Новы панядзелак — новы партрэт. Сёння мы пазнаёмім вас з Дзянісам Угарэнка — прадстаўніком сучаснай актыўнай моладзі.

Нарадзіўся Дзяніс у горадзе Браславе. А вёска Слабодка стала яго месцам хросту.

— На Браслаўшчыне ёсць 12 касцёлаў, але касцёл у Слабодцы выдзяляецца сваёй прыгажосцю і незвычайнасцю. Ён нібы белы лебедзь над «краінай азёраў», — такімі думкамі дзеліцца Дзяніс.

У свае 30 год Дзяніс ужо шмат чаго ўбачыў і паспрабаваў. Так, пасля заканчэння геафака БДУ ён працаваў у МЧС (аддзел прагназавання). Таксама ён паспрабаваў сябе ў ролі повара ў італьянскім кафэ.

— А зараз зможаш што-небудзь прыгатаваць? — пытаемся ў Дзяніса.

— Усяго дакладна ўжо не памятаю, але чымсьці цікавым пачастую.

Зараз ён працуе настаўнікам геаграфіі ў беларускамоўнай гімназіі. Усё-такі любоў да роднай беларускай мовы, дзяцей і любімага прадмета перамагла.

— Люблю навучаць дзяцей і вучыцца разам з імі.

Дзяніс з’яўляецца членам ДМХ (Душпастырства моладзі Хрыста) «Адзіныя сэрцам». У гісторыі яго прыхода не толькі ў гэтую супольнасць, але і ўвогуле ў нашу парафію ясна адчуваецца Божы Провід.

— У 2016 годзе я хадзіў у пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай. У дарозе пазнаёміўся з Антонам Вайткевічам і Вовай Лукомскім, а далей з ксяндзом Алегам і ксяндзом Уладзімірам.

Мяне тады вельмі ўразіла тое, як цёпла і радасна вітала іх парафія. Але пілігрымка скончылася і потым адбыўся мой пераезд. Думаю, што гісторыя пра тое, як усе знаходзілі незвычайную капліцу вельмі знаёмая. Вось і я знайшоў яе таксама. І якое было маё здзіўленне, калі на Святой Імшы я пабачыў там ксяндза Алега і маіх знаёмых з пілігрымкі. Неверагодна! А потым мне і прапанавалі далучацца да супольнасці моладзі. Сапраўды, нашы сустрэчы невыпадковыя.

Таксама Дзяніс самы сапраўдны вандроўнік. Ён пагасціў ужо амаль у 20 краінах і не плануе на гэтым спыняцца.

— Самае запамінальнае места напэўна Азорскія выспы (побач з Партугаліяй). Гэтая мясцовасць адрозніваецца сваёй экзатычнасцю.

Нядаўна Дзяніса прымаў Берлін у якасці ўдзельніка марафона (42 км). З гэтым выездам звязана яшчэ адно хобі Дзяніса, а менавіта спорт. Калісьці ён займаўся тайскім боксам, а зараз развіваецца ў лёгкай атлетыцы.

Летам Дзяніс у складзе моладзі з ДМХ ездзіў у горы. Для яго гэта была вельмі захапляльная і плённая вандроўка. У той час ён не толькі падымаўся ўверх, любуючыся фантастычнымі пейзажамі, але і пакараў духоўныя вяршыні. Адтуль і з’явіўся яго дэвіз: «Sursum Corda! Угору сэрцы!»

Як вы бачыце, «моладзь на канапе» гэта не пра Дзяніса. Рэгулярныя заняткі спортам, вандроўкі, вывучэнне чагосьці новага, і канешне жа, духоўнае ўзрастанне — вось, што напаўняе яго жыццё.

Размаўляла Паліна Капуста

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.