6 верасня адарацыя пачнецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы. Падобныя набажэнствы ў нас праводзіліся некалькі разоў: падчас адвэнту, Вялікага посту і на пачатку лета. Цяпер яны стануць рэгулярнымі.

Нашыя сем’і знаходзяцца пад няспынным ціскам шматлікіх пагрозаў, якія св. Ян Павел ІІ назваў «цывілізацыяй смерці». Сёння Беларусь апынулася ў сусветных лідарах па колькасці разводаў, абортаў, венерычных захворванняў і алкагалізма. Сужэнская нявернасць і нячыстасць перад шлюбам сталіся нормай. З кожным годам расце адсотак бясплодных сужэнцаў.

Да таго ж, апошнія месяцы у Беларусі вельмі актывізаваліся актывісты гендарнай ідэалогіі, якія свядома ці несвядома імкнуцца да знішчэння традыцыйных сямейных каштоўнасцей і прапаганды сексуальных вычварэнстваў. Выразна бачна, што гэтая рэчаіснасць мае свае карані ў глыбокім духоўным і маральным непарадку.

Такая сітуацыя патрабуе ад нас, хрысціян, пільнага адказу, і гэты адказ павінен быць у першую чаргу духоўным дзеяннем. Таму айцы хрыстусоўцы прапануюць прыняць удзел у адарацыі ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і, а таксама дзеля перапрашэння за грахі супраць жыцця і сям’і, якія здзяйсняюцца на нашай зямлі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.