З 4 па 9 ліпеня дзеці Эўхарыстычнага руху маладых разам з ксяндзом Андрэем і сястрой Назарыяй адправіліся ў Слуцк, каб правесці гэты час разам з Богам і бліжнім.
Нас гасцінна прынялі айцы францішкане і сёстры ядзвіжанкі, якія не толькі гатавалі нам смачную ежу, але і таксама бавілі з намі час, гулялі, спявалі і праводзілі экскурсіі па горадзе.
Праз гэтыя дні дзеці вучыліся практычнай падрыхтоўцы да Святой Імшы: самі пісалі малітву вернікаў, каментарыі да розных частак Літургіі, чыталі чытанні і спявалі псальмы, а таксама больш пазнавалі пра перажыванне першых чацвяргоў, пятніц і субот месяца, сумесна праводзілі адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, а часам далучаліся да парафіяльнай адарацыі.
Быў час, каб пашпацыраваць па горадзе, схадзіць у музей «Слуцкіх паясоў», пакупацца ў рэчцы, наведаць царкву, пасмажыць каўбаскі на вогнішчы з меснай моладдзю, пааблівацца вадой, пагуляць у розныя гульні і крыху адпачыць.
Шчыра дзякуем усім арганізатарам выезду за гэтую магчымасць і заўсёды чакаем новыя сэрцы ў нашай супольнасці!