Спяшаемся пазнаёміць вас з чарговай прадстаўніцай моладзі парафіі – Ганнай Кабышавай, з якой мы сустрэліся, каб паразмаўляць пра яе жыццёвыя погляды, практыкаванне ў цнотах і прагненне святасці. Наша гераіня адкрытая на людзей, з радасцю дзеліцца сваімі сведчаннямі і думкамі. Шмат цытуе Біблію, але ў той жа час любіць гумар і абдымкі.

«Я нарадзілася ў Магілёве. Калі я была маленькая, мяне ахрысцілі ў царкве, сям’я была на той момант непрактыкуючая. У дашкольным узросце я хадзіла на заняткі польскай мовы. Кожны раз ідучы на заняткі, я бачыла касцёл. Мне хацелася туды зайсці, так мы пачалі хадзіць у касцёл. Потым мяне запрасілі на катэхезу, у хор. І я пачала рыхтавацца да Першай Камуніі. У 9 год прыняла Святую Камунію», – распачынае Аня. Зараз ёй 25 гадоў, яна ўжо каля 1,5 гады жыве ў сталіцы і працуе правізарам у аптэцы.

– У чым ты бачыш сваё пакліканне?

– З гэтым звязана адна мая гісторыя. Два гады таму я была ў дэпрэсіі, шмат чаго адбывалася, цяжкія абставіны былі. Нічога не хацелася, я была настолькі пустая, што нават фітнэс трэкер паказваў заўсёды, што я сплю. Здавалася, нібыта я не існую. Быў складаны перыяд. Тады я шукала сэнс у сваім жыцці. Я шукала ў розным. Мне здавалася, што ўсюды мяне можна замяніць, нават калі буду будаваць сям’ю ці пайду ў кляштар. Пазней я зразумела, што маё галоўнае пакліканне заключаецца ў тым, каб любіць Бога і бліжняга. З гэтага будзе выцякаць развіццё, служэнне, імкненне да святых сакрамэнтаў, аздараўленне ранаў з дзяцінства, развітанне з фальшывымі ўяўленнямі. Адсюль ідзе праца над сабой.

– Чаму ты імкнешся кожны дзень хадзіць на Святую Імшу?

– Для мяне самая шчаслівая раніца распачынаецца з Эўхарыстыі. Я іду дадому, і я ўжо шчаслівая. Я разумею, што гэта ідэальная раніца. Калі не атрымліваецца раніцай быць на Імшы, то прынамсі вечарам (смяецца — заўв. аўт.).

Але я не адразу прыйшла да гэтага. Мне быў патрэбны час фармавання. Увогуле, калісьці я закахалася ў хлопца, хацелася часцей бываць на Імшы. Толькі потым я адчула сапраўдную сустрэчу з Езусам. Дапамаглі сведчанні людзей, глыбокія разважанні.

– Якая малітва для цябе самая блізкая сэрцу? Ці маеш малітоўныя абавязкі?

– Імша. Гэта глыбокая і супольная малітва. Таксама малюся за душы, церпячыя ў чыстцы. Практыкую малітвы св. Брыгіты да нашага Боскага Збаўцы. Гэта 15 малітваў у дзень на пряцягу аднаго года, гэта малітвы з разважаннямі пра апошнія дні жыцця Езуса на зямлі, пра 5480 удараў, якія Ён цярпеў, пра Яго паміранне і смерць. Стымулам, каб распачаць такія практыкаванні, для мяне стала 21 абяцанне Езуса для тых, хто будзе маліцца гэтымі малітвамі. Асабліва кранулі абяцанні, звязаныя са збаўленнем родных.

Малітва дазваляе мне развівацца. Праз малітву я вучуся пакоры.

Сілы на штодзённасць я шукаю толькі ў Богу. Я знаходжу Яго ў малітве, бо гэта тое, што я магу рабіць амаль усюды. Канешне, мая крыніца – гэта Эўхарыстыя і Святое Пісанне. У слове Божым я знаходжу адказы і падтрымку. Гэта тое, што дае сілы, змяняе погляд на жыццё. Стараюся чытаць кожны дзень.

– Як ты прыйшла да ўсведамлення важнасці малітвы? У якіх умовах праходзіў твой працэс духоўнага фармавання?

– Працэс маёй фармацыі быў паступовы, але ў ім была адпраўная кропка. У дзяцінстве я прыйшла да Касцёла, але пазней, у падлеткавым узросце, я пачала адыходзіць, можа гэта было незаўважальна. Я адпусціла сваё духоўнае жыццё, перастала нават хадзіць да касцёла. Жыла па сваім нейкім прыдуманым прынцыпам. Будучы студэнткай, аднойчы я зразумела, што ўжо з усім сваім “багажом” я дасягнула дна. Гэта была мая кропка незвароту. Я нават перайшла за свае ўласныя межы.

Аднойчы мы з кампаніяй сяброў вырашылі адпачыць на Браслаўскіх азёрах. Людзі, з якімі я была, захацелі зайсці ў касцёл. У час, калі мы дамовіліся, там была канферэнцыя. Мы прыйшлі, і я пачула сведчанне. Нейкая дзяўчына расказвала пра тое, з якіх грахоў яна выйшла, як гэта перажыла, пра тое, як зрузумела, што Бог сапраўды яе прабачае. Частка грахоў, якая мяне моцна трымала, была падобна да тых, пра якія гаварыла тая дзяўчына. Тады я даведалася, што Бог сапраўды прабачае. Я была на нейкім сваім дне, але Бог пайшоў мяне шукаць. І знайшоў мяне, бо спусціўся за мной у прорву. Бог прамаўляў да мяне на зразумелай для мяне мове. Любячы Бог робіць так для кожнага чалавека, я дакладна гэта ведаю. Ад таго люблю ўрывак з Рым 8, 38-39: “Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым”.

Потым у мяне адбывалася адкрыццё любові Божай, Яго дароў і ласкаў. Розныя этапы былі, але ўсё паступова, пачынаючы з будавання асабістых адносінаў з Ім.

Спачатку я пачала прыходзіць на сустрэчы з Богам – на Святую Імшу ў нядзелю, але яшчэ не было разумення, у каго я веру, што гэта за Бог, у чым сутнасць Яго асобы. Я захацела знаёмства з Ім, гэта як у зносінах з чалавекам. Я трапіла ў супольнасць моладзі “Разам”. Аднойчы мы планавалі паехаць адпачыць на канцэрт, але ў нас не атрымалася, планы змяніліся, і мы паехалі на рэкалекцыі. Так я адкрыла Жывога Бога. Гэта адны з тых рэкалекцый, якія змяняюць жыццё. Я адчуваю, што там я паверыла ў Святую Тройцу. Прыняла Езуса сваім Госпадам. Тут мне ўзгадваюцца словы з Пс 37, 5-6.

Бог вучыць мяне давяраць Яму. Зараз я разумею, што без Яго я – пустая.

– З якім урыўкам з Бібліі ты б пазнаёміла чалавека, які першы раз трымае яе ў руках?

– Пачаць трэба з Божай любові. Напрыклад:

“Я, Пан Бог твой, які ўзяў цябе за правіцу тваю, і кажа табе: Не бойся, Я дапамагу табе” (Іс 41, 13).

“Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе; калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе” (Іс 43, 2).

“Здалёк з’явіўся мне Пан і сказаў: Любоўю вечнай Я палюбіў цябе, таму Я захаваў міласць да цябе” (Ер 31, 3).

Але таксама гэта маглі б быць урыўкі з малітвы Панскай ці мукі Хрыста. Праз гэтыя ўрыўкі я бачу прыгажосць Бога. Я закахалася ў Яго слова, бо менавіта ў Бібліі сустракаю Жывога Бога.

– Што для цябе значыць Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» (далей ДМХ — заўв.рэд.)?

– Для мяне – гэта супольнасць, месца майго ўзрастання ў веры, але ж гэта кажу не толькі пра ДМХ, але пра ўсю парафію ўвогуле. Бо кожны чалавек, якога мы бачым, прыклад яго жыцця захапляе іншага, а гэты іншы чалавек захапляе наступнага, і так далей па ланцужку. Для нас яны становяцца сапраўднымі прыкладамі веры, якія нас узмацняюць, перамяняюць жыццё. Гэта тое, чым мы можам дзяліцца. ДМХ – больш блізкае кола, гэта людзі, з якімі можна перажываць важныя моманты, перажываць свае клопаты, развівацца, трэніравацца, практыкавацца ў любові да бліжняга, вучыцца размаўляць, вучыцца разумець, каб руйнаваць сваю пыху і эгаізм.

Для мяне вельмі важная мая супольнасць. Нават была ў мяне сітуацыя, што я магла з’ехаць, але не змагла пакінуць ДМХ і цалкам парафію. Хачу падкрэсліць, што ў супольнасці вельмі важны прыклад, людзі бяруць прыклад са сваіх духоўных кіраўнікоў, з ксяндзоў, якія вядуць парафію. Мне гэтыя людзі дапамагаюць крочыць да Бога.

– Што для цябе азначае служэнне?

– Для мяне – гэта духоўная сфера самарэалізацыі і практыкавання ў цнотах. Служэнне – гэта маё жаданне, але часам – гэта і абавязак, бо ёсць моманты, калі трэба прыкладаць намаганні, каб зрабіць штосьці, гэта высілак. Цяжка, бо бывае лянота або не хочацца, або шмат іншых справаў адначасова. Пан Бог дае сілы. Але калі ты ва ўсім гэтым выканаеш служэнне, то прыйдуць асалода і духоўны спакой. Можа, часамі мне не хапае служэння. Зараз у парафіі я дапамагаю ў Caritas, гатова дапамагчы парафіянам ці святарам. Гэта радасць для мяне, бо праз служэнне чалавеку я служу Богу.

– Якія маеш хобі?

– Мне падабаецца псіхалогія, хаця я няшмат часу ёй прысвячаю. Стараюся чытаць. Спадабалася кніга “Выбіраем любоў”. Яшчэ я вучуся ў катэхетычным каледжы на 1-м курсе. Можа, гэта і нельга назваць хобі, але больш нічога не магу вылучыць, бо не магу шмат часу прысвячаць на свае хобі. Арганізоўваю свой час, абапіраючыся на тое, каб у першую чаргу запланаваць прыняцце Святой Камуніі кожны дзень, духоўныя справы, працу і толькі потым усё іншае.

– Чаму цікавішся менавіта псіхалогіяй?

– Вынікае гэта з таго, што я заўважыла, што так знаходжу правільны падыход да людзей, у першую чаргу да самой сябе. Адкрываючы для сябе псіхалогію, я зразумела, што для меня першае – гэта знайсці, зразумець, прыняць і вылячыць свае раны, а можа і дапамагчы іншым, бо недарэмна кажуць, што параненаму чалавеку можа дапамагчы толькі паранены чалавек. Псіхалогія дапамагае зразумець чалавека, дапамагае растлумачыць чалавеку, што трэба змяніць у сабе. Для мяне гэта навука аб адносінах, аб іх аздараўленні. У пэўным сэнсе псіхалогія змяняе мой светапогляд.

Аня дзеліцца сваімі сведчаннямі і перажываннямі таго, як Бог дакранаўся да яе сэрца. Яна кажа, што часта ў жыцці адбываецца тое, чаго мы не разумеем, нам можа здавацца, што Бог не дае таго, чаго мы так моцна просім. Але Аня ўжо дасведчыла ў сваім жыцці, што Нябесны Тата робіць як лепей, але мы, людзі, адразу не можам гэта прыняць, а разумеем усё толькі праз нейкі час. «Пан Бог загадзя ўсё запланаваў за мяне», – з радасцю падагульняе Ганна.

Цікавыя факты:

  • Аня вылучае 4 месцы для свайго духоўнага развіцця: сям’я, праца, вучоба ў Баранавічах, ДМХ.
  • Яна ўдзельнічала ў евангелізацыі хрысціянскага жыцця ў Польшчы, вяла курс Альфа, удзельнічала ў курсе Piligrim, у шматлікіх рэкалекцыях. Нядаўна была ў гарах з моладдзю і ў Святой Зямлі з бацькамі. Наша гераіня вельмі актыўная. Дарэчы, яна жыла ў розных гарадах Беларусі: Магілёў, Віцебск, Асіповічы.
  • Новы Запавет Аня прачытала ўжо 5 разоў.
  • Аніна любімая кніга з Бібліі: кніга Эклезіяста.
  • Анін любімы серыял: Менталіст.
  • Аня марыць прыгнуць з парашутам і схадзіць у пілігрымку ў Санцьяга-дэ-Кампастэла.
Размаўляла Паліна Ручан