Час ляціць, мінуў чарговы тыдзень, а ў нас новы герой — спадарыня Людміла Паталей. Яна ўжо даўно належыць да нашай парафіі, з’яўляецца маці чатырох дзяцей і жыве пад дэвізам «Важна толькі тое, кім мы ёсць у вачах Бога».

— Нарадзілася я ў Мінску, але дзяцінства і юнацтва прайшло ў Івянцы, а самымі яркімі ўражаннямі былі летнія адпычынкі на хутары ў Налібоцкай пушчы ў дзеда. Бабуля і дзядуля былі вельмі веруючыя людзі. Бабуля з Навагрудка, калісьці спявала ў хоры, мела вельмі прыгожы голас і пры жыцці ведала сясцёр-мучаніц назарэтанак. Дзядуля належаў да Трэцяга францішканскага закону, і я заўсёды памятаю яго з ружанцам у руках.

Калі мы жылі ў Івянцы, паралельна з вучобай у нас было шмат мерапрыемстваў пры касцёле, пачынаючы ад розных малітоўных чуванняў, адарацый, выездаў, да ўжо ў больш сурёзным узросце сустрэч францішканскай моладзі з братам Ражэ (заснавальнікам руху Тэзэ — заўв. рэд.) за межамі Беларусі. Гэты час быў вельмі насычаны і яркі. І я не памятаю такога часу, калі б мы дзецьмі былі па-за касцёлам. Напэўна вялікім плюсам былі такія глыбокія каталіцкія традыцыі ў сям’і. Моладзь пры касцёле таксама была вельмі цікавая, добрая, разам нам было вельмі камфортна і ўсе былі блізка Бога. Нават калі мы ішлі на дыскатэку, то потым у тым жа складзе стаялі ў нядзелю на Святой Імшы.

Людміла дзеліцца і тым, што нехта з яе сяброў абраў сямейнае жыццё, а хтосьці пайшоў да назарэтанак ці францішканаў. І распавядае пра святароў, якія вельмі шмат часу праводзілі з моладдзю, прапаноўвалі шмат цікавых альтэрнатыў і адкрывалі новыя магчымасці. Гэта перарасло ў патрэбу і неабходнасць належаць да нейкай супольнасьці.

— Мы з мужам належым да супольнасці Святой Сям’і пры кангрэгацыі сясцёр назарэтанак, прыналежнаць да супольнасці з’яўляецца важным пункам ў нашым жыцці. Гэта месца, дзе мы ўдасканальваем свае адносіны з Богам, умацоўваемся ў веры. Дзякуючы сёстрам, якія арганізоўваюць гэтыя сустрэчы, святарам, якія апякуюцца намі, мы шмат там атрымліваем: уменне чуць, трымацца адно аднаго, спраўляцца як са сваімі слабасцямі, так і прымаць слабасці іншага чалавека. Я спадзяюся, што мае дзеці таксама будуць належаць да якой-небудзь супольнасці. Самае галоўнае, што нам трэба ў жыцці, мы ўжо маем.

Са сваім мужам Аляксеем Людміла сябравала з дзяцінства, бо яны былі суседзямі. І нават зараз, калі ўспамінаюць, у які момант пачаліся іх больш сур’ёзныя адносіны, не могуць даклана вызначыць той час.

— Мы ажаніліся, калі нам было па 25 гадоў. Дзякую Богу за тое, што не дазволіў адступіцца і пымыліцца ў выбары мужа. Таму што вельмі важна, калі па жыццёвых прынцыпах чалавек вельмі блізкі табе, і крытэрыі адносна ўсяго не разыходзяцца, а недзе побач ідуць.

— У вас ёсць хоббі?

— Я люблю чытаць, маю на гэта мала часу, але знаходжу яго. Вельмі люблю Караткевіча, чытаючы Біблію часцей звяртаюся да псалтыра і кнігі Эклезіяста. «Анна Карэніна» Льва Таўстога вельмі ўразіла мяне, калі перачытвала яе апошні раз. З хрысціянскай літаратуры на дадзены момант чытаю Макса Лукада.

Калі мы прыязджаем да бацькоў у Івянец, то люблю папрацаваць ў кветніку, прышчэпліваць грушы, яблыні. Маю невялікі вопыт, але ўжо і плады гэтага вопыту таксама маю. Гэта тое, што дастаўляе мне радасць.

Увогуле па спецыяльнасці наша гераіня філолаг, вывучала беларускую мову і літаратуру, працавала настаўніцай у школе.

— У вас ёсць мара?

— Так. У мяне вялікі вопыт розных выездаў, але з улікам таго, што кожны з дзяцей быў маленькім, прамежкі паміж дыкрэтнымі былі невялікія, магчымасці недзе выязджаць з сям’ёй не так шмат. Таму хацелася б, канешне, часцей выязджаць з сям’ёй куды-небудзь, і не толькі на адпачынак, але і на экскурсіі.

— Раскажыце пра сваіх дзяцей.

— Калі мы з мужам разважалі пра колькасць дзяцей, то размова ішла пра дваіх, а атрымалася ў два разы больш «падаруначкаў» (У сям’і Паталей чацвёра дзетак: Аляксандра, Насця, Жэня і Савелій — заўв. рэд.). Наконт сваіх дзяцей я не строю ўласных мараў і асабістых амбіцый, хачу, каб кожны знайшоў сябе і рабіў у гэтым жыцці тое, што ён хоча. І вельмі люблю выраз, што бацькі павінны сваім дзецям даць карані і крылы. З каранямі ўсё зразумела: што атрымалі, то і маюць. А вось крылы трэба падтрымаць і не абламаць.

— Як Вы ставіцеся да таго, што нехта з вашых дзяцей выбярэ кансэкраванае жыццё?

— Мне б хацелася гэтага, але нашае дзіця, з якім мы пра гэта гаварылі, сказала «не» (смяецца — заўв. рэд.). Я пагаджаюся з Антоніем Суражскім, які кажа: «Прыйдзе такі час, калі вашы дзеці будуць пачынаць свае адносіны з Богам самастойна». Таму я за тое, каб у іх ужо зараз быў той фундамент, які дазволіць ім не пачынаць з пачатку, а да нечага проста вярнуцца.

— Ёсць у вас якія-небудзь сямейныя традыцыі?

— Калі казаць пра сямейныя традыцыі, то вечар у нас для таго, каб усім разам сабрацца, наколькі атрымоўваецца.  Калі гэта нядзеля, дзяўчаты могуць выпякаць што-небудзь смачнае, і ў нас такі сумесны чай-вячэра атрымліваецца. Можа быць прагляд фільма, шпацыр.

Супольная малітва ўвечары абавязковая. Пасля вечаровай малітвы — такі маленькі прыватны дыялог, благаслаўленне дзяцей. Благаслаўленне — гэта знак крыжа, абняць, пацалаваць. Таксама, калі не зусім позна, то яшчэ чытаем на ноч. Дзеці маюць прыватнае чытанне кнігі абавязкова, але гэта ў тым выпадку, калі дазваляе час.

Летам мы вельмі часта выязджаем на прыроду, збіраем грыбы, ягады, ловім рыбу, купаемся на возеры. Любім разам катацца на веласіпедах, супольна гуляць.

Апроч усяго, мы даведаліся, што чытаць у сям’і Паталей — гэта абавязкова, дзеці ходзяць за кніжкамі ў бібліятэку, а таксама карыстаюцца разнастайнымі кнігамі з дамашняй бібліятэкі.

Кожны мае нейкія хатнія абавязкі. У суботу яны больш аб’ёмныя, чым у буднія дні. Таксама дзеці маюць абавязак пасля супольнай малітвы, калі кладуцца спаць, самастойна ацэньваць свой дзень і знаходзіць як мінімум 5 момантаў, за якія яны ўдзячныя Богу.

— Усё маё жыццё праходзіла блізка касцёла, блізка Бога, і заўсёды побач былі сёстры назарэтанкі. Можа, дзякуючы такім блізкім адносінам з сёстрамі, у свой час я пачала духоўную фармацыю. Яны былі для мяне падтрымкай, падмуркам і прыкладам. Я вельмі жадаю, каб для кожнага з нас адносіны з Богам былі жывымі, адкрытымі, каб быў не нейкі «Божанька» на абразіку, а існавалі менавіта жывыя адносіны, якія паглыбляюцца і ўдасканальваюцца.

Размаўляла Паліна Маісеева

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.