
Прайсці слядамі звяроў або перакусіць журавінамі — менавіта так вогнішча святой Іўліяніі запомніла сваю вандроўку. 7 правадніц, у тым ліку шэф маладой каманды Аляксандра Паталей і яе дапаможная Яна Кісель, разам з ксяндзом Алегам адправіліся ў Ганцавічы — маляўнічы і гасцінны горад Палесся.
Прыехалі яны туды ўвечары ў пятніцу, каб як мага раней распачаць наступны дзень, поўны прыгодаў. Як і павінна быць, дзень пачалі са Святой Імшы і сняданку, і пасля яго маладыя правадніцы адправіліся ў падарожжа. Вандроўка — гэта характэрны для вогнішча спосаб правядзення часу, менавіта такім чынам скаўткі атрымліваюць максімум карысці для сябе. Падчас шляху была праведзена малітва, якая называецца "гадзінай святла". Прыгатаваўшы абед і пазнаёміўшыся з Сяргеем — мясцовым егерам, маладая каманда накіравалася ў бок дома, дзе быў начлег. Пасля смачнай вячэры скаўткі паказвалі сцэнкі на тэму таго дня, успаміналі смешныя моманты, спявалі песні і гулялі ў настолкі ля каміна.




























































Завяршылася субота радай, дзе падводзілі вынікі дня. Як і было абяцана на радзе, у нядзелю пасля Імшы правадніцы адправіліся на балота разам з егерам Сяргеем, які ведаў кожную сцяжынку ў лесе. Яны ішлі па свежых слядах дзікоў і ліс, зайцоў і ласёў. Было вырашана зрабіць перапынак на палянцы, якая была ўся ў журавінах, крыху прысыпаных снегам. Пасля дарогі ва ўсіх быў добры апетыт, і журавіны здаваліся вельмі смачнымі — нашмат смачнейшымі, чым уяўлялася. І ў гэты момант, верагодна, кожная з правадніц адчула сябе часткай прыроды, бо той перакус нічым не адрозніваўся ад ежы дзікіх жывёл. Гэты дзень вандроўкі завяршыўся доўгачаканым абедам, і дарога дадому, нягледзячы на тое, што кожны хацеў падоўжыць гэты выезд, была прыемнай, бо скаўткі ехалі пад вясёлыя песні ксяндза Алега і любаваліся снегападам за акном. Яны разумелі, што зімовы выезд атрымаўся вельмі плённым.




Тэкст: Агата Шарко
Фота: Удзельнікі выезду