Сёння мы раскажам вам пра нашага даўняга парафіяніна – Марціна Палінеўскага. Ён, як і яго малодшыя браты Дамінік і Себасцьян, з’яўляецца скаўтам і міністрантам, вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі і лічыць, што мова, на якой размаўляеш, мае значэнне.

Тата Марціна працуе ў Сatholic.by, мама – у рэдакцыі каталіцкага часопіса Ave Maria.

Як і многія хлопцы, Марцін любіць гуляць у футбол, але сапраўдным захапленнем для яго стаў скаўтынг. Для Марціна скаўтынг – гэта вялікая сям’я, добрая кампанія і шмат сяброў, з якімі ўтвараюцца цесныя зносіны, а таксама магчымасць і спосаб дасканалення і змянення сябе ў лепшы бок. Менавіта прынцыпамі каталіцкіх скаўтаў Марцін імкнецца кіравацца ў сваім жыцці. Ён лічыць: што б не здаралася, трэба перадусім заставацца хрысціянінам.

У касцёл Марцін ходзіць з дзяцінства, разам з бацькамі, з сям’ёй. Таксама ён належыць да Літургічнай Службы Алтара. Дзякуючы гэтаму, па словах Марціна, ён можа бліжэй знаходзіцца да таго, што адбываецца падчас Святой Імшы. «Перад канфірмацыяй я зразумеў, што каплічка наша маленькая, але вельмі ўтульная, гэтая абстаноўка спрыяе больш свабоднай і засяроджанай малітве. Нягледзечы на памеры каплічкі, кожная Святая Імша вельмі прыгожая. Я лічу, што каталіцкая Літургія ўвогуле вельмі прыгожая і прадуманая».

Як дзеліцца Марцін, Бог з'яўляецца для яго нябесным Айцом і Сябрам, які можа падтрымаць у любы момант, прабачыць любыя праступкі, і таму адарацыя – адна з любімых форм малітвы для яго. «Ты знаходзішся сам-насам з Богам. Гэта твая асабістая сустрэча з Ім, гэта вельмі важна».

Былі і моманты ў яго жыцці, калі ён дaкладна адчуваў прысутнасць Бога: «Такім бачным Божым цудам была сітуацыя, калі падчас сёлетняй пілігрымкі ў Будслаў я ішоў у самым канцы, і тут міма нас пранеслася машына і паляцела ў кювет. Я лічу, гэта было Божае дзеянне, што ніхто не пацярпеў. Машынку памяла, але ў параўнанні з жыццём чалавека – гэта нішто. Таксама я асабліва адчуваў Божую прысутнасць падчас сакрамэнту канфірмацыі».

З пункту гледжання нашага суразмоўцы, вельмі важна адстойваць сваю веру, у любых дыскусіях умець аргументаваць тое, што ты веруючы, і менавіта падрыхтоўка да сакрамэнту бежмавання дапамагла яму ў гэтым.

Мы даведаліся, што Марцін вучыцца граць на гітары, ходзіць на курсы вэб-распрацоўкі, цікавіцца архітэктурай. «Асабліва мяне захапляе гатычны стыль. Калі мы былі ў Вроцлаве, я не мог удосталь налюбавацца прыгажосцю і веліччу касцёлаў, ну і самаго Старога горада. Я дзіўлюся веры людзей, якія планавалі гэтыя пабудовы, а таксама тых, хто ахвяраваў сродкі, бо многія ведалі, што не паспеюць убачыць вынік сваіх укладаў або сваёй задумкі, але гэта іх не спыняла».

Марціну падабаецца беларуская мова, але яго непакоіць, што сітуацыя з ёй у краіне вельмі «жахлівая», таму што амаль 90 адсоткаў насельніцтва на ёй не размаўляе.

На пытанне, што б яму яшчэ хацелася змяніць, Марцін адказвае: «Каб сцежкі не пад прамым вуглом перасякаліся, бо на гэтых скрыжаваннях людзі самі сабе дарогу пратоптваюць». «Табе балюча глядзець на стоптаную траву?» – удакладняем мы. «Мне хадзіць балюча», – гаворыць Марцін і смяецца.

Самымі важнымі рысамі ў сяброўстве для яго з’яўляюцца шчырасць і надзейнасць, ён і сам жадае развіваць гэтыя якасці. Таксама Марцін імкнецца развіваць крэатыўнасць. На адным скаўцкім летніку, падчас экспла (ад англ. exploration – даследаванне), Марцін, не жадаючы нагружаць гэтым заданнем астатніх, сам маляваў касцёл, і, як ён распавядае, маляваць – гэта прышпільна, калі атрымліваецца.

Вялікае значэнне для Марціна мае яго сям’я – мейсца, дзе ты можаш быць такім, якім ты ёсць, і заўсёды атрымаць падтрытмку і дапамогу. Важным момантам для яго ў сям’і з’яўляецца ўзаемапаразуменне. «Калі казаць наконт хатніх абавязкаў, то такіх канкрэтных няма: хто бліжэй, той і робіць. Ёсць такое, што мне больш падабаецца не само дзеянне, а вынік: была брудная падлога, стала чыстая. Таксама я люблю, калі мама гатуе шарлотку».

І напрыканцы працытуем словы, якімі дзеліцца адзін сябра нашага героя: «У Марціна шмат добрых якасцяў. Я не вельмі даўно яго ведаю, але зносіны з ім сталі для мяне вельмі важнымі».

Размаўляла Паліна Маісеева

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.