Літургічны ўспамін св. Цэцыліі адсвяткавалі хоры нашай парафіі.
Літургічны ўспамін св. Цэцыліі — гэта добрая нагода для ўдзельнікаў хораў і іх кіраўнічак пазачарговы раз сустрэцца ў нефармальнай абстаноўцы, каб проста пабыць разам і адпачыць. Магчымасць завітаць да харыстаў таксама выкарысталі душпастыры.
Алена Шымак, кіраўніца дзіцячага хору, падзялілася: «Служэнне з Божымі ягняткамі напоўнена радасцю. Рэпетыцыі заўсёды праходзяць жвава, шумна і весела. Часам мне бывае цяжка стрымліваць гэтую плынь, каб паспець вывучыць новую песню. А яшчэ ягняткі не толькі спяваюць і паказваюць, але яшчэ і граюць. Разнастайнасць ударных робіць гучанне ярчэйшым, дадае настрою. Другая гітара і там-там — тут граюць дзеці, якія гатовыя займацца дадаткова. У нашым хоры змянілася ўжо некалькі пакаленняў гітарыстаў і барабаншчыкаў. Вялікая радасць для мяне — бачыць вынікі гэтай працы, калі мае выпускнікі працягваюць служыць сваім талентам і ўменнем у больш дарослым хоры. Вось тут, дарэчы, галоўная цяжкасць — адпусціць. Дзеці так хутка вырастаюць. Здаецца, толькі ўсё наладзілася, усё граецца і спяваецца, як ужо трэба адпускаць… Ягнятка, якое сыходзіць, заўсёды адрываецца ад сэрца. На апошнім святкаванні дня св. Цэцыліі мы праводзілі Магдалену ў старэйшы хор».
Дзяўчаты, удзельніцы хору Agape, сабраліся на святочны пачастунак разам з сястрой Марыаннай — кіраўніцай хору.
А моладзь праявіла зацікаўленасць у паглыбленні сваіх ведаў і развіцці талентаў, таму ўдзельнікі хору Anima Una запрасілі Алёну Кот, якая правяла для іх майстар-клас.
Літургічны ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, — гэта добрая нагода, каб звярнуць увагу на тых і падзякаваць усім тым, хто сваім спевам і граннем упрыгожвае Літургію ў нашай парафіі. Адметнай рысай нашай супольнасці з’яўляецца тое, што на працягу нядзелі падчас кожнай Святой Імшы спявае асобны хор. На ранішняй Эўхарыстыі — польскі хор Barka, падчас Імшы для дзяцей — дзіцячы хор «Божыя ягняткі», на парафіяльнай суме а 12.00 — хор Effata, потым на Імшы — падлеткавы хор Agape, а вечарам — моладзевы хор Anima una. Нашыя цудоўныя і таленавітыя харысты і спевакі, дзякуем Богу за вас, за вашыя старанні, каб Літургія заўсёды была прыгожай, глыбокай і разам з вашымі спевамі несла нашыя душы да неба! Добра, што вы ёсць! Праслаўляйце і далей Добрага Бога сваім спевам і будзьце сапраўднымі вестунамі Добрай навіны сваім спевам і граннем!