Сёння мы хочам пазнаёміць вас з прадстаўніцай дзяцей нашай парафіі – Дзіянай Клянцэвіч. Яна вучыцца ў сёмым класе, займаецца музыкай, з’яўляецца скаўткай, і ўвогуле вельмі актыўна ўдзельнічае ў жыцці парафіі.

У Дзіяны ёсць два малодшыя браты – Ігар і Вадзім, з якімі яна вельмі добра ладзіць. «Акрамя, канешне, тых момантаў, калі мне трэба рабіць урокі ўвечары, а яны пачынаюць шумець», – усміхаецца наша гераіня. Сям’я дзяўчынкі любіць праводзіць вольны час разам: пайсці на коўзанку або ў кіно, выбрацца на прыроду. А калі выехаць не атрымліваецца, то яны проста збіраюцца разам перад экранам тэлевізару, каб паглядзець нейкі фільм.

Калі Дзіяна была меншая, яна з дзядуляй і бабуляй ездзіла ў парафію ў Рось, дзе працаваў ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч. З гэтых паездак, як кажа сама дзяўчынка, і пачалося яе духоўнае жыццё.

У Мінску сям’я Клянцэвічаў жыве даволі даўно, але да парафіі на Кунцаўшчыне далучылася толькі два гады таму.

– Мой траюрадны брат прымаў тут сваю першую Святую Камунію і паклікаў нас на ўрачыстасць. Толькі тады мы ўбачылі, што ў парку, схаваная сярод дрэў, стаіць невялічкая каплічка. Тата казаў, што ніколі б не падумаў, што там можа быць каталіцкая святыня. Нягледзячы на тое, што ў капліцу з-за вялікай колькасці людзей яны тады не ўмясціліся, іх, як і многіх іншых, якія толькі далучаюцца да нашай парафіі, уразіла ўтульная, сямейная атмасфера. Калі людзі выходзілі з капліцы, яны ўсе былі радасныя, дзяліліся хлебам, нягледзячы нават на тое, знаёмыя яны з табой ці не, і гэта было сапраўды прыемна», – з цёплай усмешкай успамінае Дзіяна.

У мінулым годзе Дзіяна прыняла сваю першую Святую Камунію разам з іншымі дзецьмі з нашай парафіі. Гэтая падзея вельмі ўзрушыла яе, бо прыняцце Найсвяцейшага Сакрамэнту з’яўляецца для нашай гераіні нечым сапраўды важным, чымсьці, што надае сэнс жыццю.

– Сэрца часам бывае як камень з-за грахоў. На споведзі ты гэты цяжар скідваеш, але сэрца ўсё роўна пакуль што халоднае. А потым да яго прыходзіць Бог праз Эўхарыстыю і пачынае саграваць, і сэрца робіцца такім цёплым і добрым, – разважае Дзіяна.

Нядаўна ў нашай парафіі паўстала новая суполка – «Эўхарыстычны рух маладых», да якога наша гераіня адразу далучылася. Дзіяна хоча больш пазнаваць Эўхарыстыю, Езуса, які кожны раз падчас святой Імшы ізноў ахвяруе Сябе за нас. Яе цікавіць Слова Божае, таму ў далучэнні да гэтай супольнасці яна бачыць магчымасць лепш разабрацца ў тым, што Пан Бог дае нам у Евангеллі. Дзіяне падабаюцца «хатнія заданні», якія удзельнікі суполкі атрымоўваюць пасля сустрэч – чытаць кожны дзень урыўкі з Бібліі і разважаць над імі:

– Калі я слухаю Евангелле, чытанні, я задаюся пытаннямі, як гэта адбывалася, чаму, як гэта патлумачыць і ці можна гэта неяк патлумачыць увогуле. Дома я засяроджваюся над Словам Божым у цішыні і адзіноце. Мне падабаецца, калі я магу разважаць, не абмяжоўваючыся часам.

Дзіяна наведвае музычную школу, вучыцца граць на фартэпіяна і атрымлівае ад гэтага сапраўдную асалоду:

– Мне падабаецца класічная музыка. Асабліва люблю Бетховена, яго «Да Элізы» і «Лунную сонату». Класна, калі я сама магу зайграць кампазіцыі, бо тады можна кантраляваць меладычнасць, тэмп, гук – там зайграць грамчэй, там цішэй, дзесьці хутчэй, дзесьці павольней і г.д.

Дзіяна ўжо некаторы час спявае ў парафіяльным падлеткавым хоры Agape. Ёй моцна падабаецца, бо ёсць магчымасць прапаноўваць песні для вывучэння, каб потым спяваць іх на Святой Імшы, бо ёсць добрыя дзяўчаты, з якімі хораша сябраваць і па-за межамі рэпетыцый, а таксама сястра Агнешка, якая кіруе хорам і заўсёды ўсміхаецца, падымаючы настрой, з-за чаго заняткі праходзяць лёгка і цікава.

У пачатку гэтага навучальнага году Дзіяна далучылася да руху каталіцкіх скаўтак. Яна распавядае, што яе тата таксама калісьці быў харцэрам (гэта таксама разнавіднасць скаўтынгу) і расказваў шмат цікавых гісторый пра гэта. Калі мы запыталіся, ці гэта паўплывала на яе рашэнне стаць скаўткай, Дзіяна сказала, што, канешне ж, так.

– Тата распавядаў пра свае выезды. Пра тое, як яны спалі па дваццаць чалавек у адным намёце, як прывозілі першы бэтлеемскі агонь у Беларусь. Пра тое, што, каб атрымаць нашыўку, трэба было суткі прабыць у лесе і прытым не мець з сабой нічога, ні намёту, ні ежы – трэба было ўсё зрабіць і знайсці самому. Тата прапанаваў мне далучыцца да скаўтак, а мама падтрымала гэтую ідэю, чаму я вельмі абрадавалася. Цяпер я ў скаўтынгу і кожны выезд, кожную зборку даведваюся пра штосьці новае ў скаўцкім жыцці. Гатаванне на вогнішчы, розныя тэатральныя пастаноўкі і г.д. – гэта ўсё весела, карысна і вучыць самастойнасці.

Дзіяна распавядае, што ёй падабаецца падчас выездаў быць на ўлонні прыроды, аддаляючыся такім чынам ад шуму і марнасці гораду. Таксама яна добра пасябравала з дзяўчатамі з кап’я Няясыць, у якое трапіла, і лічыць, што з імі вельмі прыемна праводзіць час.

Дзіяна – сапраўды таленавітая дзяўчына: акрамя таго, што яна спявае і грае на музычным інструменце, у вольны час яна займаецца арыгамі і алмазнай вышыўкай, любіць гуляць у валейбол, вывучае польскую мову. Таксама Дзіяна добра танчыць – раней яна прафесіянальна займалася спартыўнымі бальнымі танцамі і мае шмат узнагародаў.

Наша сённяшняя гераіня рэдка сумуе, на яе твары часта можна ўбачыць шырокую ўсмешку. Яна тлумачыць гэта тым, што мае свой дэвіз: «Заўсёды ўсміхацца, ніколі не здавацца», – якім кіруецца па жыцці.

Падрыхтавала Марыя Бачыла