З 29 ліпеня да 4 жніўня адбыўся выезд Эўхарыстычнага руху маладых у Слуцк.

Тэмай, над якой разважалі ўдзельнікі ў гэты час, сталі сакрамэнты Касцёла.
Дзеці мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сакрамэнтамі праз цікавыя катэхезы, якія праводзіў ксёндз Андрэй, а таксама праз супольную працу ў групах. Дзеці задавалі і сумесна абмяркоўвалі розныя пытанні, выбіралі імя на канфірмацыю, рабілі сцэнкі.

Галоўнай часткай дня была Святая Імша, на якую ўдзельнікі рыхтавалі чытанні, псальм, самі пісалі малітву верных і каментарый да працэсіі з дарамі. У дзень разважання над сакрамэнтам намашчэння хворых тыя, хто меў патрэбу і жаданне, маглі таксама яго прыняць.
Таксама супольнасць мела магчымасць штодня адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт: разам маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці або Ружанец, вучыліся прабываць ў цішыне, разважаць над Божым Словам і размаўляць сам-насам з Езусам.

Як заўсёды, разам таксама адпачывалі, ладзілі гульні і шпацыр па Слуцку, удзельнічалі ў квэсце і адказвалі па пытанні ў інтэлектуальнай гульні, глядзелі фільмы, смачна елі і дзяліліся тым, што засталося ў сэрцы за дзень, сваімі пачуццямі і ўражаннямі. У суботу вечарам разам з мясцовай моладдзю смажылі каўбаскі на вогнішчы і спявалі песні пад гітару.

            

Спадзяемся, што гэты час прабывання разам прынясе добрыя плёны ў сэрцы кожнага ўдзельніка!

Фота: Аніматары

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.