
Ноч перад Нядзеляю Уваскрасення Пана (Вялiкая Ноч) для хрысцiянаў была ночаю чування. Яе праводзiлi ў малiтве i слуханнi Слова Божага.
Хрысцiяне
перанялi практыку чування i чакання ў гэту ноч вяртання ўваскрослага
Хрыста. У касцёлах адбываецца лiтургiя Пасхальнай вiгiлii, якая
складаецца з наступных частак:
– Лiтургiя святла: Перад
касцёлам святар благаслаўляе агонь, потым запальвае пасхал (вялiкую
свечку, якая сiмвалiзуе ўваскрослага Хрыста). З працэсiяй пасхал уносяць
у касцёл, дзе патушана святло. Святар тройчы спявае «Святло Хрыстова», а
вернiкi з удзячнасцю адказваюць «Дзякуем Богу» i запальваюць ад пасхала
свае свечкi. Потым святар цi дыякан спявае пасхальнае пасланне
«Exsultet», старажытны хрысцiянскi гiмн хвалы (VII ст.). У гэтым гiмне
ўслаўляецца ўваскрослы Хрыстус, якога сiмвалiзуе запаленае святло.
– лiтургiя слова
складаецца з дзевяцi чытанняў Святога Пiсання: сем са Старога Запавету i
два з Новага Запавету (epistola i Евангелле). Перад чытаннем з Новага
Запавету (epistola) святар пачынае спяваць гiмн Gloria, i пачынаюць
званiць званы. Перад Евангеллем зноў спяваецца пасля саракадзённага
перапынку радаснае Alleluja.
– Лiтургiя хросту: пасля
«Лiтанii да ўсiх святых» святар благаслаўляе хрысцiльную ваду i ўдзяляе
сакрамэнт святога хросту. Калi няма кандыдатаў да святога хросту i не
благаслаўляецца хрысцiльная вада, то святар благаслаўляе ваду для
акраплення. Затым адбываецца аднаўленне абяцанняў сакрамэнту хросту i
акрапленне вернiкаў вадою — гэта напамiн пра наша хрышчэнне i пра нашу
вернасць Хрысту.
– эўхарыстычная лiтургiя — пасля начнога чування ўваскрослы Езус запрашае нас на пасiлак, якi прыгатаваў праз сваю смерць i ўваскрасенне. Эўхарыстычная лiтургiя распачынаецца прыгатаваннем дароў. Тэксты i спевы — велiкодныя. Гэта першая велiкодная святая Iмша, нават калi яна скончыцца перад поўначчу Вялiкай суботы.

