4 красавіка ў нашай парафіі 8 хлопчыкаў былі прынятыя ў міністранты. Падчас Святой Імшы яны склалі абяцанні і з рук кс. пробашча Алега Шпеця атрымалі комжы і пасведчанні міністранта. Новыя міністранты ўпершыню былі адказныя за служэнне пры алтары.

Як зазначыў апякун Літургічнай Службы Алтара кс. Уладзімір Марушэўскі, хлопцы сустракаліся з верасня амаль кожную пятніцу і рыхтаваліся да міністранцкага служэння. Дапамагаў у гэтым лектар Багдан Сырыца. Кандыдаты здалі тэарэтычны і практычны іспыты і былі дапушчаныя да служэння пры алтары.

Таксама чатыры міністранты аднавілі свае абяцанні і атрымалі новыя пасведчанні, згодна з якімі яны могуць служыць наступныя пяць гадоў.

«Аднойчы мы з мамай былі на Святой Імшы і сядзелі на першай лаўцы. Я ўважліва назіраў за міністрантамі. Спадабалася тое, што яны робяць, як служаць на Святой Імшы. Пасля гэтага мне захацелася быць міністрантам. Мне вельмі падабаецца маё служэнне, і я спадзяюся, што буду служыць добрасумленна, каб быць прыкладам для іншых хлопцаў», — падзяліўся сваімі думкамі новы міністрант Аляксей Слесарчук.

Тэкст i Фота: Вадзім Крывенькі

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.