Шчыра дзякуем вам за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

17 студзеня (аўторак): успамін св. Антонія, абата
Жыў у ІІІ стагоддзі ў Егіпце. Паходзіў з багатай сям’і, але раздаў сваю маёмасць бедным і пасяліўся ў пустыні. Праз пэўны час да яго пачалі далучацца іншыя пустэльнікі. Разам са святым Паўлам Пустэльнікам распачаў арганізацыю манаскага жыцця на Усходзе. Памёр, маючы сто гадоў, перад смерцю наказаўшы вучням пахаваць яго таемна, каб пазбегнуць пасмяротнай агалоскі, аднак адразу пасля смерці яго пачалі называць «Вялікім».

21 студзеня (субота): успамін св. Агнешкі, панны і мучаніцы
Была зусім маладой дзяўчынай, калі ў другой палове ІІІ ст. прыняла ў Рыме мучаніцкую смерць за веру, прагнучы захаваць чыстасць. Папа Дамас ушанаваў яе песняй, а многія Айцы Касцёла праслаўлялі яе як прыклад хрысціянскіх цнотаў. Паводле старажытнага звычаю, у гэты дзень Папа пасвячае двух ягнятаў (agnus лац. – ягнё), з воўны якіх робіцца палій – знак улады арцыбіскупа.

1. Адбываецца душпастырская візітацыя сем’яў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы.
Падрыхтавацца да гэтага візіту належыць наступным чынам:

• Пажадана (па меры магчымасці), каб уся сям’я была дома.
• У адпаведным пакоі павінен быць падрыхтаваны стол, на якім будзе стаяць крыж альбо абраз, запаленая свечка, а таксама асвечаная вада.
• У часе візіту належыць выключыць кампутар і іншыя аўдыё і відэа прылады.

Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.

2. Сёння ў нашай парафіі, адбудзецца «БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ». Пачатак а 15.00 у парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску. Рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца а 14.00.

3. З 18 па 25 студзеня ў хрысціянскіх Цэрквах праходзіць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян.

4. Папа Францішак у 2019 годзе устанавіў «Нядзелю Божага Слова» і запланаваў, што гэта будзе асаблівы дзень прысвечаны ўрачыстай цырымоніі, роздуму і распаўсюджванню Слова. Нядзеля Божага Слова з’яўляецца добрым спосабам, каб дапамагчы людзям «абудзіць разуменне аўтарытэту Святога Пісання ў жыцці кожнага веруючага».
Адказваючы на заклік папы Францішка, запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у Першым Мінскім Біблійным Марафоне. Што для гэтага трэба зрабіць? Запоўніць адпаведную форму. Пасля вы атрымаеце адзін раздзел Бібліі, які трэба прачытаць у любы час на працягу нядзелі 22 студзеня 2023 года, падумаць пра тое, што Бог мне хоча праз Слова сказаць і падзяліцца гэтым з другім чалавекам. Падрабязнасці і форма тут.

5. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да святога Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.