Працягваем нашае знаёмства з парафіянамі, сёння з намі Дар’я Еўсікава.

Сям’я, у якой нарадзілася Дар’я, не адзначалася асаблівай пабожнасцю. Але яе бабуля здолела вымаліць навяртанне спачатку для дзядзькі, а потым для самой Дар’і і для яе маці.

Навучалася Дар’я ў БДУІРы, менавіта ў той час яна і прыйшла да свядомай веры.

«Вера з'явілася, калі надыйшоў час здаваць іспыты на паступленне ў БДУІР — вось тады раптам нарадзіўся і давер да Бога, і прыўшоў уражваючы, нечаканы, непрадказальны адказ на малітву. Бог мяне чуе! Ён не абыякавы да мяне, такой малой и нязначнай! Гэта было захапляючае адкрыццё», — дзеліцца Дар’я.

Паступова яна вучылася даручаць Богу ўсе сферы свайго жыцця. Прыклад хрысціянкі з кнігі Генрыка Сенкевіча «Quo vadis?» падштурхнуў яе трымацца зчысціні дашлюбных адносінаў, што вельмі дапамагло ў свой час адсеяць ненадзейных хлопцаў.

І Дар’я атрымала сваю ўзнагароду: мужа і з цягам часу трох дзетак. Кожны з іх для яе — гэта асаблівы цуд і Божы падарунак.

«Першы сын быў адказам на маю малітву і давер да Бога. У той час мы не мелі ўласнага жылля, і я даручыла свае хваляванні аб будучыні Айцу нябеснаму. І ў той самы дзень, калі я даведалася, што цяжарная, мужу (маладому спецыялісту) неспадзявана падпісалі дакументы на кватэру ў доме, які пачало будаваць прадпрыемства!

Памятаю сябра тады спытаў, ці ёсць у мяне які блат? Так! Мой Айцец — сам Бог усемагутны! Што яму варта падараваць маладым кватэру, калі яны на Яго шчыра спадзяюцца?!»

Другого сына Дар’я выпрасіла праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай, і як знак асаблівай Божай ласкі ён нарадзіўся акурат у Велікодную ноч!

Цяпер у сям’і падрастае яшчэ і маленькая дачушка, якая для Дар’і — таксама плён гарачай шматгадовай малітвы і выключнае Божае благаслаўленне, за радасць якога яна ўдзячная кожны дзень.

Паміж дэкрэтнымі адпачынкамі спадарыня Дар’я працуе інжынерам-канструктарам, распрацоўвае электронна-аптычныя ўстаноўкі і вельмі захапляецца сваёй працай.

Апошнім часам Дар’я зацікавілася фатаграфіяй. Да гэтага захаплення яе падштурхнуў падарунак мужа на дзень нараджэння. Яе працы ўжо засвяціліся на нашым парафіяльным сайце.

Дар’я — адначасова і добрая маці, і верная хрысціянка, і спецыяліст сваёй справы. Яна ўпэўнена, што для Бога няма нічога немагчымага, таму ўпэўнена крочыць па жыцці.

«Хачу параіць маладым сужэнствам ва ўсіх справах ускладаць сваю надзею на Бога, — кажа Дар’я, — ні ў якім выпадку не ісці на кампрамісы з грахом, які здольны атруціць любыя ўзаемаадносіны. Толькі ў паслухмянасці Божым загадам магчымыя сапраўдная еднасць, узрастанне любові і сямейнае шчасце».

Размаўляла Паліна Капуста