28-30 сакавіка міністранты нашай парафіі ўдзельнічалі ў рэкалекцыях, падчас якіх разважалі над адным з правілаў міністранта: «Міністрант вядзе барацьбу са сваімі недахопамі і працуе над сваім характарам». Першыя два дні праходзілі ў Слуцку разам з міністрантамі мясцовай парафіі св. Антонія. Варта адзначыць, што першая такая сустрэча адбылася на вясенніх канікулах мінулага года.
Разважанне над Божым Словам і малітва, катэхеза на абраную тэму і праца ў групах, конкурс літургічных ведаў і практыка служэння, супольны прагляд фільма, настольныя і актыўныя гульні, сумесныя пасілкі і ўзаемадапамога – на ўсё гэта быў свой час, які міністранты актыўна выкарыстоўвалі для свайго ўзрастання і будавання сяброўскіх адносін.
























На завяршэнне рэкалекцый нашая Літургічная Служба Алтара прыняла ўдзел у сустрэчы міністрантаў Мінска і Мінскага раёна, якая адбылася ў Архікатэдральным касцёле сталіцы.



