
Падчас школьных канікул ксяндзы хрыстусоўцы правялі фармацыйную сустрэчу для сваіх міністрантаў. Спатканне адбылося з 23 па 25 сакавіка ў Ганцавічах.
Хлопцы з Мінска разам са сваімі душпастырамі - кс. Алегам і кс. Уладзімірам - па дарозе наведалі нясвіжскі касцёл, палац Радзівілаў і мірскі замак.
Ужо ў першы дзень міністранты з Мінска і Ганцавіч увайшлі ў добрыя сяброўскія адносіны, гэтaму спрыялі інтэграцыйныя гульні і супольная вячэра, пасля якой разгарэліся спартыўныя эмоцыі падчас міні-турніра па футболе.
Другі дзень быў вельмі інтэнсіўны. Пасля ранішняй зарадкі, малітвы і смачнага снедання распачаліся літургічныя заняткі, падчас якіх міністранты паглыблялі свае веды пра Трыдуум Пасхальны. Вельмі цікавым для ўсіх удзельнікаў аказаўся паход у лес, які зарганізаваў мясцовы егер - спадар Казімір. Вечарам міністранты ўдзельнічалі ў св. Імшы ў парафіяльным касцёле Адведзінаў НПМ. Пасля фільма ''Хористы'', усе сабраліся разам, каб падсумаваць дзень, падзякаваць за яго Пану Богу і атрымаць святарскае благаслаўленне.
Апошні дзень прайшоў хутка і быў таксама поўным уражанняў. Фармацыйная сустрэча міністрантаў скончылася вечарам ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Пасля супольнай малітвы кс. Андрэй Шода SChr - пробашч парафіі ў Ганцавічах - паблагаславіў усіх удзельнікаў і абдараваў кожнага маленькім сувенірам.