Сёння мы хочам расказаць вам гісторыю пані Рэгіны, адной з нашых старэйшых парафіянак. У верасні ёй споўнілася 92 гады, але яна напоўнена радасцю, умее жартаваць. Мае чатырох унукаў, чатырох праўнукаў і чатырох праўнучак.

Пані Рэгіна пачынае свой расказ з дзяцінства і сваіх каранёў:

— Я нарадзілася ў вёсцы Лукашына, Рубілкаўскага сельсавета, цяпер яго ўжо няма (Койданаўскі, ад 1932 г. Дзяржынскі р-н. — заўв. рэд.). Я з польскага роду, мая ўнучка цяпер шукае карані, дык яна шукае і мне ўжо рассказвае, бо не ведаю нічога. У 30-ым годзе нас раскулачылі, усё забралі, і тату забралі, далі 5 год.

Пані Рэгіна расказала, што яна з маці жыла ў Лукашыне, потым хату забралі, выкінулі іх адтуль і пасялілі ў дом, дзе жылі жанчына з дачкой. Пасля гэтых падзей Рэгіна жыла ў Багданаўшчыне, пайшла там ў школу, у першы клас.

— Тата адбыў, вярнуўся, але ў Бабруйск, бо бліжэй 100 км ад граніцы нельга было жыць. Піша маме пісьмо каб прыехала, ён там кватэру нейкую знайшоў. Нас чатырох дзяцей было — два старэйшыя хлопцы і мы з сястрой дзве меншыя. А дзе ж мама з чатырма дзецьмі паедзе! Аддае адной сястры старшага брата, а мяне, меншую, другая сястра забірае.

У 37 годзе тату зноў арыштавалі, забралі. Адзін брат застаўся там, дзе жылі бацькі, а меншы пагасціць да нас на вёску паехаў. Прыехаў і акурат вайна пачалася. Хацелася яму вярнуцца. А як жа паедзе ён, усё разгромлена, паязды не ходзяць... У 44 годзе на вайну пайшоў, там яго і забілі. І не ведаем дзе пахаваны, пахаронка была ў Польшчы. Хацела я паехаць знайсці там яго, але забылася ў якой вёсцы, ведаю толькі вобласць, район. І вось ведаеце, сплю, сню, нібы я прыйшла, абняла памятнік і кажу: «Брацік, хачу цябе абняць», і тут нібы стрэл у вуха: «Сяло Надзеждзіно». Дык я бы і з’езділа туды, але не магу.

Да веры нашая гераіня прыйшла яшчэ ў дзяцінстве, бацькі яе былі веруючыя. Таксама яна расказала як падчас выйны маліліся. Як памоліцца на нач Богу — спіць спакойна, ніхто не трывожа, а як не памоліцца — партызаны прыйдуць. Бывае з вечара, а бывае пад раніцу разбудзяць.

— Прыйдуць — забяруць ўсё. Мы ўсё хавалі. Нанач, калі распраналіся, людзі свае абуткі на вуліцу выносілі пад кусты хавалі — ноччу ж не бачна нічога. Бо ўсё забіралі: пасуду, вілкі, лыжкі. Нават вадзілі да немцаў кароў сваіх хаваць, каб партызаны не забралі.

Касцёл быў пры немцах адкрыты ў Дзяржынску. Я ж надта не ўмела маліцца, пацеры на польскай беларускімі літарамі перапісала. У вайну хадзілі маліцца: ружанец адмаўлялі, гадзінкі спявалі. Веруючыя ўсе былі, кожную нядзелю было набажэнства, за жаўнераў маліліся.

З мужам
З мужам

Пасля вайны саветы касцёл зачынілі. Пані Рэгіна выйшла замуж, у яе нарадзіліся дзеці: першы сын Алег, потым дачушка Алла і сынок Віктар.

— А як вы з мужам пазнаёміліся?

— Мужа звалі Вацлаў, ён 17 гадоў назад памёр. Пазнаёміліся, калі торф рэзалі. Выглядала гэта так: у канаве хлопец рэжа торф, а дзяўчыны ловяць, кладуць ў ваганеткі, вязуць, складаюць. А Вацлаў вярнуўся ўжо з вайны, і хадзіў на балота, ад Косак (ён там жыў) блізка. Ён адтуль і пагуляць прыходзіў, ну і спадабалася я яму. Кажа: «Прыйду у сваты». Я кажу: «Ну як хочаш». Вось мы і паехалі шлюб браць, вось тады я і ў споведзі пабыла, і напэўна тады і Першую Камунію прыняла, а потым доўга не была. Праз шмат гадоў неяк прыехала ў Мінск на кальварыю ў касцёл, тады ячшэ нідзе не было касцёла. Прыйшла на своведзь, ксёндз пытаецца: «калі ў споведзі была?» Адказваю, што даўно. Ксёндз зноў пытаецца колькі: год ці два? «Ой, —кажу, — можа 20». Дык ён мне: «Ты дурная?». Так і сказаў. Але праўду сказаў.

На сваім вяселлі
На сваім вяселлі

Пані Рэгіна стала ездзіць з вёскі Коскі ў касцёл ў Мінск.

— У гэты час тут адваёўвалі касцёлы, трэба былі спіскі з подпісамі, дык я гэтыя спіскі збірала і прывозіла, так касцёл і адваявалі.

Нашая гераіня падзялілася, як ў 64 годзе да іх ў калгас прыехалі рабіць флюараграфію і знайшлі ў яе на лёккіх ачагі. Яна за ўсё жыццё нічым не хварэла, а цяпер іх такіх 13 чалавек захварэўшых на туберкулез аказалася.

— А я не веру, што я хворая, паехала ў Мінск да лекара, ён падцвярджае. А доктор кажан піць лекаў, якія выпісваюць, бо яны ўскладненні на печань і ныркі даюць. Лячыцеся, кажа, дзедаўскімі метадамі. І сасніла я сон: «Дзеткі, лячыцеся пупышкамі топаля, яны лечаць раны як знешне так і ўнутры». Ну дык я давай збіраць гэтыя пупышкі. У банку насыпала, спіртам заліла і піла па чайнай лыжцы перад ядой, і ўсё прайшло.

Потым забалела ў мяне нага, ад бядра і да пяты. Стаць роўна не магу, сесці сама не магу. Прашу: «Божачка, міленькі, памажы мне, чым мне нагу палячяць, падскажы лякарства якое». Тут ксёндз у касцёле аб’яўляе пілігрымку ў Будслаў. А я ўжо не першы раз еду. Я да дачкі: «Паехалі». А яна кажа: «Як ты паездеш? Дарога далёкая, як ты высядзіш?». Я кажу: «Не перажывай, я ўсё перанясу, ўсё выцерплю, вынясу». Усё ж такі паехала. Прыехалі, зайшлі ў Касцёл, усе людзі ідуць на каленях, а я не магу, у мяне гэтае калена...

Пачынае плакаць.

— Сяджу, малітвы чытаю. Падышла жанчынка да мяне. Я ёй кажу,  што там, вось людзі туды, да алтара ідуць, а я не змагу пайсці. Яна мне кажа: «бабка, ідзі так». Пайшла я да алтара. Спачатку на карачках паўзла, там ужо паднялася, потым пайшла, запісачкі панесла. Прыехала дадому, паспала, раніцай устала, пайшла на кухню. Аб стол аперлася рукамі, роўненька стала, стаю — не баліць! Павярнулася туды, сюды. Не баліць! Матачка Боская, ты цуда зрабіла! З таго часу я чатыры разы ездзіла да Матачкі Божай дзякаваць Ёй.

Пані Рэгіна жыве ў Косках, але на зіму прыязджае жыць да сваёй дачкі. У вёсцы любімая праца — гэта кветкі, у мінулым годзе яна нават заняла першае мейсца па вёсцы ў намінацыі «лепшае падвор’е». Таксама сінюю гартэнзію прынесла і пасадзіла за капліцай.

— Як ў нашу капліцу трапілі?

— Дачка звала да сябе, казала: «Мама прыязджай», а адказваю: «Што мне там рабіць? Вось калі б быў ў цябе касцёл дзе блізка...». А тут строяць нешта. Не ведаем што, прыходзім з Альбінай, сяброўкай. Два ксяндзы Аляксандры былі, ды яны поўзаюць па падлозе ў капліцы, лакам падлогу красілі. Мы думалі дапамагчы што, але ўжо ўсё было зроблена. Праз некалькі год  сказалі, што кусты трэба сячы. Ды я кажу Эме, іншай сяброўцы: паедзеш у вёску — прывязі сякерку. Прывезла яна сякерку, пайшлі і два дні секлі кусты. Гэта мне было 88 гадоў. Ну і дзякуй Богу пачалася будова касцёла.

 

Усё жыццё Рэгіна любіла працаваць, падчас вайны у лес ездзіла дровы рубіць, 6 год пасвіла цялушак, працавала у калгасе і была, як яна расказвае, паслухмяным чалавекам: куды скажуць, туды і ідзе.

На пытанне пра любімую малітву адказвае, што ўсе малітвы любіць і за дзень паспявае адгаварыць ўсе літаніі, ружанец, таксама моліцца да святога Патрыка і святога Юзафа.

— Да святога Юзафа аб добрым мужы моліцеся? — жартуем мы.

— Не, — смяецца, — мне не патрэбны ўжо муж. Раней ўсё штосьці трэба было, а зараз нічога не патрэбна. Мне здавалася я за жыццё ўсю работу не перараблю, а цяпер праўда, нічога не трэба. Я жыву з Богам і для Бога. А дзякуй Божаньку, што ён мне дапамагае, што я можа не заслугоўваю, але што падумаю, то Божанька дасць мне.

— Ці ёсць ў вас мара?

— Усе ўжо збыліся.

Але тут дачка падказвае, што у пані Рэгіны ўсёж-такі ёсць мара: памерці летам ў кветках і на сваіх нагах, памерці пабожна і атрымаць вечнае шчасце ў небе.

— А я была захварэла, дык кажу, аж брыдка мне: аджыла, усе ўжо чакалі смерці, а я паправілася. Сын нешта пытае як я, я адказваю: «Нічога, буду жыць, а коль прыдзецца ў землю леч, ды гэта толькі раз», — смяецца.

Я была такая худая, прыйшла сяброўка, я ў яе пытаю, ці падобна я на смерць, яна адказвае: «павінен нос тонкі зрабіцца», а у мяне ён тонкі і зрабіўся, вось мы і пасмяяліся.

Бог паслаў дактароў да мяне добрых. Доктар сказала, што яшчэ на танцы пайду. Дачка кажа: «Не, на танцы яна не пойдзе, пойдзе ў каплічку». Ды тая доктар спытала ці хажу я сюды, на Матусевіча. Аказалася, што яна таксама ходзіць. Каб яе сустрэла ў капліцы, я б яе ў руку пацалавала.

— Што вы можаце пажадаць ўсім?

— Ісці да Бога, яго прасіць, Ён дапаможа. Верыць у Яго душой і сэрцам.

Нам было цікава, што ж дапамагае пані Рэгіне заставацца такой радаснай?

— Радасць дае жыццё, — адказвае яна і смяецца.

Размаўляла Паліна Маісеева

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.