26 лютага Папяльцоваю серадой распачаўся Вялікі пост — перыяд асаблівага пакаяння і аднаўлення жыцця.

У Папяльцовую сераду адбываецца абрад пасыпання галоў вернiкаў попелам, які з’яўляецца знакам жалобы і выражае смутак чалавека, што спазнаў няшчасце. Таксама святар, здзяйсняючы гэты абрад, прамаўляе: «Памятай, што ты прах i ў прах вернешся» або «Кайцеся i верце ў Евангелле».

Вялікі пост у Касцёле — гэта таксама час падрыхтоўкі (праз рэкалекцыі і споведзь) да найважнейшага свята ва ўсім літургічным годзе — Уваскрасення Пана.

Касцёл у гэты святы час заахвочвае да практыкавання добрых учынкаў: малітвы, посту і міласціны, а таксама да ўдзелу ў набажэнствах Мукі Пана: Крыжовым шляху і Песнях жальбы.

У нашай капліцы ў часе посту будуць адбывацца пакутныя набажэнствы: Крыжовы шлях – у пятніцу а 10.30 і а 19.00 гадзіне; Песні Жальбы - нядзеля перад Св. Імшой на 12.00 (у 11.45). Падчас посту ў пятніцу Святая Імша а 7.00 і пасля Крыжовага шляху а 10.30.

На працягу Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах і ўзяць сабе пастанову на гэты перяд.

Касцёл заахвочвае зрабіць на перыяд посту канкрэтную пастанову, каб здолець паглядзець на два асноўныя вымярэнні — адносіны з Богам і бліжнім, а таксама на адносіны ў дачыненні да парафіі, месца працы ці вучобы, каб у гэтым асяроддзі жыць Хрыстовым Евангеллем, адмаўляючыся ад руціны і знешняй фармальнасці.

 

Паводле Jan.by i Catholic.by

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.