17 лютага ў цэнтры Caritas у пасёлку Ляскоўка адбылася сустрэча валанцёраў гэтай дабрачыннай арганізацыі. На сустрэчы сабраліся прадстаўнікі розных кірункаў валанцёрскай дзейнасці. Аддзяленне Саritas парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ прадставілі Паліна Ручан, Паліна Маісеева і Паліна Івашкевіч.
Падчас сустрэчы былі падведзены вынікі дзейнасці за 2018 г., а таксама абмяркоўваліся планы і ідэі на наступны год.
Праз невялікую кінастужку ўдзельнікі змаглі амаль на ўласныя вочы пабачыць людзей, якім была аказана падтрымка і дапамога. Былі прэзентаваныя праекты 2018 года, дзейнасць якіх ўжо мае свае вынікі.
Са сваёй справаздачай выступілі і валанцёры нашага парафіяльнага Caritas. Між іншым яны асабліва падкрэслілі важнасць развіцця накірунку «Сацыяльная перадышка». Яго сутнасць заключаецца ў дапамозе бацькам зазвычай шматдзетных сем'яў у самых простых штодзённых справах, такіх як: забраць дзіця з дзіцячага саду/школы, пабыць з дзецьмі, калі ў бацькоў узніклі форс-мажорныя абставіны і інш.












У другой частцы сустрэчы валанцёры разам шукалі адказы на пытанні як удасканаліць дзейнасць Caritas або знайсці новыя накірункі для дзейнасці.
Усе ўдзельнікі праяўлялі ініцыятыўнасць і неабыякавасць. Напэўна, гэта тыя якасці, якія з'яўляюцца ключавымі ў дабрачыннасці. Жаданне забяспечыць неабходным тых, хто не можа забяспечыць сябе сам, быць разам з людзьмі ў патрэбны час, быць гатовым на дапамогу, адказным у сваёй працы, мець служэбнае сэрца — гэта тое, што падштурхоўвае кожнага валанцёра.



