Гарачы чэрвеньскі дзень. Сярод палявых дарог імчацца дзевяць веласіпедыстаў – моладзь з ДМХ “Адзіныя сэрцам” са сваімі душпастырамі. Кожны вязе сваю інтэнцыю да Маці Божай Будслаўскай, моляцца за хворых і медыкаў, за парафію і ўсю краіну, а таксама за пешую пілігрымку Мінск-Будслаў, якая адбудзецца ў наступным годзе.

Распачалася велапілігрымка 17 чэрвеня а чацвёртай гадзіне раніцы святой Імшой ў нашай капліцы. Пасля Імшы і лёгкага пасілка мы вырушылі ў дарогу. Усе былі поўныя сілаў, а ўсмешка не сыходзіла з твараў. Радасці дадавала таксама добрае надвор’е і “вобразы мілыя роднага краю”. Але ўжо хутка нас напаткалі першыя перашкоды – вялізны плот з зачыненай брамай пасярод поля! Скажаце, так не бывае?! Мы таксама здзівіліся і пайшлі ўздоўж плоту, а вакол – мокрая трава па пояс і густы лес. Кульмінацыяй была чарговая замкнёная брама, праз якую прыйшлося перакідваць веласіпеды и пералазіць самім. Гэтая прыгода аднак нас толькі раззадорыла – з усмешкай на твары мы працягвалі наш шлях.

І вось праз 88 км трасы, гравійкі і лясной дарогі мы апынуліся на казачным беразе Вілейскага вадасховішча. Гэта было мейсца нашага начнога адпачынку. Асвяжаючая вада і добры пасілак, прыгатаваны ўмелай рукой на кастры, аднавіў фізычныя сілы, а цудоўны вечар з гітарай і “скаўцкай” гарбатай з лясных траваў аднавіў сілы маральныя. Так скончыўся першы дзень.

Раніцай наступнага дня ў нашых думках мы былі ўжо ў Будславе, але наперадзе было яшчэ 52 кіламетры. Калі кагосьці і пакідалі сілы ў дарозе, то ненадоўга, бо падтрымка братоў і сясцёр была вельмі эфектыўная.

“Нарэшце Будслаў!” – гучала ў галаве, калі на гарызонце паказаўся сілуэт знаёмай святыні. З песняй “Маці Хрыстова” мы пад’ехалі да прыступак базылікі, брамы якой ужо былі адчыненыя і чакалі пілігрымаў. Павольным крокам мы зайшлі ў пустую святыню. На нас лагодна глядзела Маці Божая Будслаўская, а мы ў захапленні глядзелі на яе. Аднак найбольш кранальным момантам было апынуцца перад Святым Абразом у некалькіх сантыметрах і адчуць неверагодную блізкасць нашай Маці. А наперадзе яшчэ нас чакала Эўхарыстыя і малітоўнае чуванне...

Наступнай раніцай дзяўчаты вырушылі на цягнік у Мінск, каб пазней абедам і смачнымі пачастункамі сустракаць хлопцаў і святароў, якія пастанавілі вяртацца на роварах.

Адметна, што ідэя велапілігрымкі нарадзілася менавіта ў цяперашняй сітуацыі пандэміі. А ў тым, што гэта быў Божы Провід, мы пераканаліся як у часе падрыхтоўкі, так і падчас самой пілігрымкі. 17-19 чэрвеня – гэта былі тры сапраўды цудоўныя дні, праведзеныя з малітвай і ў сяброўскай атмасферы. Пілігрымка дапамагла адпачыць сэрцам і паказала напрамак, у якім рухацца далей.

Тэкст: Валерыя Капыціна

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.