Знаёмцеся — Віктар, наш парафіянін, актыўны ўдзельнік хора Effata. Нядаўна яму споўнілася 65 гадоў.

Свой аповед ён пачынае з далёкіх успамінаў: «Памятаю: была зіма, замяце мяцель, нічога бачна не было, гэта не так, як цяпер — па костачку снега накідае і крычаць, што ўжо ўсё, аварыі ўсякія; снегу шмат было, бацька наперадзе ідзе, дарогу пракладвае, а я — за ім, у школу так хадзілі. Бацька мой і па-польску, і па-нямецку, як на роднай мове размаўляў. Яго падчас вайны ў Германію забралі, там так уся вайна і прайшла. Бацька мне шмат дапамагаў з мовай, бывала рабіць нечага, дык па-нямецку як пераключымся на размову».

Пра дзяцінства і маладосць

Частку дзяцінства Віктар жыў з сям’ёй на хутары, два кіламетры ад вёскі Заозірцы, каля самага леса, амаль 29 гадоў пражыў там пры керасінавай лямпе — света не было; у сям'і быў адзіным дзіцём.

Пасля 8 класаў школы паступіў у гродзенскі Культпрасвет, здаў экзамены — усе на выдатна, толькі па школьных, прызнаецца, пару троек было.

Пару дзён у Культпрасвеце адвучыўся, і павезлі іх на бульбу ў калгас. Усе ў куртках былі, а Віктар без. Калі вярталіся, як даў дождж, машына адкрытая, ён замёрз і захварэў, два тыдні ў бальніцы адваляўся, на здароўі і да гэтага часу тыя падзеі адбіліся. Пасля шпіталю хацеў на клас акардэона ісці, там трэба было інструмент мець, а грошаў, каб купіць яго, не было. Перавялі таму яго на клас баяна, а ён - ні ў якую. Тут і кінуў Культпрасвет.

Калі Віктар у сёмы клас яшчэ хадзіў, яго бацька карову прадаў, і паехалі яны ў Вільню акардэон купляць. «Зайшлі мы першы раз у краму, бацька загаварыў на беларускай мове, а літоўцы ні рускіх, ні беларусаў не любілі, таму ўсё адказвалі, што няма і няма нічога, я ўжо нос спусціў. Тут бацька кажа: „Пойдзем сын зараз у сталоўку, а потым прыйдзем зноў сюды“. „Навошта па-новаму прыходзіць?“ — пытаю я. „Зараз убачыш“. Пайшлі, паелі, вяртаемся, падыходзіць бацька да прадаўцоў ды як загаворыць з імі па-польску. На паліцах толькі рускія акардэоны ляжалі, а нам вынеслі ў цалафане такім, бліскучы нямецкі, пераліваецца, 11 рэгістраў на галасах, пяць на басах, як глянуў — усё. Пра цану спыталіся, бацька сказаў, што не будзе браць: 557 рублёў кашуе, я ў плач. Дык я яго кожны раз плачам браў, ён жа любіў мяне. Ну, і купіў».

Першым настаўнікам па акардэону быў знаёмы бацькі, які, па словах Віктара, пастаянна піў, але за год 3-4 танца паказаў. Віктар пачаў сам вучыцца, да музыкі яго так і цягнула, музыкальная сяброўка з’явілася, да яе за 12 кіламетраў ехаць прыходзілася, каб яна паказала, як на басах граць.

«Пайшлі і вяселлі, і ўсё па гэтым вяселлям мяне цягаюць нарасхват, я ж з песнямі, мне і мікрафона не трэба было, голас быў от і да. Я сам ажаніўся, вось мне жонка і кажа: „Ведаеш, Віця, выбірай: альбо я, альбо твае вяселлі, надакучыла мне гэта ўсё: п'янкі твае, гулянкі“. Ну і калі яна мне такія ўмовы паставіла, я прадаў свой акардэон і паставіў кропку. І вось цяпер, калі пайшоў у хор, як убачыў, як Алёна (караўнік хора) грае, не магу аж, стаю, а вачэй не зводжу з яе рук, аж жаль бярэ, бо мог жа і я так. Алёна нават мяне аднойчы ругала за тое, што не Богу пяю, а клавішам. У дзяцінстве планаваў музыкай займацца, але, як кажуць, розуму не хапала. Мне б вярнуцца цяпер назад».

Пра жонку

Ажаніліся яны амаль адразу пасля знаёмства. Бывала, Віктар з працы едзе – заедзе да яе. Але канешне ж не апрануўшыся, у рабочай вопратцы, нават з сякераю, гэта калі з леса ехалі, дзе нарыхтоўвалі матэрыялы.

«Я да яе разы два-тры схадзіў, а ноччу назад, а назад дзікія свінні па полю ходзяць, па штук 70-80, я закуру, лягу, пагляджу. І вось так 2,5 км зімой хадзіў, а на раз чацвёрты прыйшоў і пытаю : „Ну, скажы ты, Надзюш, як доўга буду я гэты снег мясіць? Можа, ты выйдзеш за мяне?“.

Мой бацька мне казаў жаніцца, бо турма па мне плача. Бывала ў клуб прыйду, да драк даходзіла. Мне і наш брыгадзір сказаў: „Віця, калі да 40 гадоў не набярэшся розуму, так дурнем і памрэш“. Вось і за розум узяўся».

Віктар дзеліцца з намі ўспамінамі, як з жонкай разам на працу хадзілі, як у калгасе буракі палолі, як ён ёй дапамагаў, працы не баяўся, як праз 4 дні дамоў жонку адправіў адпачываць, як гной разам брасалі на прычэп.

«Яна ў мяне здаровая была, сілы мела от і до. Майму сябру аднойчы як дала ў грудзі, так двое дзвярэй адкрыў, так прылажыла. І мне аднойчы было», — смяецца.

Дзяцей сваіх у іх не было, яны ўзялі дзяўчынку з інтэрната, ёй 6 гадоў было, зараз яна ўжо дарослая, скончыла эканамічны ўніверсітэт, выйшла замуж. «Зяць у мяне добры», – дадае Віктар.

Пра тое, што змяніла жыццё

«Шла мая жонка з працы, дождж пачаўся, ехаў у нас хлопец на пагружчыку вялікім, прыпыніўся, кажа ёй: „Надзя, сядай, падвязу, а то палучку прывезлі, пакуль ты дойдзеш, не хопіць грошаў“. Раней ж было так: прывязуць палучку, хто паспеў, той і атрымаў, а хто не паспеў, то значыць, грошаў не хапала і чакай наступную. Ну, яна ўжо лезла на сядзенне, амаль села, а нага саслізнула і Надзя звалілася, адбіла ўсё сабе».

Пасля гэтага пачаліся ўскладненні, ёй рабілі складаную і першую такую аперацыю за ўвесь час існавання Смаргонскай бальніцы, далей таксама патрэбны былі аперацыі, але лекар сказаў, што пасля іх адзін подых ветра — і смерць, таму лепш не рабіць, а жыць, колькі Бог дасць. Жонцы далі групу па інваліднасці, адразу яна і хадзіць магла, і па дому штосьці рабіць, а Віктар на працу хадзіў.

Калі памёр яго бацька, маці баялася адна начамі на хутары жыць, таму ён яе забраў да сябе. І хоць кватэра невялікая, аднапакаёвая, Віктар, яго жонка і дачка жылі ў адным пакоі, а для маці на кухні ложак паставілі, тут наш герой успамінае прыказку «ў цеснаце, ды не ў крыўдзе». Калі маці споўнілася 80 гадоў, ён кінуў працу і перайшоў на дагляд за ёй, а пасля яе смерці доктар, якую Віктар успамінае з цеплынёй, параіла пайсці на дагляд за жонкай. А там ён і сам у 60 гадоў на пенсію пайшоў.

Мая Надзюша
Мая Надзюша

«З мяне дапамогу па догляду здымаюць, і жонка мне кажа: „Віця, здай мяне ў дом інвалідаў, я табе ўжо не патрэбна, ты за мяне грошаў не атрымліваеш", я адказваю: „Ты што? Думаеш, я цябе тут за грошы так? Я не за грошы даглядаю, нават выкінь гэта з галавы, усё як і было, так і будзем жыць“. Я ёй мыцца дапамагаў, масаж ёй рабіў па паўтары гадзіны, у мяне ўсе рукі пухлі. Часамі аднаго раза не хапала, больна ёй было, два разы прыходзілася рабіць, ну што, сахарны дыябет. Ну глядзеў, як мог, глядзеў, ўсё па дому рабіў».

Да жонкі Віктара ўвесь час хадзілі лекары і выпісвалі рэцэпты — усё без толку, Віктар прасіў зрабіць жонцы тамаграфію галавы, але ніхто не слухаў, нават прыйшлося яму мінздравам запужваць. «Тады выпісалі накіраванне, завезлі ў шпіталь, зрабілі тамаграфію — 4 стадыя рака галаўнога мозгу. Жонка ўсё пытаецца, што там лекар сказаў, я да лекара падышоў, каб ён сам ёй расказаў, яна выслухала, потым рукой махнула і сказала, каб рабілі, што хочуць».

Ёй зрабілі аперацыю, кожны дзень Віктар з дачкой ездзілі рабіць ёй масаж ног і рук, а ў апошні дзень, на дзясятыя суткі, я прыехаў да яе, прасіў пасядзець з жонкай, бо разумеў, што гэта канец, але доктар дадому адправіў. Віктар з бальніцы прыехаў, праз паўгадзіны - званок: жонка памерла.

«Адзінаццаць дзён мы не дажылі да 34-годдзя сужэнства. Ну, і яна мне ўжо казала, што дамоў не вернецца. Аперацыя, рэанімацыя і морг. Што сказала, усё збылося. Не магу — трэці год ужо пайшоў — аднаму сумна. Я ўжо Алёне (кіраўнік хора) казаў, што пасля хору ўсе дадому хутчэй, а мне хоць у капліцы начуй, так не хочацца вяртацца ў пустую кватэру, ды і хор для мяне — радная сям’я», — пачынае плакаць.

Пра каплічку

За ўсе гады, калі сабраць, Віктар палічыў, месяцы два толькі ў касцёл хадзіў, нават прыпомніў, як аднойчы ксёндз яму сказаў: „Віця, ты да касцёла напэўна ходзіш, толькі калі хто памрэ“. «Я амаль не адказаў: „Як у ваду глядзіш“, але адхваціў бы. Жонка памерла, шмат хто са знаёмых казаў, што трэба маліцца, ну, і я думаю, хоць на старасці прытуліцца да Бога, грахі змыць свае».

Аднойчы яны з зяцем ехалі машынай, каплічку ўбачылі, паглядзелі на крыж — каталіцкі. Падчас размовы ксёндз Алег прыгадаў, што ён нават прыходзіў да жонкі Віктара з сакрамэнтамі.

Пра хор

«Ксёндз Алег, калі прапаноўваў на Імшы пайсці ў хор, дык, думаю, калі я цяпер не пайду, то калі мне потым дзе знайсці што. Я з вялікім задавальненнем са школьных гадоў па сцэнам хадзіў, з песнямі. Мне і кіраўнік, Алёна, так падабаецца, я не ведаю, яна створана для гэтага, словаў няма, што яна за настаўнік — гэта золата! Алёна мяне хваліла, што схватваю хутка. Але я як хутка схватваю, так хутка і забываю», — смяецца.

«На рэпетыцыі так добра ўсё атрымліваецца, як дадому даеду — ўсё забуду. Аднойчы прыходжу на рэпетыцыю, а я адзін. Ды як тады Алёна са мной пазаймалася, я прыехаў дамоў, і цэлую ноч, як толькі прачнуся, у галаве гэтыя песні сам сабе пяю. От, думаю, глянь ты, першы раз такое. Ну вось такія справы».

Апроч усяго гэтага Віктар піша вершы, нядаўна для сяброўкі напісаў, але піша на рускай мове, беларуская, сказаў, ніколі не ішла.

 

 

Падрыхтавала Паліна Маісеева

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.