З 5 па 7 лістапада праходзіў асеннік скаўтаў Першага мінскага звязу. Распачаўся ён Святой Імшой у Іўеўскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэты асеннік быў асаблівы, бо ўпершыню да нашага звязу далучылася Полацкае кап’ё Рысь.

Асноўнай базай выезду быў гасцінны і ўжо вядомы нашым скаўтам Санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях. У першы дзень хлопцы перажылі адзін з этапаў Вялікай скаўцкай гульні, а вечарам ва ўтульнай атмасферы адбылося вогнішча па фабуле (у гэтым годзе быў абраны твор Джона Рональда Руэла Толкіна «Уладар пярсцёнкаў»). Падрыхтаваныя сцэнкі і звязкі былі сапраўдным упрыгожваннем вечара.

Раніца панядзелка распачалася з шыхтавання, дзе былі прызначаныя новыя кап’явыя Арла, Рысі ды Сокала, а таксама адзін з ахвотнікаў склаў сваё скаўцкае Абяцанне. Пасля Імшы і сняданку скаўты накіраваліся ў лес, дзе іх чакалі кулінарны конкурс і конкурс па піянерцы, на якіх хлопцы годна паказалі сябе. Пан Бог благаславіў на добрае надвор’е, і ападкі не перашкаджалі ў часе гэтых актыўнасцяў. Вярталіся ў дом, праўда, ужо ў суправаджэнні дажджу, але скаўты вельмі бадзёра перажылі гэтае выпрабаванне, сагрэўшыся адразу пасля гэтага цёплай гарбатай. Вечарам скаўты больш пазнаёміліся адзін з адным, паспявалі, а таксама старэйшыя распавялі малодшым пра цікавыя падзеі, удзельнікамі якіх яны былі. Таксама ксёндз Уладзімір правёў канферэнцыю пра Біблію, у прыватнасці распавёў пра важнасць удумлівага чытання і слухання Евангелля.

Раніцай трэцяга дня наступіў вырашальны этап ВСГ. Галоўнай мэтай, да якой хлопцы пачалі ісці яшчэ ў нядзелю, было знайсці мітрыл (каштоўны метал) для рэмонту кальчугі Фрода, якая сапсавалася.

Час ішоў, хлопцы змагаліся, і нарэшце кап’ё Арол стала пераможцам ВСГ. І скаўты, крыху стомленыя, разышліся падсумаваць выезд.

На заключным шыхтаванні коп’і-пераможцы атрымалі свае стужкі, а адзін з кап’явых — нашыўкі ўмеласцяў. Пасля гэтага над Тракелямі прагучала развітальнае Ad Mariam, і скаўты раз’ехаліся па сваіх дамах, чакаючы новых прыгодаў.

Тэкст: Андрэй Рамашка
Фота: Удзельнікі выезду

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.