5 кастрычніка парафію Св. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ ў Мінску ўпершыню наведаў з пастырскім візітам Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Іньяцыё Чэффалія — Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь.
Прапануем тэкст казання, з якім арцыбіскуп Іньяцыё звярнуўся да вернікаў.
Браты і сёстры,
Слова, якое нам сёння даецца, — як бальзам, што пранікае ў нашыя трывогі, нашыя пытанні, нашыя цяжкасці. Гэта Слова, якое не пакідае нас у спакоі, а вядзе ў сэрца жыцця, туды, дзе вера вымяраецца не ўпэўненасцю, а вытрываласцю. Туды, дзе шлях не прамы, а пазначаны чаканнем, маўчаннем, малымі і вернымі жэстамі.
Прарок Абакум бярэ нас за руку і вядзе ў шчыры дыялог з Богам. «Дакуль, Пане?» — гэта крык таго, хто адчувае сябе пакінутым, хто глядзіць на рэчаіснасць і бачыць толькі зло, гвалт, несправядлівасць, прыгнёт. Гэта крык таго, хто маліўся, спадзяваўся, змагаўся... і не ўбачыў ніякіх змен. Гэта крык, які праходзіць праз гісторыю, які жыве ў Пісанні і гучыць таксама сёння — у нашых дамах, на нашых вуліцах, у нашых сэрцах. Гэта крык многіх братоў і сясцёр, што пакутуюць па ўсім свеце, у нашых сем'ях. Гэта крык, які, магчыма, і мы, у таемнасці, скіроўвалі да Бога.
Колькі разоў мы таксама крычалі так. Перад абліччам пакут, галечы, адзіноты. Перад абліччам хваробы, смерці, абыякавасці. Перад абліччам Касцёла, які змагаецца за тое, каб рухацца наперад, абнаўляцца, прамаўляць да сэрцаў людзей. Перад абліччам грамадства, якое, здаецца, страціла пачуццё агульнага дабра, салідарнасці, праўды. «Дакуль, Пане?» — гэта пытанне, якое просіць не тлумачэнняў, а блізкасці, салідарнасці, цеплыні. Яно не патрабуе адказаў, а заклікае да прысутнасці.
І Бог адказвае — не імгненным рашэннем, не захапляльным цудам, а абяцаннем: «Праведны жыць будзе вераю». Ён быццам бы кажа нам: «Не бойся, не здавайся, не губляй даверу». Вера — гэта не ўцёкі ад рэальнасці, а сіла, што яе перамяняе. Гэта мужнасць верыць, нават калі ўсё здаецца змрочным. Гэта здольнасць бачыць далей, спадзявацца насуперак усякай надзеі, ісці нават тады, калі нашыя крокі няўпэўненыя і мы не бачым мэты. Гэта ўпэўненасць, што Бог нас не пакідае, нават калі Яго час не супадае з нашым.
Гэтае слова сёння з'яўляецца для нас каштоўным, бо мы жывём у час, калі вера падвяргаецца выпрабаванню — не столькі знешнімі пераследамі, колькі ўнутранай стомленасцю. Халоднай абыякавасцю, што пранікае ў душу, адрачэннем, якое паралізуе, духоўнасцю, якая рызыкуе стаць звычкай. І таму прарок запрашае нас вярнуцца да крыніцы. Каб адкрыць веру нанова як давер, як адносіны, як вытрываласць.
Святы Павел у другім чытанні дае нам яшчэ адзін моцны вобраз: «Распальвай дар Божы, які ёсць у табе». Гэта заклік ізноў распаліць агонь, не даць полымю веры згаснуць пад попелам страху, руціны, расчаравання. Колькі разоў мы адчувалі сябе спустошанымі, знясіленымі, стомленымі. Але, дарагія вернікі, дар, атрыманы ў хросце, у канфірмацыі і ў нашым асабістым пакліканні — ці то ў шлюбе, святарстве, ці ў манаскім жыцці, — жывы. Аднак яго трэба берагчы, падтрымліваць, аднаўляць.
І Павел дадае: «Бог даў нам не Духа боязі, але сілы, любові і цвярозасці». Якое ж поўнае святла слова! У час, калі Касцёл пакліканы крочыць шляхам сінадальнасці, еднасці і місіі, нам патрэбны адважныя хрысціяне. Не агрэсіўныя, але моцныя ў любові. Не ганарыстыя, але мудрыя ў распазнанні. Не замкнёныя, але адкрытыя на навізну Духа.
І тут Евангелле здзіўляе нас. Апосталы просяць Езуса: «Дадай нам веры!» Гэта просьба, якая нараджаецца з усведамлення ўласнай слабасці. Гэта малітва таго, хто ведае, што сам не справіцца. Але Езус адказвае правакацыйна: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне...» Патрэбна не велізарная вера, а вера сапраўдная. Жывая, дзейсная, здольная зрушыць з месца тое, што здаецца нерухомым.
І потым Ён дадае слова, якое бянтэжыць нас: «Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць». Фраза, якая пры павярхоўным прачытанні можа здавацца жорсткай, прыніжальнай. Але на самай справе яна вызваляе. Яна нагадвае нам, што служэнне — гэта не дзеянне, якое трэба вымяраць, а адказ любові. Што вера— не заслуга, якой можна хваліцца, а дар, якім трэба жыць. Што вучань — гэта той, хто служыць, не шукаючы пашаны ці прызнання, хто любіць без разліку і хто дае, не чакаючы ўзнагароды.
Гэтае слова — каштоўны дар для вашай прыгожай супольнасці. У свеце, які ўзвышае першынство, Евангелле прапануе нам шлях пакоры. У грамадстве, што ўзнагароджвае тых, хто навязвае сябе, Езус кліча нас быць слугамі. У культуры, якая ўсё вымярае поспехам, Пан запрашае нас жыць бескарысліва. Як святы Максімільян Марыя Кольбэ, які аддаў жыццё за іншага, мы пакліканы жыць любоўю да канца. Як святы Ян Евангеліст, які ахоўваў сэрца Хрыста, мы пакліканы быць сведкамі любові.
Святы Максімільян Кольбэ жыў верай не як тэорыяй, а як дарам, які можна ахвяроўваць. У цемры канцэнтрацыйнага лагера, калі здавалася, што смерць мае апошняе слова, ён выбраў шлях прыніжэння, каб стаць слугой, стаць дарам. Ён заняў месца бацькі сям'і, асуджанага на смерць, і зрабіў гэта без лішніх слоў, без прэтэнзій, з прастатой таго, хто ведае: жыццё дадзена, каб яго ахвяроўваць. Яго вера была вялікай не колькасцю, а якасцю; гэта была вера, што ператваралася ў канкрэтную любоў, у маўклівую ахвяру, у святло, якое не згасае.
І нават за некалькі дзён да сваёй смерці, замкнёны ў бункеры і галодны, Максімільян Кольбэ не пераставаў маліцца, спяваць, суцяшаць. Ён ператварыў месца адчаю ў маленькую святыню, у вячэрнік надзеі. Ён стаў слугою — так, але слугою паводле Евангелля: нікчэмным у вачах свету, але каштоўным у вачах Бога. Яго жыццё вучыць нас, што вера, нават маленькая, можа стаць вялікай, калі яна пражываецца ў любові. І што служэнне, нават схаванае, можа змяніць свет, калі ажыццяўляецца праз ласку.
Дарагія вернікі, увасабляць у вашай любай парафіі логіку дару і служэння, як гэта чыніў святы Максімільян Марыя Кольбэ, перадусім азначае нанова адкрываць для сябе тое, што кожны, нават самы просты жэст можа стаць месцам ласкі і благаслаўлення. Гаворка не пра здзяйсненне вялікіх подзвігаў, а пра вернае жыццё тым, што нам даручана: добрае слова, наведванне самотных, час, прысвечаны слуханню, працягнутая рука да таго, хто ў патрэбе. Менавіта ў штодзённасці вера становіцца целам, Евангелле набывае форму, а супольнасць узрастае.
Ісці за прыкладам святога Максіміліяна Кольбэ ў нашай канкрэтнай рэальнасці азначае таксама выхоўваць сябе ў духоўнасці «для іншых». Гэта азначае фармаваць супольнасць, якая не замыкаецца ў сабе, але адкрываецца, прымае, не застаецца абыякавай да ранаў і праблем свету. Гэта азначае, што кожнае служэнне, кожная паслуга, кожная адказнасць — ад катэхета да валанцёра Caritas, ад лектара да закрыстыяніна — ніколі не з'яўляецца прывілеем, а місіяй. І што нават той, хто не мае бачнай ролі, пакліканы быць закваскай, святлом, прысутнасцю.
У гэтай логіцы нават слабасць становіцца рэсурсам. Пажылы чалавек можа падзяліцца мудрасцю памяці. Малады можа прынесці агонь энтузіязму. Паранены — навучыць нас спачуванню. Ніхто не з'яўляецца нікчэмным. Ніхто не выключаны. Супольнасць, такім чынам, становіцца месцам, дзе кожны, як святы Максімільян, можа сказаць: «Маё жыццё — для вас». І ў гэтым узаемным абдараванні набліжаецца Божае Валадарства.
І таму, дарагія браты і сёстры, дазволім Слову дакрануцца да нас, дазволім яму сябе суцешыць. Дазволім паслаць сябе, адновім дар, які мы атрымалі. Распалім полымя веры, будзем служыць з радасцю. Прыслухоўвацца да крыку тых, хто пакутуе. І станем разам супольнасцю, якая верыць, якая любіць, якая спадзяецца.
Жадаю, каб ваша парафія пад позіркам і заступніцтвам святых апекуноў станавілася ўсё больш домам еднасці, служэння і місіі. Каб кожны ахрышчаны нанова адкрываў сваё месца, сваю харызму, сваё пакліканне. Каб ніхто не адчуваў сябе выключаным, забытым, непатрэбным. Бо ў Хрысце кожнае жыццё каштоўнае, кожны жэст мае значэнне, і вера кожнага — нават такая маленькая, як гарчычнае зерне, — можа перамяняць свет.
Амэн.
✠ Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффалія










