З 25 да 28 кастрычніка ў Баранавічах адбыўся чарговы выезд ЭРМ. На працягу чатырох дзён супольнасць Эўхарыстычнага Руху Маладых пазнавала Божую Міласэрнасць праз гісторыю святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Выезд стаўся добрай нагодай, каб адзначыць маленькі юбілей — пяць гадоў ЭРМ у нашай парафіі!
Як заўсёды, удзельнікі руху рыхтавалі Святую Імшу: самі пісалі малітву верных, пелі псальм, чыталі чытанне і рыхтавалі дары, прысвечаныя тэме выезду. Разам адпачывалі, ладзілі гульні, праходзілі вельмі займальны квэст ад аніматараў, а таксама шмат даведаліся пра Божую міласэрнасць на цікавых канферэнцыях.
Ксёндз Андрэй растлумачыў ЭРМаўцам, якія ўчынкі міласэрнасці можна зрабіць для цела, а якія — для душы.








Удзельнікі руху наведалі музей Беларускай чыгункі, добра правялі час у музеі Бібліі, які знаходзіцца ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага, пагулялі па Баранавічах і зладзілі любімыя забавы на свежым паветры.




27 кастрычніка ЭРМ адзначаў свой юбілей! Усе дзяліліся шчырымі гісторыямі, звязанымі з рухам, а таксама частаваліся святочным тортам, на якім разам задзьмулі свечкі.
Перад ад'ездам усе разам з радасцю наведалі парк жывёл — пабывалі на дзвюх зонах: «Казачны свет» і «Лясныя таямніцы», дзе з захапленнем глядзелі на звычкі жывёл і частавалі спецыяльным кормам маленькіх коз, птушак і ручных аленяў. У парку ўдзельнікі даведаліся пра паводзіны розных жывёл і гулялі па экасцежках сярод лесу.
Кожны вечар праходзіў весела, з гульнямі, якія так любяць ЭРМаўцы.
























Спадзяемся, што гэты час прабывання разам прынясе добрыя плёны ў сэрцы кожнага ўдзельніка! Дзякуем усім арганізатарам выезду за добра праведзены час!



