў, прасіць Хрыста растлумачыць вам яе сэнс, каб не прыпадобніцца тым, пра якіх Настаўнік кажа: „Бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага (...) і не навярнуцца, каб Я вылечыў іх“ (Мц 13, 13.15)».

Калі мы з жонкай толькі далучыліся да Руху, мы лічылі, што ў нашай сям’і дыялог ёсць напэўна. Мы любім размаўляць адно з адным, жартаваць і смяяцца, разам абмяркоўваем усе праблемы і будуем планы на будучыню. Аднак у нейкі момант высветлілася, што а. Кафарэль меў на ўвазе нешта больш глыбокае і дзейснае.

Уявіце, што вы з жонкай пераязджаеце. Ліфт не працуе, і вам даводзіцца насіць рэчы пешшу на шосты паверх. Быццам бы вы спраўляецеся, хоць, вядома, з кожным рэйсам стомленасць адчуваецца ўсё мацней. І раптам на дапамогу прыязджае лепшы сябар вашай сям’і. Ад гэтага адразу становіцца весялей, з’яўляецца ўпэўненасць, што цяпер вы дакладна справіцеся, прытым значна хутчэй і лягчэй.

У сапраўдны сужэнскі дыялог абавязкова трэба запрашаць да ўдзелу Асобу, якая ведае і любіць нас абодвух, жадае нам дабра, любіць нашых дзяцей (і бацькоў) больш, чым мы самі. У гэтым, мабыць, і складаецца ўся сутнасць — у малітве заклікаць Бога, прасіць Яго адкрыць нашыя сэрцы, вочы і вушы адно на аднаго.

Больш грунтоўна мы адкрылі для сябе абавязак “Сядзем разам”, калі прачыталі брашуру Руху з аднайменнай назвай. Толькі тады прыйшло разуменне, што гэты дыялог павінен быць асаблівым. У нашай сітуацыі (а мы маем шасцёра дзяцей) — гэта час, калі дзеці спяць, нішто не адцягвае увагі, выключаныя тэлефоны. Крыж, фігура Маці Божай, запаленая свечка, нашая малітва — гэта дае разуменне, што гэты час толькі для нас. Мы і Бог.

Для нас важна, каб гэта было святочна і прыгожа. Прыгожае пірожнае ці марозіва, абрус на стале. Простыя дробязі, якія ствараюць настрой.

Мы ўдзячныя а. Кафарэлю за тое, што такі дыялог — гэта не рэкамендацыя, а менавіта канкрэтны абавязак. На нашых штомесячных сустрэчах руху мы, акрамя ўсяго іншага, дзелімся тым, ці выканалі свае абавязкі. Часта мы заўважалі, што калі б не набліжаўся дзень сустрэчы і не было б неабходнасці паспець выканаць абавязак, то так і не знайшлі б час “Сесці разам”. І гэта нягледзячы на тое, што кожны раз мы бачым канкрэтны плён нашага дыялогу, і тое, як Бог дзейнічае ў нашым жыцці! Пастаянна неабходна рабіць высілак з нашага боку.

З дыялогам справа выглядае прыкладна гэтак жа, як з парадкам у доме. Каб было чыста, трэба прыбіраць. Хтосьці спакойна выконвае абавязкі па прыбіранні, а хтосьці ўвесь час апраўдваецца, што вось, маўляў, з’явіцца натхненне, тады ўсё і зраблю.

Чайкоўскі казаў: «Натхненне — гэта такая госця, якая не любіць наведваць лянівых». Можна вельмі доўга чакаць, пакуль з’явіцца пэўны настрой ці нейкая сур’ёзная тэма для размовы, але так яе і не пачаць.

На рэкалекцыях падчас канферэнцыі кс. Алег Шпець, дарэчы, дарадчык нашай экіпы, вельмі зразумела растлумачыў нам біблейскія асновы дыялогу, ужываючы прыклады са Старога і Новага Запавету. Сужэнства Маісеевых, Віталь і Ганна, акрамя арганізацыі, правялі канферэнцыю пра гісторыю ўзнікнення абавязку “Сядзем разам”, а таксама расказалі пра правілы правядзення гэтай практыкі, магчымыя цяжкасці і спосабы іх вырашэння. А мы, сям’я Шымак — Валерый і Алена, расказалі, як у нашай сям’і выглядае падрыхтоўка і правядзенне гэтага абавязку, а таксама, якія плёны мы атрымліваем ад Бога праз гэта.

Апагеем усяго стала кафэ “Спатканне” — сужонкі атрымалі магчымасць прымяніць усе атрыманыя веды на практыцы. Святочна апранутыя, пары сядзелі кожная за асобным столікам. Свечкі, прыемная музыка, салодкія пачастункі — усё гэта стварала незабыўную атмасферу. Муж і жонка па чарзе задавалі адзін аднаму загадзя падрыхтаваныя арганізатарамі пытанні і адказвалі на іх. На заўтра адна з пар с 30-ці гадовым стажам падзялілася перажытым такімі словамі: «Цікава, што за гэтыя дзве гадзіны мы адкрылі пра сябе такія рэчы, пра якія раней не ведалі».

Былі таксама песні і танцы. Рэкалекцыі прайшлі вельмі радасна, мы сапраўды здолелі адарвацца ад будняў, ад усяго таго, што адбываецца навокал. Здаецца, нашыя сужэнскія батарэйкі зарадзіліся на 100 адсоткаў, каб мы маглі працягваць любіць адно аднаго, а праз гэта любіць нашых дзяцей, бацькоў, сяброў і іншых людзей яшчэ больш.

Алена і Валерый Шымак
Фота: Алена Шымак, Віталь Маісееў

Падрабязней пра практыкаванне “Сядзем разам” гл. на сайце руху Equipes Notre-Dame.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.