Сёння чарговы панядзелак, а гэта азначае, што мы спяшаемся пазнаёміць вас з яшчэ адным членам нашай парафіяльнай сям’і.

– Раскажы троху пра сябе: калі і дзе ты нарадзілася, як даўно жывеш у сталіцы, – пачынаем размову.

– Я нарадзілася ў Гродна ў каталіцкай сям’і 18 гадоў таму, – распавядае Агата. – Мае бацькі па нацыянальнасці палякі. Калі я заканчвала вучобу ў школе, то выбірала, у які ўніверсітэт падаць дакументы на паступленне. Хацелася ў аграрны, таму што ў мяне засёды было жаданне працаваць на зямлі, жыць у вёсцы, бо каменныя джунглі мне не падабаюцца. Увогуле мая мара – з’ехаць на вёску, быць бліжэй да прыроды. Спадзяюся, што праз некалькі год мая мара спраўдзіцца. Вось такім чынам, я абрала Мінск. Калі паступіла, мяне чакаў пераезд, першы год быў скаладаны маральна, духоўна і фізічна. Для мяне гэта быў чужы горад, я нікога не ведала, універсітэт у некаторым сэнсе не апраўдаў маіх чаканняў. Але вучуся я добра.

– Якім было тваё жыццё ў родным горадзе?

– У Гродна я жыла прама каля касцёла (парафія Божай Міласэрнасці), там меня і хрысцілі. Але парафія сэрцанаў вельмі вялікая, і як ва ўсіх вялікіх парафіях тут людзі адчуваюць сябе больш ананімнымі. Я толькі хадзіла на катэхезу, у 10–11 класах пачала хадзіць на сустрэчы моладзі, але адчувала, што магу рабіць штосьці большае.

Скаўтынг прыйшоў да мяне на пачатку 2016 года. Менавіта ён прыйшоў да мяне, бо скаўткі з Дзевятоўкі прыехалі ў Вішнявец, у нас дома яны начавалі. Аднойчы мы разам пайшлі ў «лес» – наш гарадскі парк, там трэба было распаліць вогнішча. Дзяўчыны неяк доўга ўсё рабілі, таму я ўзяла ініцыятыву, і хоць рабіла гэта першы раз у жыцці, усё атрымалася. Ва ўсім, што рабілі скаўткі, я адчувала нешта блізкае, скаўцкі дух мне падабаўся. Тады я адразу прыйшла да мамы і сказала, што хачу быць скаўткай. Бацькі былі не супраць. Я пачала ездзіць на Дзевятоўку, хоць часамі гэта было складана, бо ў 9 класе мне было патрэбна даязджаць у іншы раён горада, але мне вельмі падабалася. Усе нашыя выезды – гэта было крута. На самой справе, я прызнаюся, што калі б не скаўтынг, я не ведаю, дзе б я была сёння і ці ўвогуле хадзіла б да касцёла. Для мяне гэта быў Божы Провід.

– Ты да гэтага часу ў скаўтках? – пытаемся мы.

– Так. І сёння вялікую частку майго жыцця займае скаўтынг. Служэнне мне вельмі падабаецца. Мне здаецца, што гэта Божы План на мяне. Я захапляюся ўсёй гэтай педагагагічнай сістэмай.

Калі я была кап’явой у Гродне, на адной з сустрэч дзяўчыны з парафіі хрыстусоўцаў запыталі ў мяне: «Куды будзеш паступаць?», я адказала, што ў Мінск. Яны сказалі, што я прыеду і буду іх звязовай. Тады мы пасмяяліся. Але ў лістападзе мяне наяве прызначылі звязовай.

Шмат карысных навыкаў я здабыла праз скаўтынг: навучылася гатаваць, многа чаго магу сама зрабіць на прыродзе, але галоўнае, што скаўтынг навучыў мяне маліцца. Бо я ўбачыла сапраўдную малітву, не проста адгаворванне завучаных тэксатаў ці чытанне з малітоўніка, але жывую малітву. І я ўбачыла гэта сярод дзяўчын, маіх аднагодкаў. Тады ў скаўтынгу я пазнала Бога, –  працягвае свой аповед нашая гераіня. – Усё гэта было дзесьці ўва мне, але адкрылася толькі праз скаўтынг. Закладывалася гэта вельмі далікатна, акуратна і натуральна. Пазней ужо былі таксама і цяжкасці. Але мне ўсё роўна падабаецца пасыл, які ён нясе. Скаўтынг для мяне вельмі важны.

Летам мы вялікай скаўцкай сям’ёй вандравалі па Італіі. Я першы раз бачыла ўжывую Папу, але на Euromoot больш уражанняў было ад шляху. Праз прыроду я бачыла Творцу.

Скаўтынг заклаў ува мне пачуццё патрыятызму. Зараз я разумею, што для мяне вельмі важныя і мова, і культура, бо гэта штосьці сваё. Прырода беларуская і сама Беларусь мне вельмі падабаюцца.

– Чаму ты вырашыла паступаць у катэхетычны каледж?

– Мне не хапала вучобы, ва ўніверсітэце мне сумна, не хапала навукі. І я зайшла на Catholic.by у раздзел «Навучальныя ўстановы». Я прачытала апісанне пра каледжы, і зразумела, што гэта менавіта тое, што я шукаю. Спачатку я думала пра мінскі каледж, але я сустракала людзей, якія раілі паступаць у Баранавічы. Дата экзамена ў Баранавічах мне больш пасавала, таму туды я і паступіла. Зараз я на 1 курсе, спадзяюся, што праз два з паловай гады атрымаю дыплом катэхета, але ў першую чаргу я прагну ведаў. Пакуль ні аб чым не шкадую, мне падабаецца вучыцца ў каледжы.

– Як ты трапіла ў нашу парафію?

– Праз скаўтынг: я даведалася, што тут сабіраюцца мінскія скаўты, і зразумела, што хачу далучыцца. Парафія мне вельмі падабаецца, калі я прыязджаю дадому, то мне ўжо цяжка Вішнявец называць сваёй парафіяй, гэта хутчэй як бацькоўскі дом. Хоць я ў каплічку пачала хадзіць толькі летам, я адчуваю, што парафія – вялікая сям’я, і так павінна быць. І гэта таксама Божы Провід. На жаль, мне пакуль цяжка даязджаць да Кунцаўшчыны, бо я жыву ў інтэрнаце ў Першамайскім раёне. Але мне так падабаецца, што зараз, напрыклад, я магу застацца пасля рарат, каб прапыласосіць, ці магу дапамагчы айцам на Лідскай. Вельмі прыемна, што нашы святары слухаюць ініцыятывы моладзі, раней я сабе такое нават не магла ўявіць.

Мне падабаецца ў нашай парафіі. Я адчуваю, што мне гэта шмат дае. Тут мне падабаюцца людзі, а асабліва святары: яны такія простыя, адкрытыя, блізкія да людзей. Відаць па ўсім, што яны сапраўды прысвяцілі сваё жыццё Богу і нясуць сваё служэнне штодня. Мяне ўражвае, што абодва святара з’ўляюцца скаўцкімі душпастырамі, гэта як адзін механізм, які файна працуе.

Зараз сябры ў мяне ў асноўным – гэта моладзь нашай парафіі, бо з імі праводжу большасць свайго часу, але і з Вішняўца таксама засталіся кантакты.

– Якія ты маеш хобі?

– Увогуле ў мяне мала вольнага часу, бо акрамя сустрэч скаўтак, кожную сераду – катэхеза, кожны чацвер я хаджу на спатканні дзяўчат у Нунцыятуры, якія ладзяць сёстры-назарэтанкі. На выходныя выязджаю ў Гродна ці Баранавічы. Але ў вольны час мне падабаецца бегаць, у мінулым годзе я шмат часу прысвячала трэніроўкам. Мне ўвогуле падабаецца спорт і актыўнасці. Таксама яшчэ люблю фатаграфаваць. Раней я шмат чытала пра гэта мастацтва, практыкавалася. Зараз фатаграфія адыйшла на другі план, бо я не прысвячаю гэтаму хобі свой час, але на скаўцкіх выяздах я заўсёды гатова ўзяць у рукі свой Canon. Яшчэ ва ўніверсітэце я састаю ў турклубе.

– Як выглядае тваё жыццё духоўнае?

– У мяне ўсё звычайна, зараз у мяне няма нейкіх узлётаў. Я стараюся быць бліжэй да Бога, хочацца выйсці са штодзённасці і адчуць асаблівасць кожнага імгнення жыцця. Кожны дзень у мяне ёсць рэлігійныя практыкі. Я вельмі люблю чытаць Слова Божае. Мне спадабалася рабіць гэта разам з моладдзю. Цудоўная ініцыятыва паўстала ў ДМХ: кожны дзень мы чыталі і разважалі над пэўным раздзелам з Бібліі, такім чынам ужо прачыталі некалькі кніг з Новага Запавету. Для мяне важна тое, што сваімі думкамі мы маглі дзяліцца на катэхезах, бо гэта час, калі ты можаш растлумачыць свае думкі і паслухаць думкі бліжніх.

Кожны дзень я малюся Літургіяй гадзінаў, мне падабаюцца псальмы, я адчуваю, як моцна хачу праслаўляць Госпада. Яшчэ мне падабаецца, што праз успаміны святых я больш даведваюся пра іх, разважанні над жыццяпісамі святых даюць мне духоўную ежу на цэлы дзень.

Зараз мы з шэфамі скаўцкімі вырашылі ў пэўнай інтэнцыі кожны дзень у 12 гадзін маліцца Анёл Панскі. Яшчэ класна, што ўся парафія яднаецца ў малітве ў 22:30. Я адчуваю моц такіх малітваў, бо ведаю, што я не адна. Яшчэ мне б хацелася кожны дзень прыязжаць на Святую Імшу, але пакуль не заўсёды атрымліваецца.

Цяпер я жыву ў асаблівым чаканні Нараджэння Езуса, – працягвае дзяліцца Агата. – З дзяцінства люблю гэтае свята. А зараз ведаю, як важна праводзіць час з блізкімі. Ведаю, што мама вельмі па мне сумуе, але гэта натуральна.

Размаўляла Паліна Ручан