Гродна, а асабліва парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы, дзе працуюць вясёлыя і клапатлівыя айцы рэдэмптарысты, стала на некалькі дзён прыпынкам для суполкі ЭРМ, якая сабралася разам, каб паглыбіцца ў разважанні пра Вялікі пост, умацаваць сваю веру і проста добра правесці час.

Вялікі пост — час пакаяння і духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы з Уваскрослым Езусам. Удзельнікі разважалі над сутнасцю гэтага перыяду праз удзел у Крыжовым шляху, а таксама над тым, як лепш выкарыстаць гэты час для паглыблення сваёй веры і набліжэння да Бога. Праграма выезду была насычанай і разнастайнай. Акрамя разважанняў моладзь і дзеці з захапленнем гулялі па Гродне. Моладзь і дзеці з захапленнем гулялі па Гродне, адкрываючы для сябе прыгажосць і гісторыю гэтага старажытнага горада. Асабліва ўразіла ўсіх архітэктура Фарнага касцёла, дзе суполка мела радасць удзельнічаць у Святой Імшы. Карыснымі і цікавымі былі экскурсіі па касцёлах Гродна, якія правёў ксёндз Андрэй. ЭРМ наведаў касцёл Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі), касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (брыгіцкі), дзе пазнаёміліся з гісторыяй св. Брыгіты і бл. Сясцёр Мучаніц з Навагрудка, а таксама касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе калісьці працаваў св. Максімільян Марыя Кольбэ.

Падчас наведвання храмаў святар распавядаў пра іх гісторыю, архітэктурныя асаблівасці, пра святых, звязаных з гэтымі месцамі. Экскурсіі дапамаглі ўдзельнікам паглыбіць свае веды пра гісторыю Касцёла і пра багатую культурную спадчыну Беларусі.

Але самым каштоўным падчас выезду, напэўна, былі простыя чалавечыя зносіны. Удзельнікі ЭРМ мелі магчымасць пазнаёміцца бліжэй, падзяліцца сваімі радасцямі і смуткамі, падтрымаць адно аднаго. У такія моманты адчуваецца сапраўдная сіла веры і братэрскай еднасці. Таксама ЭРМаўцы мелі магчымасць задаць святару пытанні, якія іх хвалююць, і атрымаць парады і падтрымку.

Выезд суполкі ЭРМ у Гродне стаў сапраўдным падарункам для ўсіх удзельнікаў. Гэта быў час разважанняў, малітвы, еднасці і радасці; час, калі можна было адчуць сябе часткай вялікай Касцёльнай сям'і. Удзельнікі вярталіся дадому з новымі ўражаннямі, поўныя духоўных сілаў і гатовыя працягваць свой шлях веры ў Вялікім посце і надалей — у сваім жыцці.

Тэкст: Удзельнікі выезду
Фота: Вольга Басава, Вяслава Вішнеўская

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.