У нашай капліцы адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, выстаўленага ў манстранцыі, адбываецца кожную пятніцу ў 18.00 і кожную нядзелю ў 19.00. Акрамя гэтага, можна адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт у табэрнакулюм перад кожнай Святой Імшой. Магчыма, аднак, яшчэ не кожны адкрыў для сябе сэнс і каштоўнасць гэтай формы малітвы. Таму прапануем для развагі некалькі тэзісаў пра тое чым есць адарацыя, навошта яна патрэбная, якія яе плады.

Адараваць, азначае пакланяцца Богу з любоўю, павагай і падзякай у Яго прысутнасці. Адарацыя – гэта сустрэча, поўная любові. З Панам, Творцам, Збаўцам і лепшым Сябрам. Падчас гэтай сустрэчы Езус дакранаецца да душы чалавека і дзейнічае ў самым яго сэрцы. Адарацыя – гэта чэрпанне Божай любові з самай яе крыніцы.

Адзін са шматлікіх пладоў, які мы атрымліваем – узрастанне звышнатуральнай веры. Для таго, каб адараваць, трэба зрабіць учынак веры. Магчыма мы не адчуваем прысутнасці Пана, не бачым Яго, але з вераю прымаем, што круглы кавалак Хлеба гэта ёсць сам Хрыстус. Узрастаючы ў гэтым акце веры, у пазнаванні таго, кім ёсць Бог, прыходзім да веры што раз большай.

Праз адарацыю мы становімся больш падобнымі да Хрыста. Яна перамяняе ўсё нашае жыццё праз асабістую глыбокую блізкасць з Панам. Езус, прысутны ў Найсвяцейшым сакрамэнце, прыходзіць каб пасяліцца ў нас і сярод нас. Яго прысутнасць перамяняе нас і ажыўляе. Паступова жыццё і пачуцці Хрыста становяцца нашымі і мы можам сказаць, што сапраўды, цяпер «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20).

Адарацыя таксама вызваляе нас і аздараўляе, бо гэта той жа самы Езус, які прыйшоў, каб вызваліць зняволеных, каб аднавіць зрок сляпым, які ішоў па зямлі, робячы дабро, Ён асабіста прысутнічае ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Адарацыя дае нам большы ўдзел у справе Збаўлення, таму што мы ўшаноўваем таго, хто выпраўляе ўсе крыўды, усе грахі свету.

Адарацыя таксама рыхтуе нас да вечнага жыцця, таму што ў Найсвяцейшым Сакрамэнце мы пакланяемся таму, хто цярпеў за нас, уваскрос і ёсць жывы ў небе, каго ўбачым у славе, чый вобраз будзе нашым вечным насычэннем. Адарацыя рыхтуе нас да гэтага таямнічым чынам, таму што праз веру дае нам магчымасць убачыць Нябачнае, дакрануцца да Нязменнага.

Ушаноўваючы Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, мы таксама перамяняем свет, бо прыцягваем іншых да Бога.

Адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт можна не толькі калі ён выстаўлены ў манстранцыі.

Адзін чалавек сярэдніх гадоў распавядаў, што адкрыў сапраўдную малітву толькі тады, калі на споведзі святар даў яму пакуту на працягу пяці хвілін сядзець у касцёле і проста глядзець на табэрнакулюм. «Калі прайшлі першыя некалькі момантаў дэзарыентацыі і разгубленнасці, я пазбавіўся неспакою і жадання збегчы і апынуўся тварам у твар з Богам».

Святы Ян Віанэй, пробашч з Арс, аднойчы заўважыў мужчыну, які сядзеў доўгі час у парафіяльным касцёле ў поўнай цішыні і маўчанні. Святар адважыўся спытацца, як той праводзіць гэты час. Мужчына адказаў проста: «Я гляджу на Яго, а Ён глядзіць на мяне».

Абодва гэтыя прыклады адсылаюць да  біблійнага вызначэння малітвы, як шукання Божага аблічча. «Шукаю, Пане, аблічча Твайго», кажа псальм 27. Усе метады і практыкі малітвы павінны нас накіроўваць на знаходжанне з Богам тварам у твар.

Пераклад з польскай і адаптацыя: Віталій Палінеўскі

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.