Вось і скончыўся кастрычнік — месяц, асабліва прысвечаны малітве да Маці Божай на Ружанцы. Але ў маленькіх удзельнікаў нашай парафіі свая гісторыя яшчэ толькі пачынаецца. А ўсё таму, што менавіта месяц таму больш за 20 палаючых дзіцячых сэрцаў адкрылася на ініцыятыву стварыць ружу Жывога Ружанца, каб падзякаваць Марыі за дар гэтай малітвы і прысутнасці Маці Божай у нашым жыцці.
Варта адзначыць, што дзяцей нам трэба было знайсці вельмі хутка: у нас быў усяго адзін дзень, і ўсё атрымалася!
На пачатку мы з ксяндзом Уладзімірам правялі сустрэчу, на якой больш падрабязна расказалі дзецям пра Жывы Ружанец і вартасць гэтай малітвы. Таксама кожны змог падзяліцца, чаму ён захацеў увайсці ў ружу. Было вельмі класна чуць ад маленькіх дзяцей такія дарослыя і мудрыя адказы. Напрыклад, Андрэй Шымак падзяліўся, што ён ужо мае адказнасць маліцца адну таямнічку кожны дзень за ненароджанае дзіцятка і ў яго нядрэнна атрымоўваецца, таму ён гатовы ўзяць яшчэ адну таямнічку і несці яшчэ больш адказнасці. А Барбара Рамановіч падзялілася, што нават адразу вельмі засмуцілася, што не падыдзе па ўзросце, але калі даведалася, што, маючы вялікае жаданне, усё ж такі зможа ўвайсці ў ружу, то вельмі абрадавалася. Дарэчы, самая малодшая ўдзельніца зараз ходзіць у 2 клас.
Таму ўжо пасля сустрэчы мы з ксяндзом Уладзімірам былі амаль што ўпэўнены, што ружа застанецца не толькі на месяц, але і надаўжэй. На спатканні мы таксама выбралі нашу першую інтэнцыю, у якой дзеці маліліся праз увесь кастрычнік. Удзельнікі вельмі горача падтрымалі адну з ідэй — маліцца за Ваню, нашага парафіяніна, які зараз хварэе на рак. А заступніцай ружы маленькіх удзельнікаў стала маленькая Тэрэзка з Лізьё, успамін якой якраз прыпадаў на 1 кастрычніка.
І вось напрыканцы месяца мы зноў сабраліся разам, каб падвесці вынікі і вырашыць, што рабіць далей. Нашыя з ксяндзом здагадкі апраўдаліся: амаль што ўсе дзеці засталіся далей маліцца ў Жывым Ружанцы. Інтэнцыяй на лістапад мы абралі малітву аб супакоі ў свеце і спыненні вайны.
Вельмі радасна бачыць такія запаленыя маладыя сэрцы. Гаворачы ад сябе, магу дадаць, што я ўводзіла Ружанец у сваю штодзённасць таксама праз такія першыя невялічкія таямнічкі як удзельніцы Жывога Ружанца. Як я кажу, праз такія невялікія таямнічкі потым нараджаецца вялікая любоў да гэтай малітвы і да Маці Божай. Таму заўсёды маю надзею, што і іншыя людзі змогуць адкрыць у сабе такую любоў. Таму хвала Пану Богу і Маці Божай за нашую новую ружу і за нашых цудоўных дзяцей!