19 лістапада Божыя кароўкі ўсталі вельмі рана — каля 5 гадзіны, каб паспець на электрычку Мінск-Стоўбцы і распачаць свой асенні палёт па гэтым цудоўным гістарычным мястэчку. Спачатку быў смачны сняданак. А пасля мы вырушылі ў паход і дазналіся, што ў ваколіцах Стоўбцаў нарадзіўся Якуб Колас, так што мы чыталі і вучылі яго вершы. Пачулі легенду пра назву мястэчка. Дазналіся новае цікавае слова "віціна" (старажытны парусны карабель).

Пасля пайшлі на Святую Імшу ў касцёл святога Казіміра, дзе знаходзяцца рэліквіі Слугі Божага Фабіяна Малішэўскага. Дзяўчынкі змаглі ў цішыні памаліцца каля іх.
Затым нас чакаў яшчэ адзін паход да брамы-званіцы: гістарычна менавіта тут узвышаўся раней касцёл святога Казіміра.

Вярталіся мы хуценька ў дольны касцёл, бо, налятаўшыся па Стоўбцах, Божыя кароўкі вельмі хацелі есці. І са смачным абедам іх сустракалі спадарыні Феліцыя і Алена.
Дзяўчынкі падсілкаваліся, і ў больш спакойнай атмасферы адбыўся майстар-клас, так што кожная дамоў прывезла Адвэнтовы вяночак на дзверы.

Завітала да Божых каровак і сяброўка Кропелька, распавяла, чаму нельга выкідаць батарэйкі проста ў смецце, і дала заданне зрабіць скрынку, у якую сям'я будзе збіраць непрацуючыя батарэйкі, а пасля адносіць на перапрацоўку.

І вось настаў час ад'язджаць. Самае цікавае, што прыляцелі мы восенню, а адляталі ўзімку, разам з маленькімі сняжынкамі, што падалі з неба. У электрычцы таксама не гублялі час: павіншавалі восеньскіх імяніннікаў прыгожымі самаробнымі паштоўкамі, а яшчэ паслухалі галасы птушак і жывёлаў, спрабуючы здагадацца, хто гэта.

Увечары стомленых, але шчаслівых дзяўчынак сустракалі бацькі.

Тэкст: Ірына Гардынец

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.