Супольнай малітвай пад час традыцыйнай Імшы з удзелам дзяцей, праглядам тэатральнай пастаноўкі пра благаслаўлёнага Хасэ і вясёлымі гульнямі дзеці і моладзь нашай парафіі адзначылі заканчэнне катэхізацыі ў гэтым навучальным годзе.
Многія маленькія вернікі штотыднёва прыходзілі на заняткі, бралі ўдзел у нядзельных і святочных Імшах, спявалі ў хоры, служылі пры алтары, рыхтавалі тэматычныя сцэнкі і дапамагалі прыбіраць каплічку – прымалі актыўны удзел ў жыцці парафіі на раўне з дарослымі. Таму свята, якое адбылося ў нядзелю, стала для іх заслужанай узнагародай.
Цукеркі і печыва заўсёды радуюць дзяцей і дапамагаюць абудзіць дататковую энергію, якая так патрэбна для актыўных гульняў! Пад вясёлыя спевы дзеці, бацькі і духоўныя асобы гулялі на пляцоўцы каля капліцы. Некаторыя дарослыя не адразу маглі пазнаць сваіх дзяцей, бо незвычайныя малюнкі ўпрыгожылі іх тварыкі. Нават пераменлівае надвор’е не змагло спыніць свята! Асаблівую радасць атрымалі тыя дзеці, што на працягу года спраўна запаўнялі “зярняткі” і падчас латэрэі атрымалі заслужаныя прызы.
Дзякуем Богу за гэты катэхетычны год, такі насычаны, цікавы і плённы!
Вікторыя Маўчанская