У нашай парафіі шмат моладзі, у тым ліку студэнтаў. Некаторыя з іх вучацца за мяжой і толькі час ад часу завітваюць дадому. А мы заўсёды карыстаемся шансам пагутарыць з цікавымі і рознабакова развітымі маладымі людзьмі, таму сёння ў рубрыцы “Партрэт па панядзелках” пазнаёмімся менавіта з такой асобай. Сустракайце – Лізавета Ефішова.

Лізе 19 гадоў, яна нарадзілася ў Мінску, у каталіцкай сям’і. Рэлігійнае жыццё нашай гераіні пачалося ў дзяцінстве ў маладзечанскім касцёле.

– Раней кожнае лета мы з маёй малодшай сястрой Светай гасцявалі ў бабулі ў Маладзечна, а яна кожны дзень вадзіла нас у касцёл. Там жа мы са Светай упершыню прыступілі да сакрамэнту пакаяння і прынялі Святую Камунію. Так атрымалася, што мы не хадзілі на катэхезу, але бабуля дамовілася з тамтэйшым святаром, мы самастойна вучыліся і здалі экзамен, каб быць дапушчанымі да сакрамэнтаў. Памятаю, ксёндз падчас экзамену запытаў: “Дык што, Хрыстус уваскрос ці ляжыць дзесьці ў маўзалеі, напрыклад?”. Я, канешне ж, адразу ўсклікнула, што Ён уваскрос, – усміхаецца Ліза, прыпамінаючы.

– А ў нейкі момант так атрымалася, што мы засталіся на летнія канікулы ў Мінску і ад кагосьці пачулі, што на вуліцы Матусевіча ёсць капліца. Хоць яна заўсёды была вельмі блізка, літаральна “пад носам”, мы неяк не заўважалі яе. А калі прыйшлі на святую Імшу, да нас падышоў ксёндз Уладзімір, прывітаў і запрасіў на заняткі па рэлігіі. Гэты момант можна лічыць пачаткам майго паглыблення ў жыццё з верай. Дзякуючы намаганням святароў, катэхезе, прысутнасці ў супольнасці парафіяльнай моладзі, а цяпер і ў “Душпастырстве моладзі Хрыста”, я пачала крок за крокам умацоўвацца ў веры. Паволі стала ўзнікаць жаданне маліцца, даведвацца больш пра Бога і пра Касцёл. Нядаўна я наноў адкрыла для сябе Слова Божае – яго чытанне перастала быць проста абавязкам для мяне. Я адчуваю патрэбу шукаць у ім заспакаенне, адказы на ўнутраныя пытанні, асабліва ў гэты складаны для нашай краіны і цэлага свету час.

Некалькі гадоў таму наша гераіня паступіла ў вышэйшую навучальную ўстанову ў Польшчы, і цяпер вучыцца на другім курсе факультэта архітэктуры інтэр’ераў у Гданьскай Акадэміі Мастацтваў.

– У які момант з’явілася думка, што ты хочаш вучыцца ў Польшчы?

– Мне здаецца, што першапачаткова на гэтае рашэнне ўсё ж такі паўплывалі бацькі: яны пераканалі мяне, што за мяжой адукацыя больш якасная, і я згадзілася. Спачатку пайшла на курсы польскай мовы – дарэчы, яна мне вельмі спадабалася, вучылася лёгка, быццам родная. Але перада мной яшчэ стаяла мэта выбраць той напрамак, у якім я хачу развівацца. Я вельмі доўга не магла вызначыцца са спецыяльнасцю, але, нарэшце, з горам папалам (смяецца), выбрала дызайн інтэр’ераў. Хачу навучыцца ствараць такое асяроддзе, каб людзі, якія будуць у ім жыць, адчувалі сябе ўтульна і камфортна, каб яно добра ўплывала на іх эмацыйна-псіхалагічны стан. З такімі думкамі я абірала гэты шлях.

– Ты паступала разам са сваімі сябрамі ці, можа, мела знаёмых у Польшчы?

– Я не адразу пайшла ва ўніверсітэт, але год вучылася на спецыяльных курсах ў Кракаве, дзе паглыблена вывучала польскую мову, гісторыю і культуру. Там я навучалася разам з некаторымі знаёмымі, і ,паколькі гэта быў міжнародны цэнтр, то я мела цудоўную магчымасць пазнаёміцца з класнай моладзю, у тым ліку з Беларусі. І калі год падыходзіў да канца, у мяне былі думкі застацца ў Кракаве: я знайшла там парафію, пазнаёмілася, як ужо згадвала, з палякамі і з іншымі рускамоўнымі студэнтамі. Але штосьці падштурхнула мяне паступаць менавіта ў Гданьск, туды, куды я кіравалася першапачаткова. Я рызыкнула пачаць усё наноў. Мяне чакалі ўступныя экзамены ў Акадэмію мастацтваў – маляванне, праектаванне і г.д. Гэта было даволі няпроста, але я справілася, ведаю, што не без Божай дапамогі. Я сапраўды сур’ёзна падышла да дасягнення гэтай мэты і, безумоўна, вельмі шчаслівая, што ўсё атрымалася.

Адвучылася год – хоць, ізноў жа, было нялёгка, мяне ўсё задавальняла – але вучобу перарвала пандэмія, і мне прыйшлося вярнуцца дадому. Я думала, што на два тыдні, а атрымалася, што на паўгода. У пэўным сэнсе я нават рада, бо вучоба ў іншай краіне, зразумела, не лепшым чынам уплывала на адносіны з сям’ёй: складана падтрымліваць зносіны, бо нават не заўсёды атрымліваецца патэлефанаваць. Таму гэты быў час, калі я мела магчымасць правесці разам з сям’ёй, – гэта вялікі падарунак, я бачу ў гэтым Божае дзеянне.

– Ці былі ў цябе нейкія перажыванні наконт таго, як ты будзеш прыстасоўвацца да новых людзей, новага асяроддзя?

– Так, падобныя думкі былі. Маўляў, калі я з’еду, то там усё будзе нязвыкла, можа незразумела, зусім не так, як тут. Але таксама было вялікае жаданне ісці наперад, не баючыся, выпрабаваць свае сілы, хоць гэта, можа, і гучыць крыху самаўпэўнена. Хацелася таксама зразумець, наколькі я давяраю Пану Богу, пачаць бачыць Яго ў штодзённасці. У першы год, канешне, вельмі сумавала, не хапала цяпла і клопату роднай парафіі. А калі бачыла фатаграфіі тыпу “ДМХ на коўзанцы”, “ДМХ на сустрэчы”, “ДМХ яшчэ дзесьці” – як жа мне хацелася да іх! Але я разумела, што гэта немагчыма – я ці там, ці тут. На другі год я знайшла “сабе” прыязную парафію і нават спявала ў хоры, але пачуцці, канешне, ужо былі зусім іншымі. І ўсё гэта – новы горад, новы ўніверсітэт, новыя людзі, новая парафія – было вельмі цяжка псіхалагічна.

Напэўна, былі моманты, калі я дзесьці аддалялася ад Бога, дзесьці наадварот – станавілася яшчэ больш блізкай да Яго. Я спадзявалася, што знайду падтрымку ў касцёле, як было ў першы год у Кракаве, але адбылося не зусім так. Я пазнаёмілася з рускамоўнымі студэнтамі – яны, на жаль, не вернікі, але зносіны з імі склаліся проста выдатныя. І гэта стала для мяне адкрыццём, што такія цудоўныя людзі могуць быць не толькі, напрыклад, у парафіі, дзе ўсе аб’яднаныя верай, але і ў свецкім жыцці. І ў мяне ўзнікла думка: а што, калі я буду апосталам для гэтых людзей? Насамрэч, яна пакуль што здаецца даволі дзёрзкай (усміхаецца), бо мне, шчыра кажучы, было трошкі не па сабе нават распавесці ім, што я практыкуючая верніца. Але яны аказаліся даволі спагадлівымі і тактоўнымі, таму ніякага негатыву з іх боку не было.

– Чым для цябе з’яўляецца Душпастырства моладзі Хрыста?

– У першую чаргу, гэта тое асяроддзе, тыя людзі, з якімі мяне аб’ядноўвае штосьці, а дакладней, Хтосьці – Пан Бог. Так цудоўна ўсведамляць, што нас, усіх такіх розных, ён збірае ў адно і мы разам пазнаём Яго. У цяперашняй сітуацыі, у пандэмію, моцным момантам для мяне быў той час, калі вясной вырашылі ладзіць сустрэчы онлайн. Гэта была вялікая радасць, што нават у такіх абставінах мы можам з’яднацца.

– Ці маеш ты нейкія хоббі?

– Я даволі рознабаковы чалавек і шмат чым цікаўлюся, вельмі люблю пачынаць штосьці новае… Але не заўсёды, праўда, даводжу да канца. Маляванне, спорт – асабліва люблю камандныя гульні, цікаўлюся псіхалогіяй. Касцёл адкрыў мне вочы на тое, што я, аказваецца, умею спяваць. Дакладней, мяне калісьці запрасілі ў хор у нашай парафіі, я пачала ў гэтым кірунку развівацца і зразумела, што ў мяне атрымліваецца, – усміхаецца Ліза. – Тады я палюбіла музыку, гадоў у пятнаццаць з’явілася жаданне навучыцца граць на гітары. У гэтым мне дапамагла Алена Шымак – яна давала мне ўрокі музыкі. Потым я набыла сабе класную класічную гітару, і з тых часоў пачалася мая ”podroz z gitara” (смяецца). Насамрэч, калі ў мяне рэзка падае настрой, я бяру ў рукі гэты цудоўны інструмент, пачынаю штосьці брынькаць – і, ведаеце, дапамагае. Я нават нашла гэтаму хоббі прымяненне ў той кампаніі, пра якую распавядала раней: яны проста ў захапленні ад таго, што я граю, і для мяне гэта велізарны стымул удасканальвацца, вучыцца крута граць, каб быць такім чалавекам, які стварае добры настрой у кампаніі.

– А потым паціхеньку пяройдзеш ад свецкіх спеваў да касцёльных – зладзіш, так бы мовіць, мяккую евангелізацыю?

– Усё магчыма, тут як мяне Святы Дух павядзе, – усміхаецца гераіня.

– Што ты пажадаеш нашым чытачам?

– Не бойцеся ісці наперад, пакараць новыя гарызонты і вяршыні, абірайце сэрцам. Няхай Бог натхняе вас Сваёй прысутнасцю і бязмежнай любоўю.

Размаўляла Марыя Бачыла

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.