Чарговы панядзелак – самы час пазнаёміцца з новай асобай з нашай парафіі. Сёння мы паразмаўляем з таленавітай дзяўчынай, якая моцна любіць сваю сям’ю і актыўна ўдзельнічае ў жыцці нашай парафіі. Сустракайце – Агата Новікава.

Агаце пятнаццаць гадоў, яна вучыцца ў дзявятым класе і захапляецца маляваннем.

– Ты хораша малюеш! Ці збіраешся займацца гэтым па жыцці, ператварыць сваё хобі ў прафесію?

– Так, я збіраюся стаць мастачкай. Зараз я вучуся ў мастацкай школе, заканчваю дзявяты клас. Рыхтуюся да экзаменаў і баюся іх не здаць, але гэта зусім іншая гісторыя, – шэптам дадае гераіня. – А далей планую паступаць у каледж, каб вывучаць там аб’ёмны дызайн. Зараз я працую над сваімі навыкамі, каб добра здаць іспыты пры паступленні.

– Мастацтва – штосьці вельмі важнае для цябе, раз ты хочаш звязаць з ім сваё жыццё, ці не так?

– О, гэта сапраўды так. Калі я засяроджваюся на маляванні, я адключаюся ад усіх праблемаў на свеце. Напэўна, калі б у гэты момант побач са мною пачалася вайна, я б і не заўважыла, –  усміхаецца Агата.

У Агаты вялікая і дружная сям’я. Мама Ганна працуе экспедытарам, а тата Мікалай – фотакарэспандэнтам у каталіцкім выдавецтве Pro Christo. Таксама ў Агаты ёсць малодшыя браты і сястра.

–  Ігнацію трыннацаць гадоў, і ён вельмі разумны. Ён разумее матэматыку, фізіку і хімію –  уяўляеш?! Вераніке адзінаццаць гадоў, яна таксама, як і я, раней займалася мастацкай гімнастыкай. А майго малодшага браціка завуць Максімільян, яму паўтары гады, і ён маленькі “пусечка”, – замілавана распавядае Агата.

– Якія ў вашай сям’і адносіны паміж сабой?

– Проста шыкоўныя. У мяне вельмі класныя бацькі, я іх моцна люблю. Ніколі не бачыла, каб яны калі-небудзь сур’ёзна сварыліся. Ну, аднойчы тата выкінуў кроп з лядоўні, а мама была незадаволеная гэтым. І вось тады яны, канешне, пакрыўдзіліся адно на аднаго (смяецца). З  братамі і сястрой мы таксама добра ладзім. Бывае, канешне, што штосьці не падзелім, але доўга адно на аднаго не крыўдуем. У мяне ўвогуле вясёлая сям’я. Мне вельмі падабаецца, калі мы супольна праводзім час. Асабліва люблю разам спяваць караоке. Мы ўключаем тэлевізар, я бяру пульт і ўяўляю, што гэта мікрафон, і мы пачынаем спяваць. Асабліва хораша падпявае тата. Ох, напэўна, таму і я так неверагодна добра спяваю, гэта ў мяне ад яго, – жартаўліва прыкмячае Агата.

Мы ў прынцыпе любім кудысьці разам выбірацца. Напрыклад, неяк мы з татам, Ігнаціям і Веранікай хадзілі на квэст. Гэта было вельмі весела. Мы ўвогуле любім квэсты. Праўда, звычайна так атрымоўваецца, што, напрыклад, Ігнацій штосьці думае, сумяшчае лагічна і г.д., а я проста кранаю, кручу ўсё, што пад руку трапіць, і такая: “О, прышпільна, гэта што, падказка?”. Так і жывём, – смяецца наша гераіня.

   

– Твая сям’я даўно жыве ў Мінску?

– Я, усе мае браты і сястра нарадзіліся тут, у Мінску, але раней мы жылі ў іншым раёне і хадзілі ў катэдру, у парафію Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Я нават хацела пачаць удзельнічаць у тамтэйшым хоры, але мы пераехалі і адразу пачалі хадзіць у каплічку, у нашу цяперашнюю парафію.

– Што мацней за ўсё ўразіла, калі ўпершыю прыйшла ў капліцу?

– Тое, што, напэўна, кожны ў першы раз заўважае – мала месца, асабліва ў параўнанні з катэдрай, але таксама я адразу адчула, што парафія вельмі-вельмі дружная, і што святары маюць вельмі блізкія зносіны з парафіянамі. Гэта мне падабаецца больш за ўсё, бо ніколі раней я такога не бачыла і не адчувала, нават калі святары ў катэдры выходзілі прамаўляць казанне да дзяцей.

 

Актыўна ўдзельнічаць у жыцці парафіі Агаце дапамагаюць яе таленты: дзяўчына спявае ў парафіяльным падлеткавым хоры Agape.

– У цябе ўсё ж такі атрымалася трапіць у хор, хоць ужо і не ў катэдры, ці не так?

– О так! Як толькі мы далучыліся да парафіі, я пачула, што тут ёсць хор, і адразу пабегла запісвацца,  –  усміхаецца Агата.  І хаця ў мяне не адразу атрымоўвалася паўнавартасна ўдзельнічаць з пэўных прычынаў, у гэтым годзе я нарэшце пачала рэгулярна хадзіць на рэпетыцыі.

– Атрымоўваецца, ты дастаткова доўга чакала спаўнення гэтага свайго жадання. І як пачуцці – атрымоўваеш асалоду ад спявання ў хоры?

– Не тое слова! Мне неверагодна падабаецца! На занятках такая класная сяброўская атмасфера. А часам я нават граю на гітары на Імшы. Мне падабаецца, што мне даюць шанец развівацца, спяваць, граць і г.д.  Часам мы сустракаемся яшчэ і па-за рэпетыцыямі. Напрыклад, сёстры неяк зрабілі для нас адарацыю ў сваёй капліцы. Мы падыходзілі, запальвалі свечку, бралі папяровае сэрцайка, на якім напісана Евангелле, якое Пан Бог хоча скіраваць асабіста да кожнай. Яшчэ мы пілі разам гарбатку ў сясцёр, размаўлялі пра розныя рэчы. Вось я, напрыклад, ніколі не хадзіла ў пілігрымку, але Аня Лукомская так цікава пра яе распавядала, што я адразу таксама захацела паўдзельнічаць. Мне падабаецца, што мы так узаемадзейнічаем. Не проста прыйшлі-паспявалі-сышлі, але так разам праводзім час. А яшчэ сястра Агнешка класна жартуе (усміхаецца).

   

– Ты граеш яшчэ на якіх-небудзь музычных інструментах, акрамя гітары?

– Так, я на працягу пяці гадоў вучылася граць на фартэпіяна. Калі мне даць час і ноты, то я ўсё вывучу і зайграю. Мне, праўда, не вельмі падабаецца сам працэс вучобы, да таго ж я бываю вельмі лянівая, але я атрымліваю вялікае задавальненне ад выніку. Памятаю, калі вучылася граць дома, са мной займаўся тата. У яго лепшае пачуццё рытму, таму ён стаяў за мной і стукаў мне па плячах, пакуль я засяроджвалася на нотах, – успамінае наша гераіня.

Таксама Агата некалькі гадоў таму далучылася да руху каталіцкіх скаўтак у нашай парафіі.

– Як ты даведалася пра каталіцкіх скаўтак?

– Я калісьці была на працэсіі Божага Цела і ўбачыла дзяўчат і хлопцаў у незвычайнай прыгожай форме. Я спыталася ў маёй бабулі, хто яны, і даведалася, што гэта каталіцкія скаўты. І з таго часу моцна хацела далучыцца, але не ведала як. А потым я трапіла на канікулы з Богам у Паланэчку, якія праводзілі нашы святары, і там пазнаёмілася з маёй будучай кап’явой Сашай Паталей і іншымі скаўткамі. Памятаю, увесь тыдзень хадзіла за ёй услед і дапытвалася ўсе падрабязнасці пра скаўтынг. Сапраўды не ведаю, як ёй не надакучыла мне адказваць, – усміхаецца Агата. – Спачатку я сапраўды думала толькі пра тое, як мне хутчэй атрымаць гэтую цудоўную форму. На першым летніку было шмат прыгожых цырымоній, і я тады проста закахалася ва ўсё гэта. Але цяпер скаўтынг стаў для мяне нечым большым. Гэта магчымасць развіцця, набыццё новых навыкаў. Паколькі мы ўсё робім разам з кап’ём, развіваецца пачуццё адказнасці, уменне працаваць у камандзе. Цяпер мне лягчэй адаптавацца ў нейкіх новых абставінах, новым асяроддзі, адразу ўзнікае думка: “Ну гэта не лес, я тут выжыву” (смяецца). Скаўтынг сапраўды робіць мяне лепшай.

– Зараз ты ходзіш на катэхезу ў групу падрыхтоўкі да бежмавання, гэта праўда?

– Гэта так. Я моцна жадаю, каб калі буду прымаць гэты сакрамэнт, Святы Дух даў мне больш мужнасці, больш цярплівасці ў вызнанні веры. На жаль, бывае вельмі складана, калі, напрыклад, аднакласнікі пачынаюць казаць непрыгожыя і непраўдзівыя рэчы пра Касцёл і пра Бога. Я разумею, што заўсёды былі праціўнікі і заўсёды будуць, але я б хацела быць мацнейшай, каб магчы сказаць пра тое, што Пан Бог для мяне значыць, сваімі ўчынкамі паказваць Яго дзеянне ў маім жыцці.

– Дарэчы, ты ўжо думала, якога святога апекуна сабе возьмеш? Якога святога ты хацела б наследаваць?

– Наконт святога на бежмаванне я пакуль не ведаю, але мне вельмі падабаецца святы Джузэпэ Маскаці. Я часам задаюся пытаннем, ці змагла б так самааддана служыць людзям, як гэта рабіў ён, але я б дакладна хацела паступаць па яго прыкладзе.

– Ці была такая сітуацыя ў тваім жыцці, калі ты асабліва моцна адчула прысутнасць Бога?

– Некалькі гадоў таму ў мяне пачалі моцна балець калені, і доўга не праходзілі. Маці тады пачала маліцца Пампейскай навэннай у інтэнцыі майго аздараўлення, і малілася даволі доўга. І вось у той дзень, калі яна нарэшце скончыла, мае калені перасталі балець. Для мяне гэта сапраўдны цуд.

– Што хочаш пажадаць нашым чытачам?

– Жадаю ў любой жыццёвай сітуацыі спадзявацца на Бога, ісці з Ім па жыцці, сябраваць з Ім. Заўсёды пытацца ў Яго парады і цалкам давяраць Яму.

Размаўляла Марыя Бачыла

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.