На выходных перад святам Божай Міласэрнасці «Эўхарыстычны Рух Маладых» здзейсніў свой вясенні выезд. Месцам трохдзённага супольнага прабывання стаў гасцінны Гудагай.
На выезд адправіліся дзве групы: тая, якая стварылася ў гэтым фармацыйным годзе, і тая, якая існуе ўжо другі год. Для абедзвюх груп гэты выезд стаў новым этапам. Малодшыя ўдзельнікі, якія на працягу года прыходзілі на спатканні, былі ўрачыста прынятыя ў ЭРМ, атрымалі свае жоўтыя гальштукі і значкі. Старэйшыя ўдзельнікі атрымалі поўны Новы Запавет, спецыяльна распрацаваны для дзяцей і моладзі, з рознымі каментарыямі і заданнямі, якія дапамагаюць лепш зразумець сэнс прачытанага.
Дні праходзілі спакойна, хоць і вельмі насычана. Сваімі ўражаннямі дзеляцца некалькі дзяцей.
Улад Зубок кажа: «Выезд мне вельмі спадабаўся! Але калі коратка, то асабліва спадабаліся нашыя шпацыры па вёсцы, вясёлыя гульні, катэхезы ксяндза Андрэя пра Божае Слова. Таксама спадабалася збіраць урывак з Евангелля, хоць гэта было і не вельмі проста. Вечарам мы глядзелі цікавы фільм. У мяне засталіся добрыя ўражанні ад выезду. Адзінае, што хацелася б, — гэта каб ён доўжыўся больш дзён!»
Ангеліна Забудская дзеліцца: «Больш за ўсё на гэтым выездзе мне спадабаліся людзі. Кожны чалавек застанецца ў маім сэрцы. Было вельмі цёпла і ўтульна, як дома.
Пасвячэнне ў ЭРМ выдалася для мяне вельмі хвалюючым, бо гэта вялікі гонар і адказнасць, бо я станаўлюся яшчэ бліжэй да Бога. Але нягледзячы на ўсё вышэйпералічанае гэта падзея не можа быць не радаснай.
Ксёндз Андрэй як заўсёды распавёў шмат цікавага і новага (прычым зусім не занудна). Вялікі дзякуй за атрыманыя веды і цікавае заданне па складанні тэксту са слоў. Таксама дзякуй за ўтульны дом, за займальныя гульні, за прыняцце ў ЭРМ, за смачную ежу, а яшчэ за цудоўнае віншаванне з днём нараджэння!»
Таксама ў нядзелю ўсе павіншавалі з імянінамі і днём нараджэння нашу сястру Назарыю.
Дзякуем Добраму Богу за магчымасць правесці такі выезд, за ўсіх тых, хто клапаціўся аб падрыхтоўцы і правядзенні, і за тое, што ёсць, для каго праводзіць!