27 снежня ў свята святога Яна Евангеліста ў нашай парафіі адбылася ўрачыстая адпустовая святая Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас казання арцыбіскуп Тадэвуш разважаў аб ролі святога Яна, апекуна нашай парафіі, у гісторыі хрысціянства. «Евангелле ад святога Яна найлепей прадстаўляе таямніцу Богаўцелаўлення. Бо хрысціянства гэта не ідэя, не філасофія, гэта спатканне з жывой асобай Езуса Хрыста. Да гэтага спаткання вядзе кожнае Евангелле, але асаблівым чынам вяде Евангелле ад святога Яна», – адзначыў іерарх.

Арцыпастыр нагадаў, што святы Ян прысутнічаў у самыя важныя моманты жыцця і дзейнасці Хрыста, ён адзіны з вучняў, хто застаўся пад крыжам на Галгоце, менавіта яму Езус даручыў сваю Маці.

«Чацвёртае Евангелле, тры паслання, Апакаліпсіс – вялікі апостал запісаўся ў гісторыю Збаўлення, тым самым заклікаючы нас таксама прымаць у ім удзел», – сказаў арцыбіскуп Тадэвуш.

Падчас урачыстасці асвячалася віно. Яго Эксцэленцыя расказаў звязаную з гэтым прыпавесць пра Яна, а менавіта як кубак з атручаным віном рассыпаўся ў яго руках. Арцыбіскуп прывёў аналогію з сучасным жыццём: «Наш час ёсць часам цяжкіх выпрабаванняў. Секулярызацыя, карупцыя, наркотыкі, алкагалізм, неўпарадкаваныя сэксуальные зносіны – гэта той самы келіх горкага віна, які вядзе не да Бога, але ад Бога. Але мы павіны піць добрае віно Божай ласкі», – заклікаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

З нагоды Божага Нараджэння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў вернікаў, падкрэсліваючы важнасць духоўнай часткі гэтага свята, і пажадаў, каб «вашыя сэрцы сталі Бэтлеемам гэтага часу».

На заканчэнне арцыбіскуп і вернікі падзяліліся аплаткай, скадаючы ўзаемныя віншаванні і пажаданні.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.