4 кастрычнiка ва ўспамiн святога Францiшка з Асiзi, апекуна ўciх Божых Каровак, якi вельмi блiзкi скаўтынгу сваёю любоўю да навакольнага свету, радасным духам, пакорай, служэннем Богу i людзям, 2-я Мiнская дружына святой Барбары адзначыла гадавiну свайго iснавання. Падчас Святой Лiтургii мы дзякавалi за ўсіх у дружыне: Божую Кароўку, скаўтку, праваднiцу, шэфаў, душпастыраў, бацькоў. Пасля адбылiся прыгожыя, значныя цырымонii.

У коле Божых Каровак Вiялета Цвiрко прайшла ўвесь шлях ад «луга» да «ўзгорка», маючы нашыўку «пралеску», якая сiмвалiзуе жаданне дзялiцца радасцю з iншымi. Цяпер надышоў час пераходу ў скаўцкі звяз. Віялета  спачатку прыгадала словы свайго абяцання: «З Божай ласкай абяцаю рабiць усё магчымае, каб быць вернай Богу, маёй сям’ i, маёй Радзiме, прытрымлiвацца Закона Божых Каровак i кожны дзень дапамагаць блiжняму». Затым яна пакiнула чырвоную шапачку і спалiла сваю папяровую кветку, якую, дарэчы, робiць кожная дзяўчынка, калi ўступае ў кола Божых каровак, а шэф кола захоўвае яе праз усе гады, пакуль дзяўчынка крочыць шляхам Божай Кароукi. I вось апошнiя сяброўскiя абдымкі дзяучат, i далонь Вiялеты хутка апынулася ў далoнi шэфа Наталлi, якая пад радасны спеў кола завяла Вiялету да звязовай Агаты. Там яе прывiталi прыгожым бадзёрым спевам, а на месцы чырвонай шапачкi апынуўся больш cцiплы па колерах берэт.

Звяз таксама перажывае адметныя змены. Акрамя таго, што прыходзяць новыя дзяўчаткi, новыя скаўткi прынялi функцыю кап’явой. Надышоў час, калi дзяўчаты 17 гадоў патрабуюць больш глыбокага позiрку, i позiрк гэты накiраваны ў першую чаргу на сябе, на больш глыбокае распазнанне сваёй асабовасцi. У знак свайго жадання крочыць далей дзяўчаты самi па чарзе падыходзiлi да сваёй звязовай, якая падагульняла шлях дзяўчыны ў звязе: «...ты навучылася адказваць „Напагатове“. Сёння ты хочаш ісці яшчэ далей, мець вогнішча сваім сімвалам, дарогу сваім атачэннем, служэнне сваім дэвізам і каманду, якая дапаможа табе стаць правадніцай. Усе разам мы кажам табе: „У добры шлях!“, і хай Марыя, нашая Маці, ідзе поруч з табой...»

Пасля гэтых словаў скаўтка падыходзiла да новага шэфа, каб увайсцi ў «вогнiшча» маладых праваднiц i казала: «З усімі вамі я хачу адправіцца ў дарогу і вучыцца служыць як мага лепш».

Я як шэф вогнiшча маладых праваднiц, адкрываю перад дзяўчатамi дарогу, якой будзем крочыць, поўную сяброўства, радасцi, але таксама i патрабуючай служэння, намаганняў, высiлку, пастановы. Важна, што гэты шлях мы iдзём разам!

Здымаецца чорна-чырвоная хуста, апранаецца іншая, чырвона-аранжавая, колеру распаленнага вуголля, сiмвал пакоры i цеплынi вогнiшча. З гэтага моманту першыя 8 дзяўчат са звязу cтвараюць новае вогнiшча маладых праваднiц, якое ў хуткiм часе выбярэ сабе апякунку, iмем якой i будзе называцца вогнiшча.

Пасля цырымонiі ўсе сабраліся ў парафii Мацi Божай Будслаускай на гарбату і салодкi пачастунак. Гэты час быў напоўнены спевам, гульнямi, усмешкамi.

У скаўтынгу для дзяўчынак, дзяўчат i жанчын ёсць усе неабходныя iнструменты, каб дасягнуць агульнай скаўцкай мэты: фармаваць добрага грамадзянiна i добрага хрысцiянiна. З Божай ласкай няхай жыве i квiтнее 2-я Мiнская дружына святой Барбары!

Тэкст: Ангеліна Гуд, шэф кола маладых правадніц
Фота: Марцін Палінеўскі

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.