
Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога дзеці Эўхарыстычнага Руху Маладых разам з бацькамі сабраліся на Святой Імшы а 10.30 у нашай каплічцы, каб супольна памаліцца і падзякаваць Богу за пражыты фармацыйны год.
Супольнасць актыўна ўдзельнічала ў літургіі: удзельнікі ўзялі на сябе адказнасць за чытанне, малітву верных, працэсію з дарамі.
Пасля малітоўнай часткі ўсе адправіліся ў Ляскоўку: там усіх чакалі цікавыя гульні, дзіцячая пляцоўка, батут і, канешне ж, пікнік са шматлікімі смачнасцямі і каўбаскамі. Вельмі класна, што, нават нягледзячы на тое, што ЭРМаўцы маглі не ведаць брацікаў, сястрычак і бацькоў іншых удзельнікаў, атмасфера была вельмі прыемная і дружалюбная.
























Цікава адзначыць таксама тое, што нядаўна частка дзяцей разам з сястрой Назарыяй былі запрошаны на Радыё Марыя, дзе супольнасць малілася на Ружанцы. Маліліся за нашыя сем’і, аб супакоі ў свеце і спыненні вайны, а таксама аб пашырэнні ЭРМ на Беларусі.








Дзякуем Добраму Богу, што была магчымасць сабрацца разам на малітву ў суботу і нядзелю, а таксама сумесна правесці час, несучы радасць і любоў адно аднаму.



