Фота Віталія Палінеўскага
Фота Віталія Палінеўскага

Сёння наша госця — сястра назарэтанка, якая называе сябе інтравертам, радасным і спакойным чалавекам. Яна расказала нам пра спецыфіку служэння ў Мінску, пра свае размовы з Богам і раскрыла таямніцу свайго імя. Нам вельмі хочацца паказаць прастату гэтага духоўна багатага чалавека, які прысвяціў сябе жыццю ў манастве.

Пра штодзённасць

Супольнасць наша малая: жывём разам з сястрой Агнешкай. Абавязкі не раздзяляем: хто бычыць, што трэба зрабіць, той і робіць. У сястры Агнешкі добра атрымліваецца гатаваць.

Наш дзень праходзіць наступным чынам: мы прачынаемся і ідзём разам на 7 раніцы на Святую Імшу, я вельмі люблю маліцца менавіта раніцай. Раней у мяне атрымлівалася ўставаць яшчэ раней, каб паспець заняцца медытацыяй над Словам Божым. Але ў Мінску ў мяне пакуль так не атрымліваецца, бо розныя заняткі заканчваюцца позна вечарам, таму раніцай устаю так, каб паспець на Імшу. Увогуле, я люблю раней класціся спаць (напрыклад, у 22 гадзіны) і раней прачынацца (напрыклад, у 5 гадзін). Таму цяпер мая медытацыя адбываецца на працягу дня. Паколькі Імша раніцай заўсёды з Ютраню, то мы з сястрой Агнешкаю вяртаемся дадому і супольна снедаем, ёсць час, каб крыху адпачыць і падрыхтаваццца да катэхезы. У гэтым часе сястра Агнешка часта гатуе абед, бо я гатаваць не ўмею. Гэта чыстая праўда.

А 14-й гадзіне мы збіраемся разам на літургію гадзінаў, молімся Малітву апоўдні ў нашай каплічцы. Пасля гэтай малітвы яшчэ ёсць прадпісаные манаскія малітвы — да сясцёр-мучаніц, напрыклад. Потым мы разам абедаем, пазней распачынаюцца катэхезы і трываюць да самага вечара, але заўсёды ёсць час на асабістыя духоўныя практыкаванні. Мы, як манахіні, кожны дзень маем абавязак маліцца Словам Божым і адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Але, калі гэта адкласці на вечар, то пасля вяртання з заняткаў катэхезы (а гэта ўжо пазней за 20-21 гадзіну), то сілаў ужо не хапае. У традыцыйных назарэтанскіх супольнасцях сёстры разам моляцца Нешпары і вячэраюць, потым ідуць на індывідуальныя малітвы. Але ў Мінску ёсць неабходнасць, каб бацькі забіралі сваіх дзяцей з катэхез, груп у нас шмат, таму заканчваем мы позна. Гэта спецыфіка жыцця ў вялікім горадзе. У нас няма традыцыйнага манаскага плана, ён “ненарміраваны” (смяецца — заўв. рэд.). У гэтым я бачу свае плюсы і мінусы.

Пра імя

Як вядома, па традыцыі падчас фармацыі ў манастыры сёстры змяняюць сваё імя, дадзенае пры хросце, у некаторых кангрэгацыях гэты звычай захоўваецца да нашых дзён.

З дзяцінства я вельмі любіла св. Францішка Асізскага, у мяне нават быў нататнік, куды я ўклейвала ўсе абразікі гэтага святога. У маёй роднай парафіі — касцёле ў Шчучыне — у бакавых алтарах стаялі фігуры св. Францішка і св. Антонія. І мы дапамагалі сёстрам ставіць кветачкі да фігураў па суботах: дарэчы мая задача звычайна была мыць усе вазы халоднай вадой з парашком, але я не наракала, бо не марыла ставіць кветкі, гэтым займаліся сёстры. Але потым яны нас “павысілі”, мой “кар’ерны рост” адбыўся ў класе 9-м (смяецца — заўв. рэд.). Мы з маёй сяброўкай, а цяпер сястрой Антоніяй, ставілі кветачкі на бакавых алтарах. Неяк у нас падзяліліся абавязкі: я хадзіла да св. Францішка, а яна — да св. Антонія. Так мая любоў да св. Францішка ўзрастала. Мы з сяброўкай думалі пра манаскае жыццё, таму вырашылі, што калі прысвяцім сябе Богу, то я вазьму імя Францішка, а яна Антонія. А калі мы рыхтаваліся да бежмавання, то вырашылі памяняцца, гэта значыць, я ўзяла імя Антонія, а яна — Францішка.

Але потым у манастыры, калі мы бралі сабе імёны падчас распачацця навіцыяту (перыяду паслушніцтва ў манастыры — заўв. рэд.), ужо была сястра Францішка з Беларусі і яшчэ адна з Украіны. Ёсць правіла, што калі імя часта паўтараецца, то табе яго хутчэй за ўсё не дадуць. У дзень, калі ў кожнай сястры павінна з’явіцца новае імя, мы стаім у чарзе да сястры правінцыяльнай, каб паразмаўляць з ёй наконт імя. Я разумела, што імя Францішка мне не дадуць. Варыянтаў у мяне не было. Я ведала, што святы Францішак вельмі любіў святую Кляру, і гэта было ўзаемна. Але на той момант у нас была сястра Кляра ў Гродне, яна была ўжо старэнькая, таму імя гэтае асацыіравалася з маленькай і старэнькай той сястрой Клярай, якая па пэўных прычынах хадзіла ў свецкай вопратцы. У пэўнай ступені гэтае імя мяне не прываблівала, я пра яго і не думала. Таму палова сясцёр сабралася там са мной, пад тымі дзвярыма, дзе я чакала сваёй чаргі. Прыйшлі з календарамі, імя дапамагалі выбіраць. Пыталіся: “Можа гэта? Можа тое?”, а я ў адказ: “Гэтыя не падыходзяць”. І неяк нечакана, у момант, калі я ўваходзіла да сястры правінцыяльнай, я ўсё ж такі вырашыла, што буду Клярай. Нават для мяне самой гэта было нечакана (смяецца — заўв. рэд.).

На здзіўленне, сястра правінцыяльная згадзілася. Але, выйшаўшы з таго пакоя, я не магла нічога казаць пра імя. Ёсць правіла, што новае імя першы раз публічна агучваецца падчас Літургіі гадзінаў, калі сястра дае белы вэлюм і крыж. І вось сястра мне кажа: “Прымі новае імя”, і называе яго. Тады толькі ўсе сёстры чуюць тваё цяперашнее імя. І я выходжу з касцёла, а ўсе навокал пытаюцца: “Як? Як цябе завуць?” А я з гонарам адказваю: “КЛЯРА”. Але ўсё роўна яно асацыявалася са старэнькай Клярай, вельмі непрыкметнай, але, напэўна, ужо святой сятрой. Спачатку маё новае імя ўсім не вельмі падабалася. Але я разумею, што гэта самае класнае імя! Нездарма яно ў мяне (усміхаецца  — заўв. рэд.).

Падчас вечных шлюбаў да майго імя дадалося дапаўненне: ад Святой Тройцы. Гэта таямніца, якая дадаецца да імя, я сама яе выбрала, бо ў Святой Тройцы бачу ўсю паўнату. Словы на абразе з маіх вечных шлюбаў “Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас” (Ян 14, 20) падказваюць, што сэнс Тройцы, калі ты ў Ёй. Так выглядае маё ўнутранае жыццё. Можа, трохі складана растлумачыць такія манаскія моманты.

Першае імя аднолькавае ва ўсіх назарэтанак, яно паходзіць ад імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Цікава, што заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў свой час узяла сабе імя Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра (яна ж бл. Францішка Сядліская — заўв. рэд.). Наша заснавальніца ўглядалася ў прыклад Найсвяцейшай Маці, якая цалкам падзяляла жыццё з Хрыстом, разумела Яго думкі, імкненні і пачуцці, ва ўсім была з Ім разам, не мела нічога свайго, бо жыла жыццём свайго Сына, становячыся таксама ахвяраю любові ў паяднанні з Ім.

Пра Біблію

Не можа быць урыўка, які б сам па сабе нешта нёс, ад таго, што ён нейкі асаблівы. Праз Біблію сам Бог гаворыць да кожнага. Як мы ведаем, што кожнаму чалавеку трэба сказаць нешта па-свойму, так і Бог, бачачы кожнага чалавека, дае кожнаму нейкі асаблівы ўрывак. Кожны шукае свайго: хтосьці суцяшэння, засьцярогі, умацавання ў веры ці чагосьці яшчэ. Я ў Бібліі знаходжу Бога, дакладней — Ён мяне. Словы з нейкага фільма: “Шукай Бога, і Ён знойдзе цябе”. І я ведаю, што Бог мяне знайшоў. Бог — гэта Той, хто кажа. Чым больш мы чытаем Біблію, тым больш Слова Божае застаецца ў нас, потым Яно само пачынае ў нас прамаўляць. Бог праз сваё Слова сапраўды жыве ў нас.

У розных сітуацыях будуць успамінацца розныя ўрыўкі, гэта не механічнае дзеянне нашай памяці, толькі гэта той Жывы Бог, які, калі мы дазваляем з намі гаварыць, будзе нам адказваць у пэўны момант. Гэта можна параўнаць з тым, як мы слухаем сваіх бацькоў: яны нечаму нас вучаць, прымушаюць да чагосьці, але дзеці звычайна да гэтага не вельмі прыслухоўваюцца, але ж потым прыходзіць нейкі складаны момант у жыцці, і тады разумееш, што мама ці тата мелі рацыю, бо ўжо даўно пра гэта казалі. Таксама і са Словам Божым. У неабходныя моманты Бог кажа: “Ці памятаеш гэта і вось гэта?” Гэта канкрэтна дзейнічае ў маім жыцці. Я разважаю Біблію, і ў той час, калі Бог дазваляе пачуць Яго, калі я малюся, пытаюся ў Яго ці знаходжуся на адарацыі, я ведаю, што Ён пачынае са мной размаўляць. Можа мне тут не хапае чалавечых слоў, але я гэта перажываю. Я часам здзіўляюся: чым складаней сітуацыя, тым больш відавочныя дзеі Бога. Як кажа Ісая: “Такі наш Бог”.

Пра самы яскравы момант у жыцці

Многа класных момантаў у жыцці, але адзін з іх — вечныя шлюбы, якія я склала ў 2009 г. Гэта было неверагодна, бо прыйшло асэнсаванне таго, што ты становішся ўласнасцю Пана назаўсёды перад абліччам усяго Касцёла. Штосьці неверагоднае — калі біскуп апранае пярсцёнак са словамі: “Я цябе заручаю Езусу Хрысту, Сыну ўсемагутнага Бога”. Гэта быў радасны момант, якога я чакала з нецярпеннем. Фактычна чакала з самага дзяцінства. Была нават у мяне з Панам такая дамова, што пасля вечных шлюбаў я магу ўжо паміраць. Бо калі была малая, я чакала пакуль распачну манаскае жыццё, потым я чакала навіцыята, потым чакала першых шлюбаў, потым вечных, а гэта ўжо паўната. Пасля вечных можна паміраць, але мы працягнулі нашу дамову: зараз чакаю вечных шлюбаў сястры Імэльды і прэзбітарскіх пасвячэнняў майго іншага вучня. Таму застаўся ў мяне год, спадзяюся, што я дачакаюся.

Тое, чаго мы не ведаем пра сястру Кляру

У дзяцінстве любімая кніга — “Дзяніскіны расказы”. Заўсёды вярталася са школы, з’ядала абед і чытала гэтую кнігу, хоць ведала амаль усе гэтая расказы на памяць.

Люблю фільмы катэгорыі “0+”, каб адпачнуць і ні пра што не думаць. Любімы серыял: “Сваты”.

Любімы занятак: сядзець над вадой, глядзець на яе (не важна, якое надвор’е), чытаць Біблію і класныя каментарыі. Няма чагосьці большага, што можа мяне захапіць.

Вельмі люблю піцу без цыбулі. У дзяцінстве пра піцу і не чула. Калі я ўжо пасля школы была ў пастулаце (перыяд жыцця ў супольнасці, які папярэднічае навіцыяту, пастулат можа доўжыцца да 3-х гадоў, ён служыць для таго, каб даведацца пра парадак манаскага жыцця і ўключыцца ў рэлігійнае жыццё  — заўв. рэд.) у Любліне, непадалёк ад нашага дома адкрылася невялікая піцэрыя, і была ў мяне мара — паспрабаваць піцы. Але вакол мяне былі сур’ёзныя манахіні, якія не хадзілі ў піцэрыю. Аднойчы на нейкае свята адправілі мяне за піцай, мы яе з’елі. Мяне напаўняла радасцю думка, што піцэрыя побач, хаця смаку той піцы я амаль не ведала. Пасля першых шлюбаў, калі я вучылася ў Беластоку, наша мара была — заехаць на піцу, але ў нас, манахінь, грошай не было. Аднойчы сястра-настаяцельніца дала нам пару злотых, каб мы з сястрой Антоніяй схадзілі на піцу. Яна была вельмі смачная (усміхаецца — заўв. рэд.). Потым у Смаргоні была гаспадыня, якая прыносіла піцу. Было класна!

У людзях я вельмі цаню прастату, бо дзе яна ёсць, там будзе і шчырасць, і сумленнасць.

“Апішыце сябе пяццю прыметнікамі”, — просім мы. — “Ці можна адным? — пытаецца сястра Кляра. — “Я шчаслівая” (шырока ўсміхаецца — заўв. рэд.).

Развянчаем міфы пра манаcтва разам з сястрой Клярай

1. У грамадстве павальна ўсе думаюць, што жанчыны ідуць у манастыр ад няшчаснага кахання. На самай справе: гэта Божы дар, у мяне гэтае жаданне было з дзяцінства, Бог проста яго дае, гэта цяжка вытлумачыць.

2. Людзі думаюць, што нам горача ў чорных сукенках. Насамрэч, калі ўлетку горача ўсім, то і нам горача ў хабітах (звычайнае адзенне манахіні — заўв. рэд.), але тут няма нічога надзвычайнага. На мой погляд такая вопратка зручная.

3. Пытаюцца ці здымаем мы вэлюм (галаўны ўбор, які звычайна носяць каталіцкія манахіні — заўв. рэд.). Я жартую, што мы нават спім у іх, бо яны прыбіты цвікамі. На самай справе: мы, як звычайныя людзі, спім у піжамах.

4. Пытаюцца таксама, ці можна нам плаваць. Можна, калі ёсць дазвол сястры-настаяцельніцы і побач мора ці басейн (усміхаецца — заўв. рэд.).

5. Заробак — таксама тэма, якой цікавяцца. У звычайным сэнсе слова “заробка” мы не маем, бо склалі шлюбы, у тым ліку, шлюб беднасці, але мы атрымліваем грошы ад ахвяраванняў, якія вернікі складаюць у парафіі. Пробашч выдзяляе грошы на нашыя выдаткі, але гэта таму, што мы служым у парафіі. Таксама ёсць сёстры, якія працуюць на дзяржаўнай працы. Напрыклад, у Беларусі сёстры працуюць у бальніцах, у Польшчы могуць працаваць у школах, дзіцячых садках ці дамах састарэлых. Там яны, сапраўды, атрымліваюць заробак ад дзяржавы.

6. Цікавае пытанне: ці молімся мы 24/7. Калі малітвай лічыць практыку, калі стаіш на каленях у капліцы ці перад абразом і нічога іншага не робіш, то гэта міф. Але калі малітвай назваць адносіны з Панам, то, напэўна, 17/7 — гэта реальнасць, бо трэба адняць час на сон. Адносіны з Богам не спыняюцца, і гэта нармальна. Мне здаецца, што гэта датычыць не толькі манахінь, але і любога чалавека.

 

Размаўляла Паліна Ручан

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.