У нядзелю 11 кастрычніка 39 дзяцей нашай парафіі ўпершыню сустрэліся з Хрыстом у Эўхарыстыі. Урачыстая святая Імша цэлебравалася а 12-й, 14-й і 16-й гадзінах.

Гэта сустрэча была яшчэ больш радаснай, таму што з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне яе давялося чакаць даўжэй, чым зазвычай: урачыстасць была перанесена з мая на кастрычнік. Чакалі і хваляваліся дзеці, чакалі бацькі. І вось гэты дзень настаў. Дзеці ў белых першакамунійных строях, прыгожа апранутыя бацькі і хросныя сабраліся каля капліцы ў радасным хваляванні.

Вось некалькі словаў Надзеі і Віталя, бацькоў першакамунійнай Сафіі Шарко: «Мы з Сафіяй перад выхадам памаліліся на ружанцы. Я ёй дала наказ. Чакаем, што гэты дзень стане для яе якарам у жыцці, які будзе заўсёды вяртаць у правільнае русла», — кажа нам маці. «Маліліся з дачкой учора ўвечары, — дадае ўсхваляваны бацька. — У дзіцяці вельмі добры настрой, яна шчаслівая. У яе асаблівы дзень. Яна ўспрымае яго з радасцю і светам. Хочацца пажадаць, каб гэтая чысціня, чысціня гэтай белай сукенкі, белага колеру засталася б з ёй у сэрцы. Каб чысціню Божай любові яна пранесла праз усё сваё жыццё».

Напачатку ўрачыстасці ксёндз пробашч Алег Шпець SChr нагадаў аб неразрыўнай сувязі паміж Сакрамэнтамі Хросту і Эўхарыстыі і паблагаславіў дзяцей на ўспамін хросту. Потым дзеці звярнуліся да бацькоў і хросных з просьбай аб благаслаўленні, пасля чаго працэсія пад спеў «Сённяшні дзень даў нам Пан» увайшла ў капліцу.

У казанні ксёндз Алег падкрэсліў значнасць унутранай прыгажосці над знешняй, а таксама заахвоціў несці Езуса людзям, «сваім жыццём паказваць, які цудоўны Пан Бог ёсць ува мне».

Пры запаленых свечках першакамунійныя дзеці аднавілі Сакрамэнт Хросту, а таксама паабяцалі працягваць вывучэнне Божага Слова, наведваць катэхэзу і быць годнымі людзьмі ва ўсіх сваіх учынках.

Падчас Святой Камуніі дзеці ўпершыню прынялі Езуса ў сваё сэрца.

Напрыканцы святой Імшы надышоў момант падзякі. Дзеці дзякавалі святарам і сёстрам законным за тое, што давялі іх да сустрэчы з жывым Езусам у Камуніі. Чыталі вершаваныя віншаванні і прасілі ў Пана Бога благаслаўлення і дапамогі ва ўсім для сваіх духоўных настаўнікаў, а таксама выказвалі словы падзякі і любові для сваіх бацькоў.

Бацькі ж, у сваю чаргу, таксама дзякавалі святарам і сёстрам законным за іх паслугу, цярплівасць і час, шчырасць і дабрыню, а таксама абяцалі працягваць працу над духоўным развіццём сваіх дзетак і «прыкласці ўсе намаганні, каб Пан Бог, якога дзеці прынялі ў свае сэрцы, быў для іх найлепшым прыяцелем».

Наперадзе ў першакамунійных дзяцей — «белы тыдзень», а гэта значыць, што свята працягваецца.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.