“Скаўтынг – гэта прыгода!” – гэтыя словы – першае, што я памятаю, калі ўзгадваю знаёмства са скаўтынгам, якое адбылося, калі каталіцкія скаўткі апавядалі нашым парафіянам пра свой стыль жыцця. Тады я глядзела на іх і дакладна ведала, што гэта – не маё. І вось прайшло з таго моманту амаль чатыры гады і я – дружыновая 2-й Мінскай дружыны св. Барбары.

Некалькі тыдняў таму да мяне звярнулася звязовая Агата Лялевіч, каб я дапамагла ёй на летніку. Мне стала цікава: а як гэта – пабыць на летніку разам са ўсім звязам? На летніх вылятах з Божымі Кароўкамі я ўжо была, а вось пра скаўцкія летнікі ведала толькі з расказаў маёй старэйшай дачкі.

І вось, пасля Святой Імшы і агульнага фотаздымку скаўтак з бацькамі, загрузіўшы машыну сваімі і чужымі рэчамі, едзем на Іўе – месца, дзе сустрэнемся разам з Івянецкім звязам св. Кляры. У галаве шмат думак пра тое, што мяне чакае. Колькі дзён такога жыцця я вытрымаю? Якую паслугу мне давераць? Як гэта ноччу ў намёце перажыць навальніцу?

Не змагу перадаць словамі, як гэта прыгожа, калі з Іўя выехала калона з 11 машын і рушыла ў лес. А месца летніку выбралі неверагоднае – сасновы бор, рака, ягаднікі чарніц і брусніц, зверабой, маліннік...

Сапраўдная прыгода распачалася, калі бацькі, якія дапамаглі прывезці сваіх дзяцей і іх рэчы, паехалі дамоў, а скаўткі пачалі, як мурашкі, звыклы для іх рытм летніка. Я не паспявала за імі сачыць, бо ўсіх нас разам было 47 асобаў. Адны ставяць намёт, другія нясуць бэльку для будавання платформы, трэція вяжуць сходы, іншыя рыхтуюць месца для вогнішча.

Гук рогу! Кап’явыя спяшаюцца да звязовых, атрымоўваюць заданні і вяртаюцца ў свае коп’і, каб выканаць дадзенае заданне хутчэй і лепш, чым астатнія. Праз нейкі час зноў гук рогу і скаўткі-кухары атрымоўваюць прадукты для прыгатавання вячэры. У абсталяваных месцах разгараюцца маленькія вогнішчы і дзяўчаты-падлеткі самастойна гатуюць вячэру на агні для астатніх 3-5 чалавек з кап’я. Кожная дзяўчына ў кап’і мае свае абавязкі і выконвае іх старанна і дакладна. Вельмі цікава назіраць як сталічныя дзяўчаты ператвараюцца ў скаўтак, як яны нясуць адказнасць за свае абавязкі, як клапоцяцца пра меншых.

Мне даверылі служэнне кухара: я гатавала пасілкі на вогнішчы для 9 чалавек крааля. Давялося навучыцца хуценька распальваць вогнішча, смажыць ежу на патэльні без ручкі, ставіць кацялок з вадой так, каб не заліць агонь, гатаваць скаўцкую гарбату… Пакуль гатуеш, трэба не забывацца падкідваць дровы ў агонь, а ў гэты момант цябе грызе за нагу вялікая мурашка, якая не разумее, чаго ты тут топчашся па ёй. Калі дзеці выконваюць гэта лёгка і натуральна, то мне прыйшлося пастарацца, каб дайсці да іх узроўню.

Уначы, бліжэй пад раніцу, пачаўся дождж і грымнула некалькі разоў, але мне гэтага хапіла, каб я схапілася за ружанец і пачала прасіць Бога, каб толькі на гэтым усё скончылася. Перажывала, як там дзеці ў намётах, асабліва малодшыя. Калі на шыхтаванні звязовая пыталася, як прайшла ноч, ці спалохаліся дажджу і навальніцы, амаль усе глядзелі здзіўленымі вачыма і казалі: “Была навальніца? Дождж? Калі?” У той момант я зразумела, што буду маўчаць і не апавядаць пра той страх, які я перажыла…

Праз увесь дзень ішло будаванне платформаў, сходаў, кухняў, капліцы, флагштока. Спыняліся толькі для пасілкаў, супольнай малітвы і ўдзелу ў Святой Імшы.

Калі мне паказалі, як рабіць лесвіцу пры дапамозе пілы, шпагату і тапара, а пасля яшчэ і даручылі гэта зрабіць самой, маёй радасці не было межаў. А пазней я даведалася, як вяжуць платформы і плятуць сталы.

Увечары ўсе разам сабраліся каля вогнішча, каб паглядзець і прыняць удзел у забавах, якія падрыхтавалі самі дзяўчаты. Фабула года ў скаўтак – Аладзін, таму дзяўчаты апраналіся ў прыгожыя усходнія ўбранні, ляталі на дыване-самалёце, спявалі “Арабскую ноч…” і г.д. Я ж вельмі моцна чакала святой цішыні, якая наступае пасля агульнай малітвы і святарскага благаслаўлення, каб хутчэй пайсці спаць, бо мае сілы скончыліся яшчэ перад вогнішчам.

Ноч прайшла добра, альбо я нічога не чула ад стомленасці папярэдняга дня, і мой дзень распачаўся ў бадзёрым настроі. На Радзе я зразумела, што больш за ўсіх тут стамляюся я, таму не парушала гэты момант. Затое ганарылася звязовымі, дапаможнымі шэфамі і святарамі: з якой адданасцю яны тут праводзяць час з дзецьмі. Яны – гэта проста падарунак ад Бога, які мы маем для нашых дзяцей.

Для мяне няма нічога больш прыгажэйшага за Святую Імшу на прыродзе сярод велічы дрэваў, шуму ветру, спеву птушак. Гэта той момант, калі ад такога хараства проста кацяцца слёзы і табе так добра і ўтульна, што не можаш уявіць іншага месца на зямлі, дзе б так было яшчэ...

Чацвёрты дзень распачаўся з шыхтавання і Святой Імшы. Падчас снедання я даведалася, што мяне запрасілі на абед у кап’ё “Пчолка” з Івянецкага звязу св. Кляры. Ёсць такая прыгожая традыцыя, што кожны дзень на абед коп’і запрашаюць да сябе кагосьці з крааля. Вельмі цікава назіраць, як перад абедам прыходзіць кап’явая сама альбо з усім кап’ём і запрашаюць звязовую, шэфа альбо святара на абед. Кожнае кап’ё хоча вылучыцца і быць арыгінальным ва ўсім, пачынаючы ад запрашэння. Мяне запрасілі так: “выкралі” майго асістэнта і пакінулі ліст з умовамі, куды і з чым я павінна прыйсці. Такой прыгоды са мной не было нават у дзяцінстве! Калі я прыйшла ў вызначанае месца, то мяне ўжо там чакалі неверагодныя дзяўчаткі, сапраўдныя пчолкі, якія прыгатавалі абед са смажаных кабачкоў, дранікаў у выглядзе сардэчак, кампоту з чарніцаў і, канешне, салодзенькага да кампоціку.

У гэты дзень да мяне патэлефанавалі з Радыё Марыя, і ў прамым эфіры мы размаўлялі пра скаўтынг. Калі ў мяне запыталіся, дзе я і чым займаюся, то былі ў захапленні, што я з імі размаўляю з лесу. А я пра сябе думала, што гэта сапраўды тое месца і тая справа, дзе павінна быць дружыновая – дапамагаць усім шэфам дружыны ў іх патрэбах.

Перад тым як стаць дружыновай, я думала, што гэтае служэнне заключаецца, каб сачыць за шэфамі, кіраваць імі. Але зараз я разумею, што ў першую чаргу дружыновая – гэта той шэф, які служыць усім шэфам, на якога шэфы разлічваюць.

Скаўтынг паказвае прыгажосць і веліч нашага Стварыцеля праз прыроду, дапамагае дзяўчатам знайсці сябе ў першаствораным харастве, дзе няма сучаснасці, якая знішчае і паглынае маральнасць, асабліва падлеткаў. Тут яны вучацца пачуць не толькі сябе, але і тых, хто побач. Тут яны вучацца быць прыгожымі, якімі стварыў іх Бог, без усіх выкрутасаў. Тут яны вучацца цішыні і любові, праз Евангелічную гадзіну. Тут яны на лекцыях атрымоўваюць новыя веды па неабходных тэмах. Амаль усе бацькі адзначаюць, што пасля такіх выездаў іх дзеці прыязджаюць іншымі — больш спакойнымі, прыгожымі, больш сталымі.

Я еду да дому, а скаўтак чакае яшчэ прыгода ў важных для іх актыўнасцях, такіх як спартакіяда, кулінарны конкурс, вялікая скаўцкая гульня, якая прадоўжыцца амаль цэлыя суткі. Акрамя гэтага 7 ахвотніц чакаюць свайго Суда гонару і хочуць пачуць словы: “Суд гонару пастанавіў аказаць табе давер і дапусціць да прырачэння”. Менавіта пасля ўрачыстай цырымоніі прырачэння дзяўчына належыць да вялікай скаўцкай сям'і. Звычайна гэтая падзея застаецца ў памяці на ўсё жыццё.

Тэкст i Фота: Таццяна Мазун

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.