Фота terezjanki.org

У юбілейным 2025 годзе ў сталіцы працягваецца малітоўная ініцыятыва «Дні цішыні для Мінска», арганізаваная ксяндзамі хрыстусоўцамі.

«Юбілеі — каштоўныя моманты для падвядзення вынікаў нашага жыцця — як асобных людзей, так і супольнасцяў. Яны таксама з’яўляюцца нагодай для разважання і слухання таго, што кажа нам сёння Святы Дух», — нагадваюць арганізатары малітоўнай ініцыятывы словы Папы Францішка, якія ён напісаў напярэдадні распачацця Юбілею Святога 2025 года.

Адказваючы на заклік Пантыфіка, ксяндзы хрыстусоўцы запрашаюць у юбілейным годзе глыбей увайсці ў своеасаблівы спосаб малітвы, якім ёсць lectio divina, далучыўшыся да малітоўнай ініцыятывы «Дні цішыні для Мінска».

Гэта два дні — субота і нядзеля, — калі ўдзельнікі ў поўнай цішыні засяродзяцца на Божым Слове.

Паводле арганізатараў, у сённяшнім гучным і хуткім свеце гэта будзе нібы аазіс, абаронены ад штодзённага стрэсу, дзе малітва становіцца падсілкаваннем хрысціянскага жыцця веры, надзеі і любові.

Даты правядзення «Дзён цішыні для Мінска»: 22–23 лютага.

Узяць удзел можа кожны дарослы хрысціянін.

«Жадаем, каб удзел у гэтай малітоўнай ініцыятыве быў часам, каб даведацца, як маліцца і, перш за ўсё, як выхоўваць нас, сучасных людзей, у малітве ў эпоху лічбавай культуры», — выказваюць пажаданне арганізатары.

  • Кошт удзелу — 80 руб.
  • Колькасць месцаў абмежаваная.
  • Месца правядзення: г. Мінск, вул. Альховая, 8.
  • Тэлефон для даведак: +375336054167 — кс. Андрэй Лысы SChr

Сваімі ўражаннямі дзеляцца ўдзельнікі мінулых дзён цішыні:

«Для мяне вельмі доўгі час было цікавым і разам з тым не зразумелым, што малітва — гэта дыялог з Богам і што Бог прамаўляе першы. І вось на апошніх рэкалекцыях кс. Андрэй вельмі яскрава і дакладна растлумачыў і паказаў, як гэта ёсць на самай справе. Я ўсвядоміў, што гэта справа не аднаго і не нават не двух гадоў, каб адчуць сапраўдны смак, але гэта магчыма!» — Юрый Ахрэм.

«Дзякуй Богу! Цывілізацыя духоўная дайшла і да Мінска, а то мы толькі чулі, што дзесьці ў далёкіх гарадах... у сясцёр законных недзе там... а зараз і жыхары горада Мінска могуць спыніцца ў цішыні, шыкоўна папрацаваць над сабой у духоўнай сферы пад кіраўніцтвам дасведчанага ў гэтай справе ксяндза Андрэя! Неяк няёмка, гаворачы аб духоўных справах, казаць пра бытавыя справы, але і гэты бок рэкалекцый прыемна ўразіў! Такія прысмакі, якімі нас частавалі падчас знаходжання ў Хрысціянскім цэнтры, дома наўрад ці хто гатуе! Так што дзякуй усім, хто прычыніўся да гэтай справы! І дужа хацелася б, каб і надалей гэтая вельмі неабходная справа пашыралася з Божай дапамогай!» — Людміла Яфрэменка.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.