«Пачніце рабіць усё неабходнае, затым магчымае — і раптоўна ўбачыце, што ўжо робіце немагчымае» (св. Францішак з Асізі).

На летніку гэтыя словы сталі для нашых скаўтаў сапраўдным духоўным компасам у кожнай прыгодзе. За 12 дзён адбылася гісторыя пра пераадоленне, шчырую малітву і сапраўднае юнацкае братэрства. 

Гэта быў час выпрабаванняў і адкрыццяў. Хлопцы сустрэлі вецер і дарогу падчас далёкіх і нялёгкіх рэйдаў, адчулі сілу і спакой ракі, пераадольваючы хвалі Віліі на байдарках. Дзённыя прыгоды змяняліся азартам Вялікай Скаўцкай Гульні, водарам страў, прыгатаваных на вогнішчы, і яскравым святлом вечароў экспрэсіі.

Але найбольш каштоўныя перамогі адбываліся ў цішыні сэрцаў. Праз Евангелічныя Гадзіны і казанні хлопцы наноў адкрывалі для сябе глыбіню Скаўцкага закону. На канферэнцыях вучыліся мужнасці, мастацтву слухаць і цаніць кожнае імгненне жыцця, змагаючыся з нябачнымі «хронафагамі», якія крадуць час.

          

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.