Распаўсюджванне Бэтлеемскага агню за сваю гісторыю ўжо паспела стаць сапраўднай каляднай традыцыяй для многіх, і каталіцкія скаўты тут не з’яўляюцца выключэннем. Для іх гэтая акцыя — адна з магчымасцяў паслужыць па-за межамі сваёй адзінкі і парафіі, несучы людзям святло з Бэтлеема.
І ні ў якім разе нельга абмінуць таго цуду, якім Пан Бог пажадаў адарыць нас усіх у гэтым Юбілейным 2025 годзе. Бо, дзякуючы дазволу памежных службаў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча, атрымалася здзейсніць перадачу Бэтлеемскага агню ад польскіх скаўтаў да беларускіх непасрэдна на нейтральнай тэрыторыі. Сярод беларускіх дэлегатаў на гэтай імпрэзе прысутнічаў кс. Алег Шпець SChr, душпастыр 1-й і 2-й мінскіх дружын.
У пятніцу, 19 снежня, перад Святой Імшой Бэтлеемскі агонь быў урачыста ўнесены прадстаўнікамі скаўцкіх адзінак нашай парафіі ў мінскі Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе быў перададзены ў рукі ксяндза-біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Пасля Святой Імшы адбылася перадача Бэтлеемскага святла міру скаўтам з Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі, якія не толькі перададуць гэтае святло скаўтам з Расіі, але і распаўсюдзяць яго тут, у Беларусі, сярод праваслаўных вернікаў нашай краіны.








Наступныя дні — субота і нядзеля — былі прызначаныя для распаўсюджвання Бэтлеемскага агню па парафіях Беларусі вызначанымі маршрутамі, ахопліваючы тэрыторыі ўсіх чатырох каталіцкіх дыяцэзій Беларусі.
















Распаўсюджанне Бэтлеемскага агню для скаўтаў — гэта не толькі добрая прыгода і вандроўка па Беларусі, але і магчымасць паслужыць і быць карыснымі.
Больш фота: Бэтлеемскі агонь 2025





