Мы працягваем знаёміцца з людзьмі нашай парафіі. Сёння гаворка пойдзе пра жанчыну, якая з’яўляецца шчаслівай жонкай і маці двух дачок, моцна любіць сваю працу, а таксама раней вучылася ў адной школе з ксяндзом Уладзімірам.

— Я нарадзілася ў вёсцы Геранёны, што ў Гродзенскай вобласці. Сям’я наша складалася з чатырох чалавек: мама, тата, я і малодшы брат Ігар. Бацькі мае веруючыя, адзінае, што прадстаўнікі розных канфесій — мама каталічка, тата праваслаўны, і мяне з братам таксама хрысцілі ў царкве.

— Ці былі ў вашай сям’і якія-небудзь традыцыі?

— У асноўным яны былі звязаныя з рэлігійнымі святамі, якіх было ў нас удвая больш, бо, як я ўжо казала, у сям’і было две канфесіі. Вялікія святы кшталту Божага Нараджэння ці Вялікадня адзначаліся такім чынам: каталіцкія святкавалі дома, а на праваслаўныя заўсёды ездзілі да бабулі з дзядулем, збіраліся там разам. У сям’і таты пяцёра дзяцей, усе ўжо таксама былі са сваімі сем’ямі. Цяпер бабуля жыве разам з маёй цёцяй, таму ў тым доме мы ўжо не збіраемся, але тыя моманты збліжэння насамрэч незабыўныя і заўсёды ўспамінаюцца з вялікай цеплынёй у сэрцы.

— Якім чынам вы вызначыліся, што хочаце хадзіць менавіта ў касцёл?

— Гэта выйшла даволі проста, прычым яшчэ ў дзяцінстве. Паколькі мы жылі ў вёсцы, дзе праваслаўнай святыні няма, толькі касцёл св. Мікалая, ды і большая частка насельніцтва была менавіта католікамі, то ўсе мае сябры-аднакласнікі хадзілі туды і на Імшу, і на катэхезу, прычым цэлымі паралелямі — вось як у школу на ўрокі. Мне вельмі хацелася з імі. Я неяк сказала маме: «Мама, як думаеш, тата не пакрыўдзіцца, калі я пайду ў касцёл?». А яна мне адказала, каб я сама з ім паразмаўляла. Я так і зрабіла. Спытала ў яго: «Тата, царквы ў вёсцы няма, ты сам туды рэдка ездзіш. Можна я буду разам з іншымі хадзіць у касцёл?». Ён дазволіў, сказаў, што гэта вельмі добра, што мне самой хочацца маліцца. І вось так я пачала разам з усімі рыхтавацца да першай споведзі. Пробашчам у парафіі тады быў польскі ксёндз Рычард Чайка, заняткі праводзіў ён і яшчэ дзве манахіні — сястра Дарота і сястра Малгажата. Дарэчы, мае бацькі, калі ажаніліся, не бралі сакрамэнт сужэнства. А вось перад тым, як я прыступіла да першай Камуніі, яны павянчаліся ў царкве, і далей у іх было паўнавартаснае сямейнае жыццё ўжо ў веры.

Таксама вялікую ролю ў маім прыходзе да веры яшчэ ў дзяцінстве адыграла мая бабуля. Калі я нарадзілася, бацькі былі яшчэ студэнтамі, таму ў дашкольным узросце я ў асноўным расла ў бабулі з дзядулем, таму была вельмі прывязаная да іх абодвух. Бабуля мая веруючая, таму калі дзядуля сыходзіў на ноч на працу — ён быў вартаўніком — у нас збіралася ўся вёска, усе маліліся Ружанец. І вось гэтыя малітвы, пацеры, як яны называлі на польскай мове, я ведала з дзяцінства. Мама казала, што я тады яшчэ дрэнна размаўляла, але ўжо адгаворвала іх, як толькі магла (смяецца). Я ўсё думала, ну калі ж мне нарэшце дазволяць распачынаць малітву, каб за мной ўсе працягвалі. Канешне, да гэтага дайшло, і мне гэта дазволілі як маленькай. Я і да касцёла пачала хадзіць з гэтымі бабулямі: як ні прыйду — яны мяне ўсе ведаюць, даюць цукеркі (усміхаецца, успамінаючы, Алена), а потым ужо і сама пачала хадзіць. Адгэтуль і пайшла уся вера.

Алена працуе настаўнікам-дэфектолагам у дзіцячым садочку і вельмі любіць сваю работу.

— Як вы выбралі сваю прафесію? Калі ўзнікла жаданне працаваць з дзецьмі?

— Пачнем з таго, што наша сям’я не адразу жыла ў прыватным сектары, як цяпер жывуць мае бацькі, але ў такім трохпавярховым, на чатыры пад’езды, доме. Так атрымалася, што сярод усіх дзяцей, якія таксама жылі ў гэтым доме, я была старэйшая, і яны, меншыя, заўсёды былі побач. І таму ўжо з дзяцінства я разумела, што мая прафесія будзе звязана менавіта з дзецьмі, з іх выхаваннем і навучаннем. Ну і да таго ж не магу сказаць, што мне так шыкоўна давалася матэматыка, я больш, скажам так, гуманітарый. Таму, паступаючы ў Ліду на выхавацеля лагапедычнай групы, я здавала беларускую мову і біялогію, — усміхаецца гераіня.

Алена пастаянна ўдасканальвае свае прафесійныя навыкі, чытаючы адпаведную літаратуру.

— Зараз я сяджу дома разам з маленькай дачкой, але хутка ўжо ісці на працу. Тут за кароткі адпачынак шмат чаго забываецца, а за тры гады ўвогуле можна нанова ісці вучыцца (смяецца). Хачу пайсці на курс па дэфекталогіі ў свой універсітэт. Мае любімыя настольныя кнігі — гэта кнігі па педагогіцы, псіхалогіі, лагапедыі. Гэтага не адняць — калі ёсць вольная хвіліна, я іх чытаю.

З абранай прафесіяй звязана таксама гісторыя знаёмства нашай гераіні з двума важнымі людзьмі ў яе жыцці — лепшай сяброўкай Вітай і мужам Дзмітрыем.

— У каледжы я пазнаёмілася са сваёй будучай сяброўкай Вітай. Мы вучыліся ў адной групе і жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце, а потым паехалі па размеркаванні ў Вішнёўку, і разам жа паступілі ва ўніверсітэт імя Максіма Танка. Зараз мы, канешне, таксама сябруем. Яна з’яўляецца хроснай маёй дачкі Аліны. Мне зараз трыццаць гадоў, так вось пятнаццаць з іх гэты чалавек прысутнічае ў маім жыцці, верны сябра і надзейны таварыш, — усміхаецца Алена.

— Раскажыце, як вы сустрэліся з вашым мужам?

— Як я ўжо казала, пасля каледжа я разам з сямю іншымі новаспечанымі настаўніцамі-выхавацелямі трапіла па размеркаванні ў вёску Вішнёўка. У метадысткі садочка, у якім я працавала, ёсць сын — наш равеснік. Ён часта наведваўся да маці па розных справах і клікаў шпацыраваць. Аднойчы прыйшоў разам з Дзімам. Дарэчы, Дзіма і яго бацькі жылі як раз насупраць садочка, але за паўгода мы неяк ані разу не перасякліся, — успамінае Алена. — Вось так і пазнаёміліся, праз год ажаніліся, у нас нарадзілася дачка Яна. Трошкі пазней пераехалі ў Мінск. Па меры вырашэння кватэрнага пытання нарадзілася і другая дачушка Аліна, ёй хутка будзе тры гады.

Старэйшая дачка Яна спявае ў парафіяльным дзіцячым хоры «Божыя ягняткі», рыхтуецца да першай Камуніі. Алена таксама рыхтуецца да гэтай падзеі — наведвае катэхезу для дарослых у сястры Кляры і запэўнівае, усміхаючыся, што цяпер нікуды больш так рэгулярна не ходзіць, як па аўторках на Лідскую.

— А як вы пазнаёміліся з нашай парафіяй?

— Калі нарадзілася Яна, мы хадзілі ў парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі хрысціянаў, што ў Бараўлянах. Там у той час яшчэ толькі капліца была. І там ахрысцілі Яну. Але ад Вішнёўкі да Бараўлянаў пятнаццаць кіламетраў, а дзіця маленькае, так што ў кожную нядзелю і на кожнае свята ў касцёл не трапіш. Таму на вялікія святы збіраліся ў бацькоў у Геранёнах і хадзілі да касцёла менавіта там. А калі пераехалі ў Мінск, быў такі час, што ўвогуле не маглі вызначыцца, дзе нашае месца, дзе наш касцёл. У Бараўляны ўжо таксама не ездзілі, бо далекавата. Я часам хадзіла ў Чырвоны касцёл, бо ён блізка да педагагічнага ўніверсітэта, зусім побач са станцыяй метро — у любым выпадку будзеш ісці побач і зойдзеш да святыні. Але заўсёды не хапала такога ўсведамлення, што ёсць нейкае канкрэтнае месца, куды можаш пайсці кожную нядзелю, дзе будзеш ведаць ксяндзоў і сясцёр, дзе цябе таксама будуць ведаць у твар.

Але неяк мы забіралі аднекуль майго дваюраднага брата, які таксама з Геранёнаў і жыве ў Мінску з сям’ёй. Ён тады рыхтаваўся да сакрамэнту сужэнства. Я спытала, куды яны ходзяць на падрыхтоўку, а ён адказвае: «А ты што, не ведаеш, што тут на Матусевіча ёсць капліца, там служыць наш ксёндз Уладзімір Марушэўскі». Мы вучыліся ў адной школе, і я, канешне ж, ведала ксяндза Уладзіміра, хаця хутчэй як Валодзю Марушэўскага (смяецца). Ведала, што ён абраў шлях святарства, што вучыўся ў Познані. Але потым сцежкі неяк разышліся, і мы адно пра аднаго нічога не ведалі. Пазней я стала аналізаваць і зразумела, што ён ужо напэўна пачаў дзесьці працаваць — так і супала. У брата я ўзяла кантакты ксяндза Уладзіміра, і, так як у мяне тады толькі нарадзілася другая дачка Аліна, мы з будучымі хроснымі бацькамі прыйшлі на навуку перад хростам дзіцяці ў капліцу. І вось з той пары мы ўжо рэгулярна ходзім ў нашую парафію.

Алена імкнецца як мага больш часу праводзіць разам са сваёй сям’ёй. Калі выпадае вольны час, яны разам выязджаюць на вёску, катаюцца на роварах і сустракаюцца з сябрамі. А пакуль трэба сядзець дома разам з дачушкамі, наша гераіня таксама не марнуе час — вучыць польскую мову, чытае кніжкі і любіць часам паглядзець фільмы, дзякуючы якім можна паразважаць над сэнсам жыцця.

— А ў чым бачыце сэнс вашага жыцця?

— На дадзены момант я магу сказаць, што адчуваю сябе шчаслівай — я з’яўляюся маці, таксама маю яшчэ, скажам так, крылы за спіной — маіх бацькоў, бацькоў Дзімы, і з’яўляюся дачкой. Я адчуваю такі баланс, і гэта прыносіць мне радасць, хочацца захаваць гэты стан як мага даўжэй. Я бачу сэнс свайго жыцця ў тым, каб добра выхаваць сваіх дачок, стаць для іх прыкладам ува ўсім. Ну і, канешне, рэалізаваць сябе ў прафесіі — дапамагчы дзецям, каб праз мяне яны маглі пранесці ў сваю будучыню штосьці карыснае.

Алена цэніць у людзях праўдзівасць і адкрытасць, а таксама ўменне любіць, і па жыцці прытрымліваецца прынцыпу «Будзь верны таму, хто верны табе».

Размаўляла Марыя Бачыла

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.