У сэрцы яшчэ прыемны смак рэкалекцый, у галаве рэхам гучаць думкі, якія на працягу трох дзён кіраваў да нас кс. Юрый Пракапюк, з якім сёння крыху бліжэй хочам вас пазнаёміць.

Ксёндз Юрый служыць у Брэсце ў новай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. З’яўляецца выкладчыкам у катэхетычным каледжы ў Баранавічах, таксама біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка прызначыў нашага рэкалекцыяніста адказным за душпастырства глуханямых у дыяцэзіі. А ў часе фармацыі да святарства яму давялося пабываць на місіях.

– У вашай парафіі яўжо не першы раз, – апавядае кс. Юрый. – Быў на парафіяльным адпусце ў гонар св. Максімільяна Марыя Кольбэ некалькі гадоў таму. Каплічку ўжо ведаю, месца знаёмае (усміхаецца – заўв. рэд.).

Пра рэкалекцыі

– Калі еду на рэкалекцыі або запрошаны пробашчам падзяліцца разважаннямі, то еду казаць пра Пана Бога, таму што Евангелле – Добрая Навіна – заўсёды актуальнае.

Людзі так функцыянуюць, што прызвычайваюцца нават да найлепшых моўцаў, да сваіх пробашчаў, душпастыраў. Ёсць добрая практыка, калі прыязджае запрошаны святар. Гэта свежы погляд. Святар-госць паслугоўвае сакрамэнтамі (асабліва споведзі), у Слове. Ведаю, што шмат людзей з гэтага карыстаецца менавіта, калі прыязджае ксёндз-рэкалекцыяніст.

Агульная тэма рэкалекцый – гэта сям’я. Тут жа тэматыка Вялікага посту, пакаяння, сям’і і ўвогуле адносін з людзьмі, штодзённыя справы. Тэма сям’і – яна такая ўніверсальная.

Калі пробашч не задае нейкай тэматыкі, то я як рэкалекцыяніст прапаную нешта, што для мяне важна, або чым сам кіруюся, справамі, якія мяне цікавяць у гэты перыяд. Я нядаўна скончыў выкладаць у Пінскай семінарыі. Зараз служу ў парафіі, дзе планую арганізаваць душпастырства сем’яў, таму выбраў гэтую тэму. Ксёндз пробашч Алег нічога не меў супраць (смяецца – заўв. рэд.).

Час рэкалекцый – гэта час малітвы для мяне, а ў першую чаргу для тых людзей, да якіх я прыязджаю. Я буду спадарожнікам, каб перажыць гэтыя разважанні. Не веру ў слоганы, што хутка можна перамяніць сваё жыццё. Здаецца, што дрэвы хутчэй растуць, чым мы змяняемся. Але добрая малітва і тое, што мы ў яе ўключаем і перажываем з Панам Богам, заўсёды нясе добрыя плёны. Таму рэкалекцыі – гэта час малітвы, наколькі мы зможам гэта зрабіць, час сакрамэнтаў, разважання Божага слова.

Пра разважанні

– Сям’я і цяжкасці. Калі больш шырока паглядзець на гэтае пытанне, то гэта не справа толькі канкрэтна сям’і, але ўвогуле адносін. Можам не мець сваіх сем’яў, але ў парафіі жывём, маем месца працы, якое часта называем сваім другім домам. Таму шырокія будуць разважанні. На чале — тэма сям’і, але таксама і тое, як можам мы, хрысціяне, свае адносіны будаваць у парафіі, месцы працы, са сваімі знаёмымі, якія і з’яўляюцца нашай сям’ёй.

Каб распачаць штосьці змяняць, трэба мець да гэтага жаданне. Мы называем гэта вольная воля. Тое, што мы робім, вельмі часта бярэ свае пачаткі ад нашых слоў, а яшчэ раней — ад нашых думак. Ад нашага імкнення і жадання штосьці змяняць, штосьці рэалізаваць, неяк перажыць гэты перыяд. Нябачнымі зернямі, якія пазней даюць свой плён у канкрэтных учынках, з’яўляюцца нашая воля, шуканне дабра, прыгажосці рэчаў, якіх у Пану Богу можам знайсці вельмі шмат. Здаецца, усё пачынаецца ў нашай душы.

Пра ўласнае жыццё

– Мне здаецца, што я жыву звычайным жыццём. Нарадзіўся я на Берасцейшчыне ў Кобрыне. Мне было прыкладна 13 гадоў, калі пачалі прыходзіць думкі пра святарскае пакліканне. З кожным годам усё болей і болей яны запаланялі маю галаву. Меў прыгожы прыклад святароў, якія працавалі ў роднай парафіі і ў парафіі ў Брэсце, куды мы з моладдзю часта прыязджалі на розныя сустрэчы. І для мяне было відавочна, што мой шлях — у семінарыю. І так сталася. Пасля будаўнічага тэхнікума я пайшоў у духоўную ўстанову. Але быў доўгі шлях да святарства. Вучыўся я ў Польшчы. Быў на практыцы ў Італіі, год на місіях у Паўднёвай Карэі. З місій досвед вельмі цікавы. Для мяне час гэты быў цяжкі і цікавы, бо ўсё было ў першы раз. Цікава ўсё. Мэты для мяне і тых, хто ехаў туды на місіі, былі вельмі высокія. Было складана, бо я не ўяўляў сабе, што розніца ў менталітэце і культуры будзе так цяжка перажывацца ў штодзённасці. Яшчэ вучоба там была складаная. Шмат экзаменаў. Інтэнсіўны час працы, пазнання культуры, адкрыцця свайго паклікання.

Пра служэнне

– У Брэсце зараз таксама працы шмат, бо гэта новая парафія. Толькі нядаўна скончылася будова касцёла. А я — першы душпастыр у гісторыі, прыпісаны да гэтай парафіі. На набажэнства ў звычайную нядзелю збіраецца ўжо каля 120 чалавек. Пакуль яшчэ перыяд больш спакойны, бо мала актыўнасці, няма парафіяльных груп, няма ініцыятыў, але я ўжо планую працаваць з глуханямымі, сем’ямі, моладдзю. Толькі, каб хапіла на ўсё сілаў (усміхаецца – заўв. рэд.).

Працу з глуханямымі пакуль распачынаем у Брэсце. У панядзелак першая сустрэча, будзе курс мовы жэстаў для сясцёр і валанцёраў. Ёсць яшчэ планы працаваць таксама ў Гомелі.

Я выкладаю Літургіку ў катэхетычным каледжы ў Баранавічах, зараз прашу, каб яшчэ ўзяць рыторыку. Чую ў сэрцы гэтую патрэбу. Пакуль ёсць магчымасць, буду гэтым займацца.

Крыху цяжка апошнім часам, бо часта ў мяне змяняюцца месцы службы. У нашай парафіі ёсць пробашч, які працуе на тры парафіі, і я – адзіны душпастыр. У Пінскай дыяцэзіі вельмі не хапае святароў, таму часта адзін пробашч на некалькі парафій.

Месцы працы, дзе я быў пасланы, гэта заўсёды нейкая магчымасць пазнаваць людзей і адкрываць багацце Касцёла. Здаецца, пакліканне і функцыя святара – ствараць такія ўмовы, каб пазнаваць людзей і пазнаваць розныя цяжкасці і радасці з імі. Для мяне ў маім жыцці адбыліся такія моманты, якія з'яўляюцца радасцю, што менавіта так магу быць з людзьмі, такім чынам магу прысутнічаць у іх жыцці.

І на заканчэнне…

– У вашай парафіі шмат супольнасцяў, гэта паказвае, што святары вядуць душпастырскую працу. Гэта бачна адразу. Можна не мець касцёла, не мець умоваў, а сабраць жывы Касцёл. І здаецца, што ў ксяндзоў хрыстусоўцаў гэта вельмі добра атрымліваецца. Уражанні ад вашай парафіі вельмі цёплыя.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.