Каманда Jan.by працягвае распавядаць пра нашых парафіянаў. Сёння гэта дзяўчына вельмі прыгожая і таленавітая, вучыцца ў дзесятым класе, а яшчэ яна вельмі любіць Нябеснага Тату. Знаёмцеся — Марыя Бачыла.

Маша распавядае пра той час, калі яшчэ не было нашай капліцы, тады яна хадзіла ў катэдральны касцёл, прыкладна да 3-га класа. А пасля маці даведалася, што новапабудаваны будынак цяперашняй капліцы — гэта каталіцкая святыня. Тады яны з маці пачалі па-трошку прыходзіць у нашую парафію.

«Да першай Святой Камуніі я рыхтавалася і прыступіла ў катэдры, але на „Белы тыдзень“ хадзіла ўжо ў нашу парафію. Першае, што заўважыла ў капліцы, гэта тое, што тут было нашмат менш мейсца (смяецца). А таксама прыцягнуў увагу вялікі францішканскі крыж, бо бачыла яго ўпершыню», — распавядае Маша пра свае першыя ўражанні ад каплічкі.

У хуткім часе з Машай здарылася гісторыя, якая трошкі здзівіла яе: «У капліцы я сустрэла сваю аднакласніцу Сашу Паталей! Я спытала: „ты каталічка?“. І яна адказала: „так!“. Пасля чаго я прапанавала ёй разам хадзіць на хор, менавіта такім чынам я стала ўдзельніцай хора Agape».

А яшчэ Марыя з'яўляецца каталіцкай скаўткай. Калі ў парафіі ёсць справы, дзе можна паактыўнічаць, то яна заўсёды стараецца дапамагчы. Напрыклад, у мінулым годзе яна была дапаможным аніматарам на канікулах з Богам.

Кожны чалавек — нешта вельмі індывідуальнае і асаблівае. Кожны мае свае таленты, адметныя рысы і цікавосткі. Маша вельмі любіць граць на флейце і атрымлівае ад гэтага вялікую асалоду. Таксама яна трошкі малюе, і здаецца, што ў яе вельмі добра атрымліваецца.

«Можа ў маім жыцці не было такіх момантаў, якія поўнасцю змянілі маё жыццё, але былі здарэнні, калі кропка гледжання на некаторыя справы змянялася і гэта класна, - распавядае Маша, — шмат такіх момантаў было звязана з сустрэчай з нашымі святарамі».

Марыя ў свой час зразумела, што трэба глядзець, што падабаецца Богу і шукаць праўду толькі ў Ім.

«Сэнсам майго жыцця з'яўляецца служэнне людзям па меры сваіх магчымасцяў, ахвяраванне ім сябе і свайго часу», — дзеліцца Маша.

Размаўляла Паліна Івашкевіч