У нас вербніца –
Людзі цешацца,
Усміхаюцца,
Хрысту каяцца.
У гэту вербніцу –
Людзям верыцца,
Зберажэ іх Бог,
Ад нядоль-трывог.
Падчас вербніцы –
Нам шукаецца,
Той прамень святла,
Што хаваецца.
А ў нас вербніца –
Нам чакаецца,
Што засвеціцца
Сэрца весела.
У гэту вербніцу
Ў душы цепліцца
Той вярбы галінкі –
Да Хрыста сцяжынкі.

Нядзеля 20 сакавіка для нашай парафіі стала не зусім звычайнай. А менавіта, мы мелі тры моманты для радасці.

Па-першае, гэтым днём мы распачалі Вялікі тыдзень і падрыхтоўку да свята Уваскрасення Пана. Усе верныя, ад мала да вяліка, ва ўспамін, калі Езус урачыста ўязжаў у Ерузалем, віталі Збаўцу, махаючы вербачкамі. Вербы можна было набыць каля каплічкі. Іх, ужо па традыцыі, рабілі дзеці і  моладзь нашай парафіі.

Па-другое, шэсць год таму, менавіта ў вербную нядзелю нашая  маленькая каплічка ўпершыню расчыніла свае дзверы для парафіянаў. Многія з нас, размаўляючы паміж сабой пра чарговую гадавіну, прыпаміналі тое, як парафія будавалася і цешыліся з таго, да якіх памераў яна падужэла сёння.

Больш фота на Catholic.by >>>

Трэцім момантам, напэўна самым цікавым, стаў дабрачынны кірмаш пад назвай “Пабудуем касцёл разам”. Ідэя такога кірмаша належыць нашым парафіянам. У гэты дзень, кожны мог прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі, набыць розныя рэлігійныя рэчы і сувеніры, карціны, вырабы з саломы і дрэва, падзелкі з нітак і бісера, паветраныя шарыкі, цаглінкі для будовы касцёла, вербачкі, а таксама салодкае і печыва. Да акцыі нават далучыўся дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. А менавіта, кожны мог пачаставацца “пельменямі ад біскупа”, атрымаўшы салодкую цукерку і слова з гаміліі біскупа. Найбольш шчаслівымі напэўна былі дзеці нашай парафіі. Яны не толькі змаглі пачаставацца салодкім, але і размаляваць прыгожа свае тварыкі, пагуляць у цікавыя гульні і, канешне, атрымаць прызы ў латарэі. Галоўных прызоў было некалькі: велікодная свечка,  тры вялікія аўтамабілі для “будаўніцтва” будучага касцёла, і, канешне, паездка ў Санкт-Пецярбург. Шчасліўцам, які выйграў гэтае падарожжа, аказаўся Арцём Чаган, сын Людмілы і Паўла.

Нядзеля выдалася светлай і радаснай. І нават сонейка, якое блішчэла і цёпленька грэла, паспрыяла правядзенню нашага кірмаша. На заканчэнне ксёндз-пробашч удзяліў усім прысутным благаслаўленне. Разыходзячыся, мы былі ўпэўненыя, што такая акцыя будзе мець абавязковы працяг у будучым.

Ірына Лямбовіч

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.