Падарожнічаць па самых разнастайных мясцінах нашай Радзімы — гэта вельмі здорава. 9 мая адбылося цудоўнае падарожжа хора дзяцей «Божыя ягняткі» па Іўеўшчыне: Іўе — Суботнікі — Жамыслаўль — Геранёны.
Пабывалі на экскурсіі ў пажарнай частцы ў Іўі, удзельнічалі ў Святой Імшы ў касцёле ў Суботніках, наведалі сядзібу Умястоўскіх у Жамыслаўлі і пацікавіліся, як вырошчваюць кветкі ў Геранёнах. Спявалі і вельмі весела бавілі час. Рабілі шмат фотаздымкаў. Заехалі ў бацькоўскі дом ксяндза Уладзіміра, дзе пазнаёміліся з яго татам Гжэгажам і сям’ёй малодшага брата Віктара. Пяклі маршмэлоў (гэтага вельмі чакалі дзеці ўвесь дзень).
Напрыканцы радаснага дня пайшлі да фігуры Марыі пры касцёле ў Геранёнах, дзе правялі маёвае набажэнства і атрымалі падарункі — ружанец і медальён Маці Божай.
Шмат уражанняў ва ўсіх засталося ад цудоўнага дня!